ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Забалаць

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
У пісьмовых крыніцах вёска вядома з канца XIV ст. У канцы XV ст. знаходзілася ва ўласнасці Дашковічаў у Лідскім павеце Віленскага ваяводства ВКЛ. Потым належала Глінскім, з 1508 г. – Войцеху Нарбутовічу, які ў 1536 г. заснаваў тут мястэчка. У пачатку XVІІ ст. – уласнасць Сапегаў, пазней Палубенскіх, Габаяў, у 1690 г. – Нарбутаў. У ХІХ ст. – графаў Тышкевічаў.
    Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут ў 1601 г. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Забалаці земскага суддзі Войцеха Нарбута. Першы храм пабудавалі з дрэва ў цэнтры вёскі. Сын фундатара Мікалай Нарбут упасажыў святыню ў 1623 г. з абавязкам утрымліваць бакалаўра для навучання дзяцей у школе пры касцёле. Апошні драўляны касцёл узвёў Мікалай Пятроў Нарбут па ўласнай фундацыі ад 16 верасня 1750 г. Інтэр’ер святыні тады ўпрыгожвалі 4 алтары. Галоўны, кансэкраваны віленскім біскупам суфраганам Антоніем Жаўкоўскім – алтар Найсвяцейшай Тройцы з тытульным абразом у цэнтры ў акружэнні абразоў св. арханёлаў Міхала і Габрыэля, завяршаў кампазіцыю абраз св. Ганны. У прэзбітэрыі стаялі алтары св. Вінцэнта і Наведзінаў НПМ, і яшчэ адзін алтар – св. Антонія з абразом св. Яна Непамука ў другім ярусе – быў, відаць, прысценным.
Праз два стагоддзі парафіяне вырашылі пабудаваць “Богу Усемагутнаму”, як напісана на мемарыяльнай пліце над уваходам, новы, ужо каменны касцёл. У 1803 г. на ахвяраваныя сродкі мясцовага землеўладальніка, маршалка літоўскага графа Людвіка Тышкевіча і ягонай жонкі Канстанцыі з роду князёў Панятоўскіх, распачалося будаўніцтва святыні ў стылі класіцызм. Будавалі касцёл 10 гадоў, а ў 1812 г. святыню пад гістарычным тытулам асвяціў інфляндскі канонік кс. Мацей Мінейка.
    Троіцкі касцёл уяўляе сабою прамавугольную ў плане зальную аднавежавую святыню з арыентаванай на захад прамавугольнай апсідай, дзе змешчаны дзве сакрыстыі. Аб’ёмы малітоўнай залы і паніжанай апсіды накрыты двухсхільнымі дахамі (у міжваенныя гады чарапіца заменана на бляху). Галоўны фасад пазначаны магутнай чацверыковай трох’яруснай вежай-званіцай, завершанай у пачатку ХХ ст. васьмікалоннай глаўкай у стылі мадэрн, тут знаходзяцца тры званы. У гэты ж час аркавыя вокны малітоўнай залы былі заменены на неагатычныя спічастыя.
    Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю (у сакрыстыях крыжастыя скляпенні), упрыгожваюць тры ілюзорныя алтары (былі намаляваны ў 1880 г., потым перамаляваныя): галоўны алтар (ілюзорны жывапіс застаўлены ў 2000-я гг. драўляным алтаром) з вялікім абразом Найсвяцейшай Тройцы і два бакавыя: левы – Маці Божай Вастрабрамскай і правы – св. Ганны. У ХІХ ст. у галоўным алтары размяшчаўся абраз Езуса Убічаванага (пазней перанесены ў левы алтар, а ў галоўным усталявалі абраз Маці Божай Вастрабрамскай у пазалочанай шаце і Укрыжаванне, ахвяраванае касцёлу тагачасным пробашчам кс. Заблоцкім у 1880 г.), у левым бакавым – Маці Божай Шкаплернай у шаце з каронамі і аксамітам, у правым, як і цяпер, – абраз св. Ганны, а тытульны алтар Найсвяцейшай Тройцы быў перанасным, ён і па сённяшні дзень захоўваецца ў касцёле. Алтарная частка аддзелена ад малітоўнай залы мураванымі кулісамі, пры якіх ўсталяваны бакавыя алтары і амбон з хрысцільняй (асабліва цікава аднолькавае выкананне апошніх). Падчас рамонту касцёла ў 1939 г. былі размаляваны сцены і столь. Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох драўляных калонах, калісьці там стаяў арган на 10 галасоў.
    Касцёльны ўчастак у 1861 г. коштам і намаганнямі кс. Шыманта быў абнесены невысокай бутавай агароджай, якая ў 1884 г. была заменена на новую з трохпралётнай уваходнай брамай у неакласічным стылі, цаглянай і атынкаванай. У парафіі тады дзейнічаў яшчэ і шпіталь.
    Да ХІХ ст. забалацкая парафія ўваходзіла ў Лідскі дэканат, пасля ў Радунскі. У той час да парафіі прыпісваліся капліцы ў Варонічах і ў самой Забалаці, а дакладней прыкладна за тры кіламетры ад касцёла, ва ўрочышчы Шамбароўшчына (сёння в. Дварчаны). У час улады Польшчы забалацкая парафія ўвайшла ў новаўтвораны Васілішскі дэканат. Колькасць вернікаў тады перавышала 6500.
    Троіцкі касцёл дзейнічаў увесь час, але пры савецкай уладзе ў ім не было пастаяннага пробашча. У 1970-я гг. святыня атрымала статус помніка архітэктуры, але з капліц ніводная не захавалася, а плябанію перабудавалі ў бальніцу, напрыканцы 1990-х гг. зруйнаваны будынак вярнулі парафіянам, але як непадатлівы рэстаўрацыі ён быў разабраны ў 2003 г. З утварэннем Гродзенскай дыяцэзіі забалацкая парафія зноў перайшла ў склад Радунскага дэканата.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.