ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Разгледзець у стварэнні Божы дотык

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Роўна пяць гадоў таму ў газеце “Слова Жыцця” выйшаў першы нумар моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. З гэтай нагоды хочацца падзякаваць усім і кожнаму з Вас асабіста за ўдзел у рэфлексійных спатканнях на моладзевай пляцоўцы. Дзякуючы Вам, рубрыка існуе і развіваецца да сённяшняга дня.
    Ёсць прапанова паразважаць на тэму пад назвай “На скрыжаванні”: што для Вас асабіста значыць гэты выраз, як Вы яго разумееце. Дасылайце свае разважанні ў рэдакцыю. Найбольш цікавыя лісты будуць адзначаны прызамі.
    У сённяшнім нумары задумаемся пра бескарыслівы дар, задуму стварэння і веліч Усявышняга. Даведаемся, як спазнаваць Божы Дух, дзе ўбачыць праявы розуму Усемагутнага і навошта быць умераным і ашчадным.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн” (Рым 11, 36).
   Як лаканічна і праўдзіва апостал Павел перадаў думку аб дасканалым сусвеце! У кожным стварэнні – подых Усявышняга. Ён – Валадар усяго існага, Той, каму ўсё падуладна і каго ўсе павінны праслаўляць.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб мы клапаціліся пра створаны свет, які атрымалі як бескарыслівы дар, каб даглядаць і захоўваць яго для будучых пакаленняў
   Свет – найкаштоўнейшы дар, які мы атрымалі ў спадчыну ад Бога. І толькі ад нас залежыць, у якім выглядзе яго ўбачаць наступныя пакаленні. Варта ставіцца да навакольнага свету ўважліва і ашчадна, не быць эгаістам і думаць пра перспектыву.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    сусвет
   Уважлівы чалавек не перастае здзіўляцца прыгажосці, складанасці і разнастайнасці навакольнага свету. Веруючы паўсюль бачыць праявы Боскага розуму. Больш за тое, Ён верыць, што Усемагутны Бог няспынна думае пра сваё стварэнне. А гэта сведчыць аб неабмежаванай сіле і мудрасці Творцы, аб Яго бясконцай велічы. Свет адкрывае нам мажлівасць спазнаваць Дух Божы, неад’емнымі элементамі якога з’яўляюцца міласэрнасць, любоў, усюдыіснасць, вечнасць... Такім чынам, да Бога – праз навакольны свет.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    нанова адкрыць свет
   Гэтым можна займацца бясконца. Нават самыя звычайныя штодзённыя паняцці, падзеі, з’явы маюць бяздонную глыбіню і, у канчатковым рахунку, становяцца неспасціжнымі.
  Некаторыя думаюць, што Божая справа недаступная, і нават не варта пра яе разважаць. На гэты конт адметна заўважыў адзін з аўтарытэтных хрысціянскіх філосафаў Кірыл Ерузалемскі: “Няўжо таму, што я не магу выпіць усёй ракі, не буду і ўмерана для карысці маёй браць вады з яе?”.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   разгледзець у стварэнні Божы дотык
   Кожная рэч у свеце згодна з Божай задумай мае сэнс і сваё прызначэнне. Калі не атрымоўваецца гэта ўбачыць, значыць розум яшчэ не гатовы ўспрымаць высокія ісціны. Адштурхнемся ад наглядных прыкладаў навакольнага свету. У маленечкай семечцы канцэнтруецца запас нябачнай энергіі, дастатковай для вырастання гіганцкага дрэва. Кожны зялёны ліст – гэта складаная “фабрыка”, якая выпрацоўвае кісларод. Плавальны пузыр рыб – апарат для рэгуляцыі глыбіні пагружэння ў ваду. Соты, якія майструюць пчолы, прызначаны для змяшчэння максімальнай колькасці мёду пры мінімальных затратах будаўнічага матэрыялу. Ці ўсё гэта не дзіўна?

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Без межаў” Віталій Яфрэмачкін
   Выканаўца спявае пра Бога – вялікага, усемагутнага і бязмежнага. “Толькі Ты, Гасподзь, варты глыбокай пашаны”, – акцэнтуе ўвагу слухачоў спявак. Ад імя ўсяго стварэння заклікае: “Больш няма ніякіх межаў, з Табой няма ніякіх перашкод”. І праз песню з даверам аддае Богу сваё жыццё.

 ВІДЭАРОЛІК МЕСЯЦА:

   “Дзеці аб стварэнні свету” , grodnensis.by
   Другі па ліку ролік з удзелам дзяцей падрыхтаваў партал Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by. Маладыя вернікі разважаюць аб тым, як Бог ствараў сусвет і навошта нячысты спакушаў першых людзей, хто жыве ў раі і што трэба рабіць, каб туды трапіць. Непасрэдныя, шчырыя дзеці дзесьці прымушаюць усміхнуцца, а дзесьці – сур’ёзна задумацца.
 


Асвяты Павел МікіСОБА МЕСЯЦА:

    святы Павел Мікі
   Павел Мікі нарадзіўся ў 1565 годзе ў заможнай сям’і ў Кіота (Японія). Ва ўзросце 5 гадоў быў ахрышчаны. Хадзіў у школу, якой кіравалі езуіты. Праз 17 гадоў адказаў на ласку паклікання і далучыўся да гэтага ордэна. У 1597 годзе рыхтаваўся да прыняцця святарскага пасвячэння. Ужо дагэтуль на працягу некалькіх гадоў працаваў катэхетам, абышоў амаль усю краіну, навучаючы людзей асновам хрысціянскай веры, а таксама апрацаваў асноўны катэхізіс на японскай мове.
    Быў арыштаваны ў Кіота і разам з іншымі катаваны. З адрэзанымі вушамі і прычэпленым прыгаворам асуджаных вазілі па вуліцах горада. Убачыўшы натоўпы, што збягаюцца паглядзець, Павел прапаведаваў ім. Нават ужо будучы павешаным на крыжы, ён не перастаў заклікаць сваіх землякоў адрачыся ад памылак паганства. Праследавацелі, не жадаючы слухаць Паўла і баючыся, што яго мучаніцтва можа выклікаць новыя навяртанні, паспяшаліся забіць яго, прабіваючы цела мучаніка коп’ямі.
    Папа Урбан VIII беатыфікаваў мучанікаў з Нагасакі ў 1527 годзе, а папа Пій ІХ урачыста кананізаваў іх у 1862 годзе. Кроў многіх японскіх мучанікаў і сталасць у веры тых, хто пазбегнуў смерці, паспрыялі таму, што ў 1889 годзе ўлады гэтай краіны дазволілі свабодна вызнаваць каталіцтва. Дзень памяці святога Паўла Мікі – 6 лютага.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў лютым?
    св. Ганна (1 лютага),
    св. Жана (4 лютага),
    св. Павел (6 лютага),
    св. Схаластыка (10 лютага),
    св. Валянцін (14 лютага),
    св. Даніэль (16 лютага), св. Конрад (19 лютага),
    св. Пётр (21 лютага),
    св. Ізабэла (23 лютага),
    св. Аляксандр (26 лютага).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.