ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Свята сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі адбылося ў Лідзе

З жыцця Касцёла

Удзельнiкi свята сем’яў Гродзенскай дыяцэзii з кс. б-пам Аляксандрам Кашкевiчам, арганiзатарам сустрэчы

Цеплыню роднага дома і любоў можна было адчуць 17 кастрычніка ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, дзе прайшла сустрэча сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу з розных бакоў дыяцэзіі прыбыло шмат сужэнстваў разам з дзецьмі. У свяце прынялі ўдзел таксама тыя сем’і, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілей сужэнства, і тыя, якія толькі заключылі сёлета сакраментальны сужэнскі саюз.
Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які і быў яе ініцыятарам. Прысутнічаў таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
    Удзельнікі сустрэчы маліліся за Святога Айца Францішка, за Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіць зараз у Ватыкане, і за самі сужэнствы і сем’і.
    Лідская парафія была абрана месцам правя-дзення гэтай сустрэчы невыпадкова. Апекуны парафіі – Святая Сям’я – вялікі і годны ўзор для пераймання для маладой парафіяльнай супольнасці. У парафіі актыўна праводзіцца душпастарства сем’яў, якое ўключае сотні сужэнцаў, што знаходзяць час на фармацыйныя сустрэчы і адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту. Пробашч парафіі кс. Юзаф Ганьчыц заўсёды гасцінна прымае ў парафіяльнай святыні, ствараючы сапраўдную сямейную атмасферу, каб кожны мог адчуваць сябе як дома.
    У гэты дзень кожны ўдзельнік сустрэчы мог адчуць шмат радасці і духоўных перажыванняў. Супольная малітва цэлых сем’яў, прыгожы спеў, цёплыя размовы – адным словам, любоў злучала прысутных.

    Малітва, Святое Пісанне і дыялогаснова сям’і
    Узрушальным момантам быў час сведчанняў, калі сужэнцы дзяліліся ў асноўным досведам радасці жыцця ў сакраментальным саюзе, згодным з вучэннем Касцёла, і тым, як яны рэалізуюць сваё пакліканне як бацька і маці.
    Падчас сведчанняў сужэнцы моцна акцэнтавалі патрэбу практыкавання супольнай малітвы ў сем’ях – фундаменту кожнай сям’і. Таксама гаварылася пра часты зварот да чытання Святога Пісання, якое дапамагае ў вырашэнні сужэнскіх крызісаў, і пра правядзенне дыялогу, які заўсёды з’яўляецца асновай здаровых адносін і дапамогай у вырашэнні розных пытанняў, звязаных з выхаваннем дзяцей і сужэнскімі адносінамі.
    Удзельнікі сустрэліся таксама за супольным абедам, прыгатаваным у адным катле. Быў час на абмен досведам і на знаёмства.
   
   Падчас св. Iмшы iерарх удзялiў кожнай сям’i пастарскае бласлаўленне Дзеці і моладзь
– радасць і надзея

    “Шчасце ў дзецях – найлепшы дар у свеце!”. Гэтыя словы шмат разоў закраналі думкі. На кожнай сустрэчы ёсць свая праграма, але немагчыма ўсё запланаваць загадзя. Аднак у тым і сутнасць: “Мы робім тое, што залежыць ад нас, а ўсё астатняе – Божая справа!”.
    “Вясёлка талентаў”, якую падрыхтавалі валанцёры парафіі Святой Сям’і, дапамагла дзецям стварыць прыгожыя паштоўкі і кветкі для сваіх маці. Шмат забаў было на пляцоўцы “Спартыўны каламбур”, дзе нават біскуп Аляксандр Кашкевіч танчыў з дзецьмі “маленькіх качанят”. Былі і сюрпрызы: падарожжа “цягніком усмешак”, размова па “Радыё Хваля – Бяспечнае дзяцінства” і іншае. Дзеці, нягледзячы на розны ўзрост, ахвотна далучаліся да забаў, якія ім прапаноўвалі салезіянскія аніматары разам з с. Ірынай Барцэвіч FMA і а. Эдуардам Пяцельчыцам CSsR.
    Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што ў свеце шмат сем’яў, якія, нягледзячы на розныя цяжкасці, стараюцца верна рэалізаваць Божую задуму ва ўласным сужэнскім і сямейным жыцці. “Мы дзякуем Богу за ўсе шчаслівыя і трывалыя сужэнствы, якія з’яўляюцца відавочным доказам таго, што Бог не патрабуе ад людзей нічога, што перавышае іх магчымасці”, – сказаў гро-дзенскі ардынарый. Па словах іерарха, існуюць сужэнствы, якія перажываюць розныя крызісы, і такія, якія пасля многіх гадоў распадаюцца. Касцёл усведамляе абавязак нясення дапамогі такім сем’ям. Біскуп заахвоціў падтрымліваць малітвамі ўсе сем’і, якія распаліся і перажываюць цяжкасці, каб дзякуючы Божай ласцы і дапамозе бліжніх яны знайшлі супакой сэрца, сэнс і радасць жыцця.
    Гамілію прамовіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які быў удзельнікам сёлетняй Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі (ЗША). Іерарх падзяліўся ўражаннямі з гэтай сустрэчы і перадаў словы папы Францішка, скіраваныя падчас яе.
    На “сямейную” сустрэчу прыехала шмат не толькі сужэнскіх пар, але і іх “будучыні” – дзяцей. Вядома, дзеці не могуць доўга быць на адным месцы і траціць шмат часу на адну справу, іх перапаўняе энергія жыцця.
   
    Выхаванне дзяцей і евангелізацыя
– важныя задачы сужэнцаў

    “Вобраз Святой Сям’і з’яўляецца для нас святлом, вызначаючым правільную дарогу на бурлівым моры сучаснага свету, каб трапна дапамагаць сем’ям у іх місіі і пакліканні”, – звярнуў увагу біскуп Дзям’янка.
    Па словах іерарха, сужэнцы “павінны ўдзельнічаць у любові закаханых у Хрыста, клапаціцца аб дзецях, перадаючы ім спакойна і з даверам сэнс жыцця, сілу веры, паказваючы ім узнёслыя мэты і падтрымліваючы іх асабліва тады, калі яны слабыя і нясталыя”.
    Біскуп нагадаў, што сям’я – гэта “месца фармацыі чалавечнасці і асяроддзе для евангелізацыі”. “У сучасным свеце ёсць вялікая неабходнасць у сталай веры бацькоў, сведчанні сужэнцаў і цэлых сем’яў, каб Евангелле аб сям’і было перададзена з радасцю і любоўю тым, каго асабліва закрануў крызіс веры, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, – сказаў пінскі ардынарый. – Многія сем’і сёння змагаюцца з праблемай нявер’я сваіх дзяцей, заўважны рост разводаў і нефармальных саюзаў. Таму з яшчэ большым перакананнем трэба абвяшчаць Евангелле аб сям’і, дадзенае Богам Айцом праз Езуса Хрыста”.
    Біскуп дадаў, што “таямніцу любові ў сям’і можна зразумець, углядаючыся ў Марыю і Юзафа, якія схіляюцца над малым Езусам”. “Кожная сям’я мае штосьці з Назарэтанскай Сям’і. Кожная сям’я мае задачу практыкавацца ў такой ахвярнай любові, – заўважыў іерарх. – Там, дзе ёсць любоў, не існуе адзінота. Трэба знайсці час на тое, каб затрымацца, паразмаўляць, шукаць месцаў і сітуацый, якія б спрыялі пабудове трывалых сувязяў”.
    Падчас Імшы пары аднавілі свае сужэнскія абяцанні, прыгадаўшы дзень заключэння сакраментальнага шлюбу. Адказваючы на пытанні, яны мелі магчымасць нанова адчуць, што пакліканы да любові і стварэння супольнасці жыцця. Затым яны падыходзілі цэлымі сем’ямі да біскупаў, якія святарскай стулай звязвалі ім рукі, як у дзень заключэння сужэнства, і ўдзялялі кожнай сям’і пастарскае бласлаўленне. Гэта можна назваць найпрыгажэйшай хвілінай усёй сустрэчы: слёзы радасці і надзеі былі заўважныя ў вачах сужэнцаў, якія прыгадвалі дзень свайго шлюбу і сакраментальнае “так”, што пацвярджала жаданне быць да канца жыцця з гэтым чалавекам у любові, вернасці і сужэнскай павазе.
   
    Сустрэча завяршылася актам аддання сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай. Варта адзначыць і тое, што сустрэчы спрыяла ў гэты дзень надвор’е. Сем’і вярнуліся дадому з мноствам пазітыўных уражанняў, умацаваныя пастарскім бласлаўленнем, з адноўленымі сужэнскімі абяцаннямі, каб быць святлом і прыкладам для іншых людзей, далей сведчыць аб Хрысце, быць адкрытымі на новае жыццё, выхоўваць новае пакаленне ў веры, а найперш, каб любіць адно аднаго.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.