ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Ліда-Слабада

Парафіі і святыні

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Дэканат Ліда
Парафія пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гарадскім прадмесці Слабада была заснавана ў 1933 г. намаганнямі кс. Станіслава Мажэйкі. Так адрадзіўся тытул былой кармеліцкай святыні, якая некалі існавала ў Лідзе. Драўляны касцёл без стылёвых асаблівасцей пабудавалі на скрыжаванні вул. Райскай (цяпер Горкага) і Поўнай (не існуе). З таго часу святыня заўсёды дзейнічала, нават у савецкі перыяд, калі засталася амаль адзіным драўляным даваенным будынкам сярод новых цагляных і панэльных жылых пяціпавярховак. З 1922 г. пробашчу ў парафіі дапамагалі сёстры з Супольнасці Дачок Панны Марыі Беззаганай. Перад Другой сусветнай вайной парафія ў Слабадзе налічвала больш за 7000 вернікаў.

  Касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавую трохнефную базіліку. Цэнтральны неф пераходзіць у прэзбітэрый, алтарная сцяна якога мае невялікую трохгранную апсіду. Галоўны фасад фланкаваны грувасткімі чацверыковымі вежамі пад чатырохсхільнымі дахамі. Цэнтральны неф касцёла накрыты двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над тарцамі, бакавыя – аднасхільнымі з вальмамі над закрыстыямі. Касцёльны ўчастак абнесены драўлянай агароджай на бетонных слупках.
 
  Інтэр’ер драўлянага касцёла, падзелены на тры нефы чатырма парамі слупоў і перакрыты падшыўной столлю (плоскай у цэнтральным нефе і схільнай паніжанай у бакавых). Яго ўпрыгожваюць тры алтары: галоўны з фігурай Найсвяцейшай Панны Марыі, левы бакавы – св. Юзафа (наверсе абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі) і правы – св. Антонія (наверсе абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса). Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох парах слупоў, але зараз яны не выкарыстоўваюцца.
 
  У 1989 г. парафіяй сталі апекавацца айцы салезіяне. У 1993 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла з чырвонай цэглы ў стылі неаканструктывізму 1980-х гг. паводле праекта, які да гэтага ўжо быў рэалізаваны ў г. Пётркаў-Трыбунальскі (каля Лодзі, Польшча), а тут быў адаптаваны лідскім архітэктарам Васілеўскім. У 1997 г. парафія перайшла пад дыяцэзіяльную юрысдыкцыю. 7 снежня 2002 г. новазбудаваную святыню асвяціў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
 
  Новы касцёл у Слабадзе – гэта трохнефная безапсідная святыня, перакрытая адзіным двухсхільным дахам з металачарапіцы. Да алтарнай часткі, утвараючы з касцёлам адзінае цэлае, далучаны двухпавярховы аб’ём парафіяльнага цэнтра. Галоўны фасад святыні вырашаны чатырма ромбападобнымі ў плане вежамі-пілонамі, з якіх левая ад уваходу трошкі вышэйшая за іншыя і ў ёй змешчана званіца. Касцёльны ўчастак абнесены металічнай агароджай на бетонных слупках.
 
  Інтэр’ер новага касцёла падзелены на тры нефы чатырма парамі васьмігранных калонаў і перакрыты бетоннымі плітамі па маналітных бэльках. На алтарнай сцяне змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне, бакавыя нефы завершаны алтарнымі двух’яруснымі кампазіцыямі: злева – тытульная фігура Маці Божай Беззаганнага Зачацця і абраз св. Ганны наверсе, справа – св. Антонія і абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса наверсе. Арганныя хоры абапіраюцца на чатыры пары бетонных слупоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.