ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Не ведаю, ці ведаеш Ты, але Бог Цябе любіць

Слова рэдактара

 Бог любіць кожнага чалавека і для кожнага мае цудоўны план збаўлення. Я ніколі яшчэ не сустракаў чалавека, якога б Бог не любіў, але часам сустракаю людзей, якія не любяць Бога. Кожнаму з нас вядомы словы Езуса: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Вера з’яўляецца фундаментам любові Бога да чалавека і чалавека да Бога. Але ёсць тыя, хто, як я ўзгадаў, не любіць Бога, бо яны не маюць веры ў сэрцы. Вера ў Бога дапамагае чалавеку адчуць, што такое любоў, сапраўдная любоў, якая паходзіць ад Бога. Сведкамі любові мы становімся штодзённа, калі дазваляем Богу ўвайсці ў сваё жыццё. Беларус, у параўнанні, напрыклад, з італьянцам ці немцам, замкнуты. Мы не хочам першымі ісці на кантакт, баімся новага досведу ці знаёмстваў, нас больш цікавіць “уласны агарод”. Абы так не было і ў рэлігійным жыцці. Таму варта прасіць аб дары адкрытасці на Бога, на Яго ласку, на вялікую Божую любоў. Чалавечае жыццё становіцца для кожнага з нас пляцоўкай Божай любові. Бог з любоўю і мудрасцю вядзе ўсе стварэнні да іх канчатковай мэты. Нашая любоў напэўна не ўзбагаціць Бога, але калі мы Яго любім, мы ставім Яго на першае месца, мы можам перажыць вялікі дар чалавечага жыцця па-божаму.
Мы становімся тады шчаслівымі і гаворым, якое цудоўнае наша жыццё. Больш таго, любячы Бога, мы любім таксама ўсіх іншых, любім па-сапраўднаму, пачынаючы ад тых, хто да нас бліжэй за ўсё.
    Калі мы рэгулярна будзем прыходзіць на святую Імшу, прыступаць да споведзі, памятаць пра Божыя запаведзі, мы пачуем незвычайнае прызнанне апостала Паўла: “Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым” (Рым 8, 38–39).
    Бог ёсць Любоў. Толькі Ён можа патрабаваць ад чалавека любові, большай за ўсё. Бог не толькі па-сапраўднаму любіць нас усіх і кожнага паасобку. Ён любіць нас больш, чым хтосьці іншы, больш, чым самыя любячыя мама ці тата, больш, чым самыя адданыя муж ці жонка, сын ці дачка. Можа, нам складана адразу ўсё гэта зразумець, але адчуваючы вялікую любоў і апеку Бога ў сваім жыцці, мы спрабуем гэта прыняць і зразумець. Бог не маніпулюе чалавекам, Яго любоў бескарыслівая. Таму толькі Бог можа чакаць ад чалавека любові ўсім сэрцам і ўсёй душой, усімі сіламі і ўсім розумам.
    Давайце прыгадаем сабе фрагмент з Евангелля, які апісвае размову Езуса з апосталам Пятром на беразе Тыберыядскага мора (параўн. Ян 21, 15–17). Езус спытаўся ў яго, прычым тройчы, аб самым важным. Спытаўся ў яго аб любові. “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? [...] Ці любіш ты Мяне?”. Той жа двойчы адказаў: “Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Пытанне, зададзенае ў трэці раз, занепакоіла Пятра.
    І сёння Пан Езус пытаецца ў кожнага з нас – пытаецца некалькі ці нават некалькі дзясяткаў разоў – аб любові чалавека да Бога. Ты можаш адказаць Яму сваім жыццём. А калі Ты яшчэ не знайшоў адказу, то не ведаю, ці ведаеш Ты, але Бог Цябе любіць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.