ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Бог – Кароль майго жыцця

На службе Богу

сястра ВольгаСёння сваю гісторыю распавядае сястра Вольга з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Да Хрыста
праз міласэрнасць

    Нарадзілася сястра Вольга ў Ваўкавыску ў сям’і бібліятэкара і электрамеханіка. Выхоўвалася разам з малодшым братам.
    “У маёй сям’і заўсёды панавалі згода і дабрабыт. Мама выхоўвала ў нас пачуццё міласэрнасці. Вучыла думаць адно пра аднаго, заўважаць не толькі свае патрэбы. Мама сама паходзіць з вялікай сям’і, дзе была адной з 15 дзяцей. Таму прыклад такой адданасці яна прынесла са свайго «гнязда»”.
    У Крамяніцы ў касцёле святога Юрыя сястра Вольга прыняла першыя сакраманты: была ахрышчана і прыступіла да Першай святой Камуніі. “Да сустрэчы з Хрыстом мяне рыхтаваў ксёндз Станіслаў Петраш. Назаўсёды застаўся ў памяці яго наказ: калі бачыш касцёл ці распяцце, абавязкова рабі знак крыжа. І да сёння гэтага прытрымліваюся”.

    Сіла малітвы
    Ва ўзросце 10 гадоў дзяўчынку паклалі ў шпіталь. Увечары, калі гасілі святло, яна, як і заўсёды, станавілася на калені і малілася.
    “Аднойчы гэта заўважыла манаская сястра і спытала ў мяне: ты верыш у Бога? Я трошкі спужалася, бо ў той час не магла свабодна вызнаваць веру. Але адважылася і адказала, што так. Мы разгаварыліся. Яна падарыла мне абразік са стацыямі Крыжовага шляху і паабяцала маліцца за мяне”.
    З 14 гадоў дзяўчына стала рэгулярна наведваць касцёл.
    “У школе я чула голас, які мяне клікаў. Была гатова штодня хадзіць у святыню, але пра кляштар і не думала”.
    Калі ў адзін цудоўны дзень катэхетка спытала яе, ці бачыць дзяўчына сваё пакліканне, то пачула ўпэўненае “так, да сям’і”.
    Хутка выпускніца здала экзамены і падала дакументы ў медінстытут. Але Бог распарадзіўся інакш: дзяўчына не паступіла і пачала рыхтавацца на наступны год.
   
    Каля абраза Святой Сям’і
    “Акурат у гэты час адзін клерык запрасіў моладзь, у ліку якой была і я, на свае аблучыны. Нас, дзяўчат, прынялі сёстры назарэтанкі. У той час яны яшчэ жылі ў семінарыі, дзе зараз знаходзіцца бібліятэка. Былі ветлівыя, запрасілі нас на вячэру. А пасля ўсе сабраліся ў каплічцы. Там я ўбачыла абраз Святой Сям’і і падумала: напэўна, гэта маё месца. Нават калі я не буду мець сваю сям’ю, змагу праз сваю ахвяру і малітву дапамагаць іншым сем’ям”.
    Манахіні карэнным чынам змянілі ўяўленне дзяўчыны пра манаскае жыццё, і тая вырашыла застацца.
    “Калі я сустрэлася з настаяцельніцай, яна радасна прывітала мяне: «О, сястра!». А я кажу: «Не, я толькі хачу паразмаўляць». Высветлілася, што яна зблытала мяне з пастуляткай. Але дадала: «Калі я цябе прыняла за сястру, то ты дакладна маеш пакліканне».
    Дзяўчына прызналася, што Бог не дае ёй супакою і папрасіла настаяцельніцу памаліцца за яе. А калі вярнулася дадому, паведаміла бацькам, што ідзе ў кляштар.
    “Вядома, мама пачала плакаць, перажываць. Але праз нейкі час змірылася і пачала маліцца, каб я вытрымала да канца”.
   
    Божымі шляхамі
    25 лістапада 1995 года ва ўспамін бласлаўлёнай Францішкі Седліскай дзяўчыну прынялі ў аспірат. А ў чацвер пасля Папяльцовай серады, 22 лютага 1996 года, – у пастулят. Летам распачаўся навіцыят. Праз два гады сястра склала першыя манаскія абяцанні, а 28 жніўня 2004 года – вечныя.
    “Я паехала ў Чырвонаармейск ва Украіну працаваць катэхеткай. Нездарма адзін ксёндз сказаў, што першая пляцоўка, як першае каханне: ніколі не забываецца. І сапраўды, Украіна назаўсёды засталася ў маім сэрцы. І дагэтуль мне вельмі баліць за тое, што адбываецца там ў апошнія два гады. Існуе нават спакуса папрасіць у генеральнай сястры вярнуцца туды працаваць…”.
    Пасля сястра Вольга паехала ў Навагрудак, а затым у Маладзечна. І панеслася: Калінінград, Гродна, Варшава, Шчучын, Мінск, Касцяневічы, Івянец, Ліда, Жытомір, Будслаў. Даводзілася выконваць розныя абавязкі: працаваць у катэхетычных пунктах і курыяльным магазіне, у закрыстыі і аплаткарні, на кухні і ў сталовай для бяздомных.
    “Моцную духоўную сувязь з Маці Божай я перажыла ў Будславе. Шмат ласкаў яна выпрасіла ў Сына для мяне і маіх блізкіх, для людей, якія прасілі аб малітве. На маіх вачах адбываліся шматлікія ацаленні і цуды. Працаваць у такім намоленым месцы было для мяне вялікім гонарам”. Сёння сястра Вольга служыць у закрыстыі ў пабернардынскім касцёле.
 
    “Бог – гэта нешта найвышэйшае. Ён Той, хто варты глыбокай пашаны. Бог – Кароль майго жыцця. Ён заўсёды побач. Я нястомна дзякую за тое, што Ён вядзе мяне. «Калі я пайду далінай смяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною» (Пс 23)”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.