ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вымераць духоўны ўзрост

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра паказчыкі ўзросту, працягласць і шырыню жыцця. Задумаемся над вяршыняй існавання і хуткаплыннасцю часу.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Слава юнакоў – сіла іхняя, а ўпрыгожванне старых – сівізна” (Прып 20, 29)
   Кожны ўзрост мае свае перавагі, валодае асаблівым хараством і прывабнасцю. Такім чынам, любы перыяд у жыцці чалавека аднолькава каштоўны і значны. І маладым, і старэйшым варта адносіцца адзін да аднаго з павагай і разуменнем: хтосьці – мацнейшы, а хтосьці – мудрэйшы.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб людзі пажылога ўзросту, якія апынуліся на перыферыі жыцця і адзінокія, знаходзілі падтрымку і нагоду для сустрэч, у тым ліку ў вялікіх гарадах
   Людзі ў пажылым узросце, як правіла, сыходзяць з працы на заслужаны адпачынак і часта застаюцца сам-насам з сабою. Таму яны як ніколі патрабуюць чуласці, спагадлівасці. Папа Францішак заклікае свет агарнуць пажылых людзей увагай і падтрымаць іх сваёй малітвай.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    узрост
   Невыпадкова паняцці “ўзрост” і “ўзрастаць” маюць адзін і той жа корань. Адсюль і прамая залежнасць: з гадамі чалавек імкнецца ўгору, на вяршыню. Для гэтага кожны дзень прапануе яму новыя магчымасці.
    Лічбавы паказчык нагадвае чалавеку, колькі часу ўжо за плячыма. Але важна іншае – наколькі якасна выкарыстаны адведзены Богам час. Неабходна ўсведамляць: Усявышні адмераў кожнаму з нас працягласць жыцця, але толькі ад нас саміх залежыць яе шырыня.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    вымераць духоўны ўзрост
   Духоўнае жыццё чалавека пачынаецца ад моманту хрышчэння і залежыць ад індывідуальных фактараў рэлігійнага развіцця: прыняцця сакрамантаў, чытання Святога Пісання, малітвы, здзяйснення добрых учынкаў і г. д. Каб вызначыць узрост душы, неабходна адчуць, наколькі яна напоўнена святасцю. Бо вымяраецца духоўны ўзрост не лічбамі, а блізкасцю да Бога.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    выкарыстаць удабрэнні для духоўнага росту
   Каб заўважна прыбавіць у росце душы, яе неабходна падкарміць. І зрабіць гэта праз удасканаленне таго, што горш за ўсё атрымліваецца. Мінаючы цяжкасці, душа ўзбагачаецца. І чым мацнейшыя перашкоды, тым больш адчуваецца ўнутраны рост.
    Варта разумець, што ў духоўным жыцці нельга стаяць на месцы. Таму калі чалавек не ўзрастае, значыцца, ён дэградуе. Спыніцца ў духоўным развіцці немагчыма.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Як людзі растуць. Асновы духоўнага росту”, Генры Клауд,  Джон Таунсэнд
   У кнізе падрабязна апісаны ўсе складнікі і неабходныя ўмовы духоўнага росту. Пералічваюцца канкрэтныя крокі, якія неабходна зрабіць, каб узрастаць духам і пры тым бачыць вынікі гэтага ў паўсядзённым жыцці.
    Аўтары маюць вялікі вопыт хрысціянскага кансультавання. Кніга напісана простай і зразумелай мовай.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Даражыце часам”, Набат
   “З кожным днём мы трошкі старэем...”, – пачынае песню выканаўца. І запэўнівае, што чалавек, на жаль, не ўмее шанаваць час. Гады ляцяць неспакойна. Часам іх запаўняюць “гультайства, бестурботнасць і пустая слоўная муць”. “Колькі часу канула ў вечнасць, паспрабуй хоць хвіліну вярнуць. (...) Мітусню ты адкінь і сумненні, прысвяці трохі часу Хрысту”.

АСОБА МЕСЯЦА:

    святы Францішак
   Францішак Карачыёла нарадзіўся ў 1563 годзе ў Віла-Санта-Марыя (Італія). З дзяцінства вылучаўся глыбокай набожнасцю. Ва ўзросце 22-ух гадоў смяртэльна захварэў і склаў абяцанне, што калі перажыве аздараўленне, прысвеціць сябе Богу.
    Вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце ў Неапалі. У 1581 годзе прыняў святарскае пасвячэнне і адразу ж уступіў у брацтва святароў, мэтай якога была апека над вязнямі і катаржнікамі. Разам з некалькімі падобнымі да яго энтузіястамі накіраваўся ў пустэльню ў Камалдолі. Там узнікла ідэя заснавання новай манаскай сям’і. Папа Сікст V у 1588 годзе зацвердзіў статут, а разам з тым і новы ордэн Канонікаў Рэгулярных Меншых. Першыя яго пляцоўкі ўзніклі ў Італіі і Іспаніі.
    Францішак памёр 4 чэрвеня 1608 года, пілігрымуючы ў санктуарый Маці Божай у Ларэта. Падчас яго пахавання здарылася цудоўнае ацаленне чалавека ад смяртэльнай хваробы. Францішка беатыфікаваў папа Клямент XIV у 1770 годзе, а кананізаваў папа Пій VII у 1807 годзе.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў чэрвені?
   Св. Францішак (4 чэрвеня),
    св. Паўліна (6 чэрвеня),
    св. Максім (8 чэрвеня),
    св. Дзіяна (10 чэрвеня),
    св. Антоній (13 чэрвеня),
    св. Іаланта (15 чэрвеня),
    св. Альберт (17 чэрвеня),
    св. Аліцыя (21 чэрвеня),
    св. Ян (22 чэрвеня),
    св. Кірыл (27 чэрвеня),
    свсв. Пётр і Павел (29 чэрвеня).

   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.