ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Віншавальныя словы для "Слова"

Ад шчырага сэрца

20-годдзе для каталіцкага выдання ў нашым кантэксце – вельмі знач- ная дата. “Слова Жыцця” было заснавана ў гады рэлігійнага рэнесансу. Тады патрэба ў інфармацыі пра жыццё Касцёла была высокай, але і праз гады калектыў не толькі здолеў утрымаць свайго чытача, але і заваяваць аўтарытэт сярод іншых каталіцкіх мас-медый. Важна не спыняцца на дасягнутым, бо “motus est vita”, што з латыні значыць “рух – гэта жыццё”. Калі правесці аналогію з роляй газеты ў сучасным грамадстве, можна дадаць: рух аўдыторыі да Бога – ёсць сэнс жыцця любога каталіцкага СМІ. А ў ХХІ стагоддзі гэта, магчыма, яшчэ больш актуальна, чым два дзесяцігоддзі таму. Папа Францішак лічыць, што каталіцкія СМІ маюць вельмі складаную місію – садзейнічаць камунікацыі паміж людзьмі і пашыраць культуру сустрэчы. Вядома, што гэта можа адбывацца толькі пры наяўнасці шчырасці і жадання гаварыць праўду, пры адсутнасці кан’юнктурнасці, замкнёнасці, страху, цэнзуры і стэрэатыпаў, якія падрываюць здольнасць да сапраўдных евангельскіх зносін чалавека з чалавекам, чалавека з Богам... Застаецца толькі пажадаць Вам, дарагія супрацоўнікі “Слова Жыцця”, быць мужнымі, каб гаварыць сумленна і свабодна, адкрытымі, каб слухаць і чуць, несучы слова Евангелля – слова хрысціянскага жыцця, само жыццё!

Паважаныя калегі! Шчыра віншуем Вас з нагоды 20-годдзя з дня заснавання газеты “Слова Жыцця”. Усяму калектыву рэдакцыі, шматлікім пазаштатным аўтарам выдання жадаем моцнага здароўя і творчага плёну. Няхай Вас ніколі не пакідае перакананне, што распачатая папярэднікамі справа моцна патрэбна сучаснікам дзеля хвалы Божай, дзеля перамогі дабра над злом, дзеля збаўлення чалавека. Няхай добры Пан дапамагае Вам знаходзіць годныя ўвагі тэмы, цікавых людзей, якія гатовы сведчыць аб прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Яшчэ раз са святам!

Дарагія калегі, з радасцю шчыра віншуем з юбілеем! Менавіта Вы былі сярод пачынальнікаў каталіцкіх медый у Беларусі, дапамагаючы не толькі сталаму пакаленню, але і моладзі крочыць за Хрыстом. І цяпер не спыняеце сваё развіццё, прысутнічаеце ў інтэрнэце. Жадаем трымаць марку, каб і мы, маладыя каталіцкія СМІ, маглі вучыцца ў Вас прафесіяналізму і адданасці справе Евангелізацыі. Божых дабраславенняў і плёну на нялёгкім шляху!

Слову Жыцця” – новага адкрыцця! Шаноўныя калегі, радасна, што ў гэты час вясновага абуджэння Вы адзначаеце свой прыгожы, малады юбілей 20-годдзя, атулены нястомнаю, чулаю і міласэрнаю апекаю Маці Божай. Гэты юбілей дае шмат надзей. Пацвярджае Вашу жыццяздольнасць і запатрабаванасць, умацоўвае веру ў доўгую, шчаслівую будучыню і напаўняе творчай радасцю. Жадаем шчодрых Божых ласкаў, натхнёнага і плённага служэння “Слову Жыцця” на новыя і шчаслівыя дзесяцігоддзі. Малітоўна і творча Вас падтрымліваем.

Паважаныя калегі! Вось ужо 20 гадоў мы з Вамі разам супрацоўнічаем у Божай справе евангелізацыі нашай дыяцэзіі. Разам мы пераадолелі нямала перашкод і цяжкасцей, перажылі шмат радасных хвілін. Няхай добры Бог і далей бласлаўляе Вашу працу і дадае сіл, новых творчых ідэй, а таксама адорвае пачуццём задавальнення і радасці ад служэння Яму. З Юбілеем, дарагія сябры!

Заўсёды захапляліся працавітасцю рэдакцыйнай калегіі, якая клапоціцца ажно пра дзве версіі выдання: беларускамоўную і польскамоўную. У сувязі з юбілеем 20-годдзя хочам пажадаць супрацоўнікам паспяховага творчага пошуку і няспыннага развіцця. Можа, варта было б задумацца пра шырэйшую тэрыторыю распаўсюджвання газеты? Упэўнены, што многім вернікам Віцебскай дыяцэзіі было б цікава даведацца, чым жывуць католікі Гродзеншчыны. Са святам, дарагія сябры!

Паважаны кс. Юрый і ўвесь калектыў газеты “Слова Жыцця”! Віншуем рэдакцыю з юбілеем. На працягу 20-ці гадоў “Слова” нясе евангельскую вестку шырокай аўдыторыі. Гэтая важная справа распачыналася ў час адраджэння веры ў нашай краіне, калі людзі мелі патрэбу ў катэхізацыі і рэлігійнай адукацыі. Жадаем, каб выданне і далей знаходзіла новых чытачоў, было прасвятленнем для тых, хто яшчэ не знайшоў дарогу ў святыню. Натхнення ўсяму калектыву на кожны дзень!

Гаворачы пра ролю інфармацыі, Святы Айцец Ян Павел ІІ нагадвае словы з Кнігі Прыпавесцяў: “Як глыток халоднай вады для прагнучага горла, так добрая навіна з далёкай краіны” (Прып 25, 25). Ён пазначае, што асабліва вялікае значэнне мае пераказ інфармацыі пра Добрую Навіну: “Гэта важна гэтак жа, як важна для чалавека ў дарозе крыніца жывой вады ў пустыні”. Магчымасць сацыяльнай камунікацыі павінна спрыяць адзінству і развіццю ўсёй чалавечай сям’і. На працягу 20-ці гадоў “Слова Жыцця” імкнулася рэалізаваць гэтае адказнае і важнае заданне, якое Касцёл даверыў рэдакцыі. З гэтай нагоды “Радыё Марыя”, якое толькі распачынае сваю дзейнасць у Беларусі і робіць першыя крокі на шляху, па якім ужо 20 гадоў пілігрымуе “Слова Жыцця”, віншуе шаноўную рэдакцыю і ўсіх чытачоў з юбілеем. Дзякуем Усемагутнаму за гэты дар, якім з’яўляецеся для супольнасці Касцёла ў Беларусі. Жадаем далей ахвярна служыць Богу і людзям, несучы ў іх жыццё святло Добрай Навіны, каб праз гэта кожны мог наблізіцца да Пана і іншага чалавека. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя атуляе вас усіх сваёй апекай. Аддзяч Божа!

Шаноўная рэдакцыя, аўтары і чытачы “Слова Жыцця”! Шчыра віншуем Вас з 20-годдзем! Аказваецца, мы з Вамі равеснікі, бо ў гэтым годзе нам таксама спаўняецца 20. З нагоды гэтага прыгожага юбілею жадаем, каб Слова, якое нясеце ў свет, якім наталяеце смагу людзей, заўсёды жыло ў Вас. Будзьце моцныя Ім! Божага бласлаўлення на штодзень

Дзякуй Богу, што такая газета ёсць. Дзякуй Богу за ўсіх людзей, якія прычыняюцца да гэтай справы. Усе яны ўкладваюць не толькі свой розум, але і сэрца, што самае важнае. Дзякуй і ўсім тым, хто чытае газету. Варта ведаць, як будуецца Валадарства Божае на зямлі. Гэта першачарговая задача каталіцкай прэсы. Няхай Маці Вастрабрамская, выява якой знаходзіцца на тытульным лісце выдання, атуляе сваёй апекай чытачоў і рэдакцыю. Няхай “Слова Жыцця” існуе і далей не 20 гадоў, а хаця б 200! Няхай Слова будзе сапраўдным для чытачоў, а рэдакцыі прыносіць радасць з таго, што праз газету хтосьці паглыбіў сваю веру, а можа нават і знайшоў.

Вельмі сардэчна і шчыра віншуем Вас з 20-годдзем і зычым папулярнасці ў народзе. Хай чытаюць людзі “Слова”, што жыццю дае аснову… Зычым шчодрай ласкі Божай, журналісцкай долі гожай. Хай расце штодня наклад, хай усюды будзе лад. Дарагія сябры, і надалей годна ў Гродна “Слова Жыцця” нясіце, нястомна і верна Богу служыце!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.