Малітоўная зала ўнутры перакрыта плоскай падшыўной столлю, прэзбітэрый – цыліндрычным скляпеннем, таксама падшыўным. Над уваходам зроблены хоры на чатырох калонах. У касцёле тры двух’ярусныя алтары. Цудадзейны абраз (рымскай іканаграфіі, мастак невядомы) у пасрэбрана-пазалочанай шаце (упрыгожаны трыма каронамі з шляхетнымі камянямі – усяго 74 – і шматлікімі вотамі), які і сёння знаходзіцца ў галоўным алтары святыні, згодна з паданнем, быў намаляваны ў канцы XV ст. і ў 1595 г. прывезены з Вільні. Пазней, магчыма, пры аднаўленні кас-цёла ў 1680 г., абраз быў дапоўнены выявай св. Казіміра, які кленчыў на малітве (у 1782 г. пашкоджаны абраз быў падноўлены і наклеены на новае палатно; апошняя рэстаўрацыя адбылася ў 1991 г. у Варшаве). Шматлікія цуды перад абразом – ацаленне ад хвароб, вызваленне ад алкагалізму, дапамога ў цяжкіх справах – запісаныя з XVIII ст., адбываюцца і сёння. Паміж набажэнствамі цудадзейны абраз засланяецца абразом св. Ізідара. У другім ярусе галоўнага алтара знаходзіцца абраз Адведзінаў Паннай Марыяй св. Альжбеты. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Каятану з абразом св. Тэрэзы ў другім ярусе. Правы бакавы алтар – св. Юзафа, у другім ярусе змешчаны абраз Маці Божай Балеснай. Амаль цалкам захавалася гістарычнае размяшчэнне алтароў, нават з тых часоў, калі яны яшчэ былі аптычна намаляваны на сценах, толькі правы алтар да 1850 г. быў прысвечаны Езусу Бічаванаму.
![]()
Асобна ад касцёла пабудавана драўляная двух’ярусная каркасная званіца. Тут па-ранейшаму змешчаны старажытны звон, адліты ў 1754 г. майстрам Густавам Мёркам з Вільні. Побач з касцёлам, насупраць брамы, стаіць і капліца-пахавальня Брыгіты Шукевіч (+1803) з роду Пяніцкіх – васьмігранная, цагляная і атынкаваная святыня з рысамі класічнага стылю, перакрытая цыліндрычным скляпеннем і накрытая шатровым дахам. У нішы алтара змешчана Укрыжаванне. Капліцу ўлады загадалі зачыніць у 1870 г. Напрыканцы ХХ ст. яна выкарыстоўвалася як старожка, была зроблена нават грубка з трубой, сёння ў капліцы проста склад. У 1997 г. перад касцёлам пабудаваны навес для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак. Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай з невялікай аднапралётнай уваходнай брамай з цэглы пад тынкам.
Да тракельскай парафіі з ХVIII ст. адносіліся капліцы ў Гімбутах, Дворышчы (абедзве вёскі сёння ў Лідскім р-не) і на мясцовых парафіяльных могілках. Апошняя, драўляная васьмігранная з абразом Маці Божай у алтары, знікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. Затое капліца ў Дворышчы у часы польскай улады атрымала статус філіяльнага касцёла. Звесткі пра капліцу ў в. Утрышкі хутчэй за ўсё памылковыя (верагодна паблытана з капліцай у Урцішках іўеўскай парафіі), таму што нават такога тапоніма ў наваколіцах не існуе. У ХVIII–ХІХ стст. пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школка.
Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі зачыніць касцёл. У 1968 г. парафію знялі з рэгістрацыі (у 1961–1975 гг. касцёл стаяў зачынены), але вернікі змаглі абараніць святыню. Дваццаць гадоў ішло супрацьстаянне, рэгулярна служылася святая Імша, больш таго, парафіяне адрамантавалі касцёл. Нарэшце, у жніўні 1988 г. тракельская парафія ізноў была афіцыйна зарэгістравана.
Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 г. знаходзіцца ў Радунскім дэканаце. У 1994 г. касцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай (фэст – першая субота ліпеня). З 1970-х гг. занесены ў спіс помнікаў архітэктуры.