ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Завяршыўся кангрэс ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

З жыцця Касцёла

У прысутнасці ганаровых гасцей на чале з гродзенскім біскупам вернікі ідуць у працэсіі, праслаўляючы Хрыста

Мерапрыемства завяршылася 26 мая шматтысячнай працэсіяй вернікаў па вуліцах Гродна. Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, у межах якога адбываліся канферэнцыі, адарацыі, святыя Імшы і канцэрты, стаў агульным выразам падзякі за ўсе ласкі, якія Гродзенская дыяцэзія атрымлівала на працягу 25-ці гадоў свайго існавання.
У гродзенскай катэдры была адпраўлена св. Імша, падчас якой вернікі супольна з біскупамі, святарамі, манаскімі сёстрамі дзякавалі Богу за Гродзенскі Касцёл, за яго адраджэнне, а таксама Божае бласлаўленне і ўсе ласкі, якімі Усемагутны на працягу 25-ці гадоў адорвае дыяцэзіяльную супольнасць. Дзякавалі за ўсіх духоўных і свецкіх асоб, якія сваёй паслугай і працай, ахвярай і малітвай паспрыялі адраджэнню і развіццю Касцёла на Гродзеншчыне. Урачыстае набажэнства ўзначаліў папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі.
    На пачатку св. Імшы да прысутных звярнуўся ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што нашыя продкі далі прыгожае сведчанне вернасці Хрысту, захавалі і перадалі нам скарб жывой веры, за які мы дзякуем, адзначаючы 25-годдзе лакальнага Касцёла. Таксама біскуп падкрэсліў, што Эўхарыстыя – гэта школа міласэрнасці. Аднак такой жа школай з’яўляецца найноўшая гісторыя нашага Касцёла, а мы ўсе – яе сведкі. “Таму з удзячнасцю і сыноўскім даверам звяртаемся да нашага нябеснага Айца ў малітве і давяраем Яму наш Касцёл. Няхай з адвагай і мужнасцю ён ідзе ў будучыню, абвяшчаючы Хрыста, нашага адзінага Збаўцу”, – сказаў біскуп.
Затым кардынал Зянон Грахалеўскі зачытаў ліст да гродзенскага ардынарыя Аляксандра Кашкевіча ад папы Францішка і ўручыў срэбны памятны медаль з нагоды юбілею біскупскага пасвячэння.
Падчас працэсіі Божага Цела вернікі, адпаведна шматвекавой традыцыі, нясуць рухомыя алтарыкі, касцёльныя харугвы, падушачкі, сцягі, вялікі ружанец     “Стала і мудра кіруючы ажно да сённяшняга часу гэтым статкам, Ты паказваў дух адказнасці адносна ўсіх Тваіх вернікаў, асабліва ж адносна святароў і тых, хто рыхтуецца да святарства. Праз выхаваўчую дзейнасць і рознага роду лісты Ты выяўляў мудры клопат аб сапраўдным развіцці жыцця хрысціян і грамадства. Ты спрыяў росту сакраментальнага жыцця Тваіх вернікаў, выяўляў майстэрства ў пастарскіх справах і распараджэнні штодзённымі абавязкамі. У новай дыяцэзіі Ты ўстанавіў розныя структуры: курыю, семінарыю і новыя парафіі. Усім, асабліва бедным і нешчаслівым, нёс духоўнае суцяшэнне”, – гаварылася ў лісце папы Францішка.
    Пасля ўрачыстай св. Імшы па вуліцах горада прайшла шматтысячная працэсія Божага Цела. Ідучы ад катэдральнага да пабрыгіцкага, абернардынскага і францішканскага касцёлаў, вернікі спявалі рэлігійныя песні, маліліся і слухалі Евангелле. Такім чынам людзі розных узростаў публічна вызналі сваю веру ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, перапрасілі за грахі і падзякавалі Усявышняму за ўсе атрыманыя ласкі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.