ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пяць спосабаў, як добра перажыць св. Імшу

На шляху да святасці

Святая Імша – гэта крыніца і вяршыня ўсяго хрысціянскага жыцця Мы часта вінавацім сябе ў тым, што не зусім уважліва ўдзельнічалі ў святой Імшы. Мы гаворым пра гэта на споведзі і, паабяцаўшы выправіцца, у наступны раз прыкладаем усе намаганні, каб засяродзіцца. І што? І нічога. Нашы думкі, на жаль, наc не слухаюцца. Вось некалькі падказак для таго, каб “палепшыць” наш удзел у Эўхарыстыі.
1. Прачытай дома
       літургічныя чытанні.

    Напэўна, табе даводзілася трапляць у сітуацыю, калі, адказваючы на вокліч “Гэта Слова Пана”, ты раптам усведамляў, што паняцця не маеш, пра што было Евангелле. Гэтага можна пазбегнуць. Дастаткова дома прачытаць сённяшнія чытанні. Яны даступны ў сетцы і ў выглядзе бясплатных рассылак на электронную пошту.

    2. Прыйдзі за дзесяць хвілін да пачатку Імшы.
    Збіраючыся на важную падзею, канцэрт ці спектакль, мы стараемся прыйсці трохі загадзя. Па-першае, каб не прапусціць нічога важнага, а па-другое, каб не перашкаджаць астатнім, прыходзячы ў апошні момант. Чаму Імша павінна быць выключэннем? Акрамя таго, хвіліна цішыні і засяроджання можа стаць вырашальнай для перажывання ўсёй літургіі.
   
    3. Памаліся аб тым, што важна для цябе.
    У структуры Імшы ёсць моманты цішыні, якія можна выкарыстоўваць для асабістых малітоўных зваротаў. Яны ёсць у акце пакаяння, пасля прызыву “памолімся”, у моманце прынашэння дароў, перамянення, а таксама пасля Камуніі. Нашыя просьбы могуць быць заўсёды аднолькавымі або рознымі, але яны дазваляюць перажываць літургію “тут і цяпер”.
   
    4. Ужывай голас.
    Гэта вельмі дапамагае. На Імшы галоўнае – не засяроджванне само па сабе, а свядомы ўдзел. Усвядомленае прагаворванне дапамагае думкам ахвотней ісці за тэкстам. Калі нешта адбываецца толькі ў нашай галаве і не знаходзіць выражэння ў словах ці жэстах, цяжка нават казаць пра ўдзел. Ну і, вядома, “хто спявае, той моліцца двойчы”.
   
   5. Ідзі да Камуніі.

    Калі мы прыходзім на ўрачысты прыём, то звычайна толькі ў адным выпадку нічога не ядзім – калі мы хворыя. Рэдка хто ўспамінае такія прыёмы як уданыя. Можа, гэта добрая аналогія? Тым больш, што ад гэтай хваробы існуюць выдатныя лекі.
   
    Але не спавядайся падчас Імшы. І ўжо дакладна не плануй споведзь на час літургіі загадзя. Імша – не час для споведзі. Пакуль паспавядаешся, пройдзе большая частка Імшы. Калі на сумленні ёсць грэх, які не дазваляе прыступіць да Камуніі, спавядайся загадзя, каб нядзельная Імша стала для цябе святам, а не часам пакаяння. Калі ты стала прыступаеш да Камуніі і рэгулярна спавядаешся, то тым больш ты не павінен спалучаць два гэтыя сакраманты.
    Літургія – гэта рэальнасць, у якую мы можам уключыць усю нашу чалавечую прыроду. Часта мы пераацэньваем інтэлектуальны аспект, забываючыся пра тое, што ў нас ёсць яшчэ і цела. Але парадаксальна: паглыбленне нашай свядомасці можа паспрыяць таму, што мы больш актыўна пачнём удзельнічаць у літургіі. Таму звычайна важна разумець, у чым жа мы ўдзельнічаем і які гэта мае сэнс.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.