ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Станьма сведкамі вялікіх спраў!

Слова рэдактара

 У маі прырода поўнасцю абуджаецца ад зімовай спячкі. Усё навокал пакрываецца зелянінай. На палях сонечным адценнем расцвітае рапс, на лугах з’яўляюцца дзьмухаўцы. Квітнеюць ландышы, цюльпаны, бэз... Абуджанае ўваскрасеннем Пана жыццё прыносіць радасць усім стварэнням на зямлі.
    Месяц май з незапамятных часоў прысвечаны Маці Божай. Мы бачым кранальнае сведчанне веры і любові людзей, якія збіраюцца не толькі ў касцёлах, але таксама каля прыдарожных капліц і ў дамах, каб спевам праслаўляць Найсвяцейшую Панну Марыю. Гэтае набажэнства з’яўляецца гімнам хвалы ў Яе гонар. У Ларэтанскай літаніі праслаўляем Беззаганную ў разнастайных тытулах, адначасова просячы Яе, каб была для нас найлепшай Маці.
Ужо на працягу некалькіх гадоў першая нядзеля мая ў нашай дыяцэзіі з’яўляецца Днём маці – днём, прысвечаным першай і самай блізкай асобе, якая любіць чалавека, нягледзячы ні на што. Вернікі ў добрай памяці ўзгадваюць вобраз матулі – часам з усмешкай на твары, часам стомленай і смутнай, якая заўсёды чувае над сваімі дзецьмі. Таксама ў маі маленькія вернікі, апранутыя ў белае адзенне, са складзенымі ручкамі і засяроджанымі тварамі ўпершыню прымаюць у сваё сэрца Хрыста – Сына Найсвяцейшай Маці.
    Сёлетні май мае асабліва вялікае значэнне. У гэты час перажываем 100-ую гадавіну аб’яўленняў Марыі ў Фаціме. Прыгожая Панна, з’явіўшыся перад 3-ма маленькімі пастушкамі, перадала свету вельмі важныя словы: людзі павінны пакаяцца і паверыць у Евангелле Езуса Хрыста, павінны ахвяраваць сваі цярпенні для выратавання чалавецтва. Не могуць больш абражаць Бога, а на Яго любоў мусяць адказваць любоўю.
    Пазнаёміўшыся з фацімскім пасланнем, мы ўсведамляем, што гэта не толькі паведамленне аб будучым лёсе свету, але, у першую чаргу, канкрэтны заклік і падказка аб тым, што неабходна рабіць, каб абараніць свет ад няшчасця, а душу – ад пекла. Маці Божая звяртала ўвагу на тое, што ў малітве, асабліва ружанцовай, а таксама ў пакаянні і сістэматычнай споведзі і Эўхарыстыі заключаецца моц перамогі дабра над злом.
    У час змен, што адбываюцца навокал, калі адчуваем, што нам неабходна аднова і ўмацаванне веры, калі існуе спакуса паддацца знішчальнаму шэпту д’ябла, варта прыслухацца да голасу Марыі, якая просіць кожнага: “Прыйдзі да Мяне, даверся Майму Беззаганнаму Сэрцу; не губляй мужнасці, Я ніколі не пакіну цябе, Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім сховішчам і дарогай, якая прывядзе цябе да Бога” (Фаціма, 1917).
   
      Дарагія Чытачы!
    Няхай найпрыгажэйшы месяц у годзе, прысвечаны Маці Божай, будзе для нас заахвочваннем да годнага жыцця. Няхай кожны пачуе пасланне Марыі. З адкрытым сэрцам прымаючы Яе словы, станьма сведкамі вялікіх спраў, якія Пан Бог здзяйсняе ў душах вернікаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.