ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Не забыцца аб Найважнейшым

Слова рэдактара

Перыяд Вялікага посту для многіх з нас з’яўляецца часам інтэнсіўнага пошуку пастаноў. Вельмі часта гэты жэст нашай добрай волі адсоўвае Пана Езуса на другое альбо трэцяе месца. Спачатку мы шукаем такую пастанову, якую нам удасца выканаць. Безумоўна, перабіраючы цэлую “літанію” гэтых апошніх, мы, перш за ўсё, думаем, на што мы здольны і ці хопіць нам сіл. Шкала пошуку вельмі вялікая: пачынаючы ад абмежаванняў тыпу “менш салодкага”, “менш ежы і напояў”, заканчваючы дапамогай бліжнім і тым, каму гэта патрэбна.
Бывае таксама так, што мы глядзім на ўсе свае пастановы з перспектывы ўласнай асобы, задумваемся, ці будуць прынятыя рашэнні нам карысны, напрыклад: буду менш есці – пахудзею, не буду піць піва – зэканомлю грошы, дапамагу камусьці – можа, і мне гэтая асоба калісьці дапаможа і г.д. А дзе ва ўсім гэтым Пан Езус? Гэта ж Ён Найважнейшы. Ці не забываемся мы пра Яго, перажываючы перыяд Вялікага посту? Пад канец гэтага перыяду мы ўсё больш пачынаем сцвярджаць, што гэта мы пакутуем, мы посцім, а не Пан Езус. Так быць не можа. Гэта Хрыстос пакутуе за кожнага з нас, за тое, каб людзі былі шчаслівымі, за нашае жыццё, за ўсё, што мы маем. Любоў Бога да нас бязмежная. Менавіта падчас перыяду Вялікага посту мы асаблівым чынам можам гэта адчуць – любоў Збаўцы да стварэння. Прыгожа пра крыж як таямніцу любові Бога сказаў папа Францішак падчас аднаго са сваіх разважанняў: “Хрысціянства – гэта не філасофская дактрына, не праграма жыцця, каб вытрываць, каб здавацца выхаваным чалавекам, каб пагадніцца. Усё гэта рэзультаты веры.
Хрысціянства ж – гэта асоба: вынесеная на крыж асоба, якая знішчыла сябе, каб збавіць нас, зрабіла сябе грахом. Так, як у пустыні быў узвышаны грэх, тут узвысіўся Бог, які стаў чалавекам, а для нас стаў грахом. На крыжы былі ўсе нашы грахі. Немагчыма зразумець хрысціянства без усведамлення гэтага глыбокага прыніжэння Божага Сына, які прынізіў самога сябе і стаў слугой аж да смерці, і да таго ж, смерці на крыжы, каб служыць”, – падкрэсліў Пантыфік.
    Давайце паспрабуем не згубіцца ў сваіх пастановах. Не забудземся пра ўкрыжаванага Хрыста, які прысутнічае побач з намі. Не можа быць нашага посту, ёсць пост з Езусам. Варта пайсці па Яго слядах, таму што гэта сляды, якія вядуць у неба. Няхай кожная наша пастанова будзе такім “следам” да Езуса. Няхай гэтыя перажытыя 40 дзён прывядуць нас на Галгофу, дзе мы заўсёды будзем памятаць, хто з’яўляецца Найважнейшым для нас і нашага жыцця, дзе мы навучымся жыць. І не забудземся аб Найважнейшым...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.