ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Хто прыдумаў споведзь? (1)

Хрысціянскія традыцыі

Святы Айцец Францішак у сувязі з абвяшчэннем Года міласэрнасці сказаў: “Я часта думаў пра тое, як Касцёл можа зрабіць больш відавочнай сваю місію сведкі міласэрнасці. Гэта шлях, які пачынаецца з духоўнага навяртання. З гэтай таксама прычыны я пастанавіў абвясціць Надзвычайны Юбілей, у цэнтры якога будзе Божая міласэрнасць. Гэта будзе Святы год міласэрнасці” (Bulla Misericordiae Vultus). Таму на працягу гэтага асаблівага года пры канфесіяналах будуць стаяць доўгія чэргі ў чаканні сакраманту Божай міласэрнасці. Пасля сваіх грэшных падзенняў вернікі прагнуць зноў вярнуць адзінства з Хрыстом і прымаць поўны ўдзел у жыцці вялікай сям’і Божых дзяцей – Касцёла.
Аднак можна сустрэць такіх людзей, якія ўжо на працягу многіх гадоў упорна жывуць у няволі сваіх грахоў і залежнасцей, не маючы намеру вызваляцца з іх. Жадаючы апраўдаць сябе перад іншымі і адначасова быццам бы супакоіць сваё сумленне, яны часта паўтараюць неабгрунтаваныя, шаблонныя фразы: “Навошта хадзіць да споведзі? Усё роўна гэта мне не дапаможа. Споведзь прыніжае годнасць чалавека, яна супярэчыць чалавечай натуры. Гэта ксяндзы прыдумалі споведзь. Я паспавядаюся непасрэдна перад самім Богам. Я ўжо даўно не спавядаўся і не буду, бо ў мяне няма ніводнага граху” і да т.п. Гэта вельмі фальшывыя і небяспечныя погляды. Яны сведчаць аб вялікім рэлігійным невуцтве і часта вынікаюць з адсутнасці ці знікнення рэлігійнага жыцця ў чалавека, які неабгрунтавана выказвае гэтыя погляды. Навучанне Хрыста абсалютна іншае. Неабходна ўважліва яго прааналізаваць.
Хрыстос распачынае сваю збаўчую місію, заклікаючы ўсіх да навяртання: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Адначасова Ён паказвае сябе як Той, хто мае ўладу судзіць і дараваць грахі, бо не прыйшоў, каб судзіць, але прабачаць і збаўляць (параўн. Ян 3, 17; Мц 9, 6). Ён шматразова пацвярджае гэта ў канкрэтных падзеях. Да паралітыка звяртаецца словамі: “«Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі». [...] «Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». Тады сказаў паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому»” (Мц 9, 2. 6). У доме фарысея Сымона Езус кажа пра грэшную жанчыну: “«Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла» [...] А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае»” (Лк 7, 47–49). Іншым разам Езус прабачыў грахі жанчыне, якую схапілі на чужалостве, грэх адрачэння Пятру, а таксама злодзею з крыжа. Да карыстання гэтай уладай Езус дапускае выбраных людзей, спачатку Апосталаў, а затым іх паслядоўнікаў, якія таксама самі паддаюцца нападам грахоў: “Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе. А што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 18, 18). Асаблівым чынам Ён звяртаецца да Сымона Пятра, свайго намесніка і адначасова першага Папы: “Я дам табе ключы ад Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 16, 19). У дзень уваскрасення Езус сустрэўся са сваімі вучнямі і звярнуўся да іх са словамі: “«Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца»” (Ян 20, 21–23). Гэтымі словамі Езус устанавіў сакрамант пакаяння і паяднання і даверыў уладу яго выканання Апосталам і іх паслядоўнікам. Гэтую місію Касцёл выконвае па сённяшні дзень, хоць спосаб яе рэалізацыі падлягаў пэўнай гістарычнай акамадацыі.
Працяг у наступным нумары

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.