ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Святыя сакраманты (5)

Iдзeм да I святой Камуніі

Сакрамант пасвячэння
Святарства, ці сакрамант пасвячэння, быў устаноўлены Панам Езусам.
Ён прагне дапамагчы нам на шляху да неба і таму даў нам Папу, біскупаў і святароў. Ён паклікаў іх, заклікаў да служэння. Гэта яны павінны клапаціцца пра нас, так як пастух клапоціцца пра сваіх авечак.
    Алюмны, якіх мы таксама называем клерыкамі, рыхтуюцца да святарства ў Вышэйшых духоўных семінарыях. Гэта спецыяльныя месцы, у якіх моляцца і вучацца. Такое навучанне працягваецца мінімум шэсць гадоў. Пад канец пятага курса яны прымаюць дыяканскае пасвячэнне, а пасля шостага – святарскае.
   
    Сакрамант святарскага пасвячэння ўдзяляе біскуп.
Гэтаму спадарожнічае спецыяльная кансэкрацыйная малітва, якая асаблівым чынам прысвячае асобу на службу Богу. У гэтай малітве ўзносіцца просьба да Пана Бога, каб удзяліў асвячаемым ласкі Святога Духа. Гэтыя ласкі вельмі патрэбны, каб выконваць заданні, якія стаяць перад імі. Яшчэ перад ускладаннем рук спяваецца Літанія да ўсіх святых, падчас якой кандыдаты да святарства ляжаць крыжам на зямлі і даручаюць Богу сваё пакліканне.
    Ва ўрачыстасці пасвячэнняў удзел прымаюць таксама іншыя святары, якія разам з біскупам цэлебруюць Эўхарыстыю. Яны таксама ўскладаюць рукі на галовы асвечаных святароў і моляцца за іх.
    Святарскае пакліканне вельмі прыгожае, хоць і нялёгкае. Кожнаму святару патрэбна наша малітва. Памятайце пра гэта, асабліва падчас Эўхарыстыі. Маліцеся таксама аб новых святарскіх, манаскіх і місійных пакліканнях, таму што ў свеце ёсць яшчэ мноства месцаў, дзе людзі чакаюць ксяндза.

 

Сакрамант сужэнства
“Прысягаю табе любоў, вернасць і сужэнскую павагу, і тое, што не пакіну цябе аж да смерці. Няхай дапаможа мне ў гэтым Бог семагутны ў Тройцы адзіны і ўсе святыя”.
Вы, напэўна, былі на святой Імшы, падчас якой двое людзей – мужчына і жанчына – прымалі сакрамант сужэнства. Можа, нават хтосьці з вас падаваў будучым сужэнцам пярсцёнкі, трымаў вэлюм нявесце ці дапамагаў збіраць манеткі, якія госці кідалі перад касцёлам “на шчасце”.
   
    Падчас Эўхарыстыі святар звязвае стулай далоні будучых сужэнцаў і з’яўляецца з боку супольнасці Касцёла сведкам прысягі, якую яны складваюць.
   
    Кожны з іх прамаўляе прыгожыя словы: “Прысягаю табе любоў, вернасць і сужэнскую павагу, і тое, што не пакіну цябе аж да смерці. Няхай дапаможа мне ў гэтым Бог усемагутны ў Тройцы адзіны і ўсе святыя”. Складанне гэтай прысягі азначае прыняцце сакраманту сужэнства. Потым у знак любові сужэнцы надзяваюць адзін аднаму (муж жонцы, жонка мужу) бласлаўленыя раней пярсцёнкі. Пры гэтым яны таксама прамаўляюць абавязковыя словы: “Прымі гэты пярсцёнак у знак маёй любові і вернасці. У імя Айца і Сына, і Святога Духа. Амэн”. Сужэнцы таксама абяцаюць, што іх сям’я будзе хрысціянскай, а сваіх дзяцей яны выхаваюць у веры. На канец святар у імя Найсвяцейшай Тройцы бласлаўляе заключанае сужэнства.
    Бясспрэчна, гэта нялёгкае заданне. Вы глядзіце на сваіх бацькоў і бачыце, як яны павінны клапаціцца, каб ваша сям’я была шчаслівай, каб вы маглі добра развівацца. Часта маліцеся за сваіх бацькоў, даручайце Пану Богу іх складаныя справы і будзьце для іх радасцю.
   
    Клапаціцеся аб добрых сябрах, вучыцеся дапамагаць іншым. Гэта дапаможа вам не быць самалюбамі і ў будучым добра выконваць сваё пакліканне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.