ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Учынак для душы бліжняга. Вучыць тых, хто не ведае

Практыкаванні ў міласэрнасці

Няма ў свеце чалавека, якому б ставала ведаў. Можна быць трохі дасведчаным ва ўсім або ведаць усё пра нешта канкрэтнае. На працягу жыцця чалавек імкнецца папоўніць багаж сваіх кампетэнцый, дазнацца пра штосьці новае, бо свет, у якім ён жыве, вялікі і складаны, а часам нават небяспечны.
    Згодна з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, вернік павінен дзяліцца сваімі ведамі з іншымі людзьмі. Другі ўчынак міласэрнасці для душы бліжняга – “вучыць тых, хто не ведае”. Што тут маецца на ўвазе? Веды, прафесійны досвед, практычныя навыкі?
    Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра навык духоўнага жыцця. Павучаць па-хрысціянску – значыць, адважна і нястомна раскрываць схаваныя і замаскаваныя пласты зла і граху, а таксама адкрываць людзей на Божую любоў і міласэрнасць. Вера патрабуе ад нас, каб, становячыся перад іншым чалавекам, мы жадалі яго дабра, хацелі бачыць яго шчаслівым, напоўненым радасцю і супакоем.
    Словамі “тыя, хто не ведае” ў грэчаскай мове акрэсліваюць людзей, якія не могуць выказацца, прычым маецца на ўвазе не толькі мова, але і ўсе іншыя спосабы выражэння сябе і ўстанаўлення кантакту з ішымі. У другім разуменні гэтае паняцце азначае таго, хто стаіць на пачатку дарогі і чакае, што хтосьці яго правядзе. Стаяць перад Богам як той, хто не ведае, – вось належная пастава хрысціяніна.
Парадаксальна, але аказваецца, што, каб павучаць, трэба спачатку самому стаць тым, хто не ведае, гэта значыць, маленькім, найменшым – чалавекам, які будуе сваё жыццё не паводле ўласных капрызаў, а ўважліва слухаючы, што яму гаворыць Бог.
    Сёння адказам на надзённы і ўвесь час актуальны выклік павучання тых, хто не ведае, з’яўляецца распачацце справы евангелізацыі, якая павінна абуджаць веру і служыць яе развіццю, весці да навяртання, спрыяць будаванню Касцёла і дапамагаць людзям дасягнуць збаўлення. Як належыць павучаць? Аналагічна, як і ў сітуацыі з настаўленнем грэшнікаў: далікатна, ясна, тактоўна. Той, хто павучае, не можа грашыць пыхай і ганарлівасцю: “Я ведаю, што лепш, таму слухай мяне”. Кропля пакорлівасці, асабліва ў такі далікатны момант, як павучанне брата, нікому яшчэ не пашкодзіла. Учынак міласэрнасці павінен здзяйсняцца ў мяккай форме, у атмасферы дабрыні і клопату. Важна мець цярплівасць, бо іншы чалавек не адразу ўсё можа ўспрыняць. Трэба імкнуцца коратка даносіць сваю думку. У адваротным выпадку лёгка заблытацца і згубіць саму сутнасць навучання.
    Вучыць тых, хто не ведае, трэба вельмі асцярожна. Незаўважна можна трапіць у пастку залежнасці да іншага чалавека: захапіцца павучаннем і ўскласці на сябе адказнасць за бліжняга на ўсё жыццё. Таму трэба памятаць, што вучыць – значыць прапанаваць іншую кропку гледжання, паказаць шлях, згодны з Божымі наказамі, але ніяк не імкнуцца прымаць рашэнне за чалавека, да якога звяртаемся.
    Павучанне можа здзяйсняцца як у вуснай форме, так і ў пісьмовай, можа адбывацца пры дапамозе любога сродка перадачы інфармацыі ці непасрэдна. Прымаць павучанні, роўна як і вучыць тых, хто не ведае, – гэта не толькі праяўленне чалавечых ведаў і мудрасці, але і Божы дар. Таму кожны раз перад тым, як здзейсніць учынак міласэрнасці, варта з даверам звярнуцца да Святога Духа.
    Узнагародай будзе душэўны супакой і прыемнае ўсведамленне таго, што мы былі камусьці патрэбнымі. Добра, калі гэта прынесла карысць у жыццё бліжняга. Мажліва, і перамены. Чым шырэй мы адкрыемся на чалавека, тым большы будзе плён. Як сцвярджаецца ў Кнізе прарока Даніэля, “тыя, што многіх прывялі да праўды, як зоркі – праз вякі і назаўсёды” (Дан 12, 3б). Духоўнае і маральнае ўзбагачэнне спрыяе ўзрастанню дабра ва ўсёй супольнасці і грамадстве.
   
5 прычын, каб здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Кожны чалавек пакліканы да годнага выкарыстання дару жыцця.
    2. Не трэба глядзець на ўсіх з падазронасцю, але цнота разважлівасці патрабуецца.
    3. Той, хто не ведае, – гэта асоба, якая чагосьці не ўсведамляе і патрабуе, каб хтосьці дапамог ёй разабрацца.
    4. Міласэрны хрысціянін не можа быць скупым на мудрасць.
    5. Быць міласэрным да іншых – значыць, даверыцца Міласэрнаму.

   
А. д-р Андрэй Шчупал CSsRКожны хрысціянін на падставе сакрамантаў святога хросту і канфірмацыі абавязаны навучаць, дзяліцца сваёй верай, словам, прыкладам хрысціянскага жыцця ў сваім асяроддзі. Гэтае навучанне асабліва важнае ў адносінах да рэлігійных невукаў і тых, хто духоўна згубіўся. Спачатку бацькі павінны навучаць сваіх дзяцей фундаментальным праўдам веры, пацвярджаючы іх сваім штодзённым жыццём. Такую ж ролю выконваюць бабулі і дзядулі, хросныя бацькі. Аб духоўным і рэлігійным жыцці клапоцяцца таксама катэхеты. Надзвычай важную ролю адыгрывае навучанне ў школе і ўніверсітэце, якое праводзяць прафесійныя педагогі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.