ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Прыпынак – Езус

Слова рэдактара

Гледзячы на ўласнае жыццё, мы разумеем, што часам варта зрабіць прыпынак. Забеганыя, занепакоеныя, з запоўненай рознымі праблемамі і спосабамі іх вырашэння галавой, не можам знайсці сабе добрага месца ў гэтым свеце. У дадатку, наракаючы амаль на ўсё і ўсіх, мы тонем ва ўласным жыцці. Як бачна, чалавек у такой гонцы не заўсёды дае сабе рады. Часта не хапае часу нават на сустрэчу з блізкімі, адпачынак і іншыя вельмі важныя справы. А таму кожнаму з нас моцна патрэбны кароткі прыпынак, каб паразмаўляць аб жыцці. Узнікае пытанне: “Толькі з кім?”. Найлепш – з Богам. Паспрабуйма!
Такім прыпынкам для многіх з нас становіцца Касцёл, сам Пан Езус. Часам можна заўважыць людзей, якія ўваходзяць у касцёл, стараючыся ўсе свае клопаты пакінуць на вуліцы. А ў святыні ў супакоі, можа, нават з заплюшчанымі вачыма, укленчыўшы, яны размаўляюць з Богам. Гэты малітоўны час становіцца пэўным “бальзамам” для жыцця. Такая асоба ўсё ахвяруе Богу, пачынае па-іншаму думаць. У выніку, абдуманае дзеянне прыносіць шмат задавальнення і радасці. У такі момант чалавек адчувае вялікую любоў Стварыцеля, становіцца сведкам таго, што можна жыць інакш, лепш, разам з Богам.
    Лета дае нам мноства магчымасцей. Акрамя адпачынкаў, водпускаў і паездак, гэта яшчэ такі час, калі мы можам з многіх нагод – між іншым, падчас пілігрымак – зрабіць свой жыццёвы прыпынак і сустрэцца з Хрыстом. Пан Езус так нас палюбіў, што, дзякуючы Яму, мы можам мець вечнае жыццё. Гэта самае вялікае праяўленне любові Бога да чалавека. Варта задумацца, таму што гэта можа быць менавіта наш прыпынак на шляху зямнога пілігрымавання да Езуса.
    Святы Альфонс у адным са сваіх твораў піша пра т. зв. “праграму духоўнага жыцця”, узгадваючы, што кожны чалавек можа палюбіць Езуса Хрыста. Гэта дарога дасканалай любові. Ён запэўнівае, што “вялікай памылкай з’яўляюцца выказванні некаторых аб тым, што Бог не хоча, каб усе былі святымі. Бог хоча ўсіх мець святымі, і кожнага ў сваім стане: манаха як манаха, свецкага як свецкага, святара як святара, жанатага як жанатага, прадаўца як прадаўца, салдата як салдата”. Наш прыпынак можа называцца па-рознаму: Любоў, Вернасць, Святасць... Усё, што мы сустракаем на сваім шляху – вялікі Божы дар.
   
    Езус становіцца для нас не толькі дарогай, але і прыпынкам. Пасля таго, як адпачнём з Хрыстом, хадзем далей у сваёй зямной вандроўцы, каб не змарнаваць жыццё.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.