ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Як прасіць Бога аб дапамозе?

На шляху да святасці

Задумаемся на хвілінку, з якой мэтай мы найчасцей звяртаемся да Бога ў сваіх малітвах? Калі на гэтае пытанне адказаць шчыра, дык атрымаецца, што часцей за ўсё мы аб нечым просім. Менавіта прашэнне для многіх з’яўляецца галоўнай функцыяй малітвы. На вялікі жаль, многія трактуюць Усявышняга як адказнага за ўсё, што адбываецца ў іх жыцці, і не думаюць пра наступствы сваіх рашэнняў і ўчынкаў.
У Бога на ўсе нашы просьбы сваё меркаванне
    Я прасіў Бога, каб ацаліў маё хворае дзіця. Ён адказаў: “Не. Яго душа не з’яўляецца хворай, а цела… яно часовае”.
    Я прасіў Бога, каб адарыў мяне большай цярплівасцю. Ён адказаў: “Не. Цярплівасць нараджаецца праз пакуты. Гэтую якасць нельга атрымаць, яе трэба зарабіць”.
    Я прасіў Бога, каб даў мне шчасце. Ён адказаў: “Не. Я даю табе бласлаўленне, а шчасце залежыць ад самога цябе”.
    Я прасіў Бога, каб развіў мой дух. Бог сказаў: “Не. Трэба развівацца самастойна. Але я буду кідаць табе пад ногі камяні, каб тваё развіццё было больш інтэнсіўным”.
Я прасіў аб ласках, якія б дазволілі мне цешыцца жыццём. Бог сказаў: “Не.
    Я даю табе жыццё, каб ты мог атрымліваць задавальненне ад разнастайных дабротаў”.
    Я прасіў Бога, каб дапамог мне любіць усіх так, як Ён любіць мяне. Бог сказаў: “Ах, нарэшце ты зразумеў”.
    Гэты тэкст з’явіўся на адным з хрысціянскіх форумаў. Ён дапамагае зразумець, што прасіць Бога нашмат складаней, чым можа здавацца на першы погляд. Нібы ўсё павінна быць простым... Нечага хочацца, дык просім аб гэтым: аб вырашэнні нейкіх жыццёвых пытанняў, аб здароўі, дабрабыце, даўгалецці… Сапраўды, вельмі часта трактуем Бога як чараўніка, які ў адзін момант можа рэалізаваць нашы прыватныя “захцянкі”.
    Але не заўсёды атрымліваем тое, чаго прагнем. Тады думаем, што Бог не чуе нашу малітву ці такім чынам карае за нейкія правіны.
    Увесь час хочам атрымліваць. Можа, у гэтым і няма нічога дрэннага, бо, урэшце рэшт, усё жыццё заснавана на жаданнях. Праблема ў тым, што не просім належным чынам.
   
    Уменне прасіць – гэта мастацтва
    Самым простым і найбольш распаўсюджаным спосабам просьбы
    аб дапамозе з’яўляецца малітва. Ведаем, што яна мае вялікую моц. Нават спантанная, прыдуманая самастойна. Праз малітву шчыра адкрываем Богу ўсе нашы думкі і намеры.
    Пасля наступае 2-гі, больш складаны этап. Гэта канкрэтныя дзеянні, мэта якіх заключаецца ў рэалізацыі прагненняў. Бог дзейнічае праз інструменты, якімі з’яўляюцца нашы ўласныя рукі. Каб мець добры рэзультат, трэба шмат працаваць. Іншага шляху няма.
    І, урэшце, 3-ці этап – гэта падзяка. Калі атрымаеш тое, аб чым прасіў, падзякуй, тады Тваё жыццё стане радасным, гарманічным і шчаслівым.
    Бога можна прасіць і аб штодзённых патрэбах, і аб духоўных, але “найперш трэба шукаць Валадарства Божае ды праўду яго, і гэта ўсё будзе вам” (Мц 6, 33). Таксама трэба памятаць аб тым, што любая малітва-просьба павінна суправаджацца словамі “калі на тое будзе воля Твая”. Тады гэта сапраўднае прашэнне, а не непаважлівая спроба прымусіць Бога што-небудзь зрабіць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.