ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сусветныя дні моладзі: каб не старэць душой

На шляху да святасці

З перыядычнасцю раз на два-тры гады маладыя людзі з усяго свету збіраюцца на Сусветныя дні моладзі. Сустрэчы адбываюцца ў розных месцах. У мінулы раз гэта быў горад Рыа-дэ-Жанейра, перад тым – Мадрыд, Сіднэй, Кёльн. У 2016 годзе моладзь чакаюць у Кракаве.
Першы з’езд ініцыяваў Ян Павел ІІ, які ў 1986 годзе прапанаваў адзначаць Сусветныя дні моладзі на рэгулярнай аснове. Ідэя нарадзілася ў Папы некалькімі гадамі раней падчас свят каталіцкай моладзі, якія праходзілі ў Рыме. З таго часу папулярнасць сустрэч расце. Да свята рыхтуюцца сотні тысяч юнакоў і дзяўчат.
    Што ўяўляюць сабой Сусветныя дні моладзі? Гэта двухтыднёвае прабыванне на тэрыторыі абранай краіны. Праграма ўключае “Дні ў дыяцэзіі”, катэхезу, сустрэчу Папы з моладдзю, Крыжовы шлях, начную адарацыю, сустрэчу Папы з добраахвотнікамі і развітанне. Запланаваны таксама шматлікія мерапрыемствы, якія ўваходзяць у культурную праграму – канцэрты, выставы, музейныя экскурсіі, спектаклі і шмат чаго іншага.
    І хоць да з’езда ў Кракаве застаецца каля паўтара года – СДМ адбудуцца 25–31 ліпеня 2016 года – моладзь усяго свету ўжо пачала падрыхтоўку. У Беларусі яе водгукам стала перэгрынацыя сімвалаў Сусветных дзён моладзі – Крыжа і абраза Маці Божай. Мінулым летам беларуская моладзь прымала іх з Польшчы, а затым передала ў Літву. Гэта была незабыўная падзея для ўсёй Беларусі.
ЛІЧБЫ
   
    5 000 000 – максімальная колькасць удзельнікаў, зафіксаваная падчас Сусветных дзён моладзі ў сталіцы Філіпінаў горадзе Маніла, 1995 год.
   
    3 000 – столькі беларускіх юнакоў і дзяўчат гатовы прыняць у наступным годзе Кракаў.
   
    300 – прыблізная колькасць маладых людзей з Гродзенскай дыяцэзіі, якія ўдзельнічалі ў СДМ у Мадрыдзе, 2011 год.
   
    25 – столькі гадоў хутка міне з Сусветных дзён моладзі ў Чанстахове, куды ўпершыню паехалі ўдзельнікі з Беларусі.
   
    11 – колькасць краін, у якіх за ўсю гісторыю праводзіліся Сусветныя дні моладзі.
   
    Аб тым, на якім этапе падрыхтоўкі зараз знаходзіцца беларуская моладзь, расказаў кс. Антоній Грэмза, адказны за падрыхтоўку маладых людзей Гродзенскай дыяцэзіі да Сусветных дзён моладзі.
    “Зараз мы з моладдзю молімся, рыхтуемся праз катэхезу. Плануем адправіць св. Імшу ў гэтай інтэнцыі, ахвяраваць адарацыю. Ужо вядомы гімн Сусветных дзён моладзі 2016 года. Будзем рабіць пераклад на беларускую мову, каб ён гучаў на нашай роднай мове. Заспяваем, каб усе яго ведалі. Плануецца стварэнне беларускай старонкі з інфармацыяй у сацыяльных сетках. Моладзь камунікуе там, таму такі цэнтр для сувязі проста неабходны. Хутка ў дэканатах пачнуць працаваць цэнтры падрыхтоўкі да дзён моладзі. Ксяндзы змогуць сабраць усіх жадаючых і асобна з імі займацца. Будзе выслана інфармацыя і праграма катэхезы. Няхай людзей будзе няшмат, але 15, 20, 30 чалавек можна сабраць з кожнага дэканата. Гэта патрэбна, каб потым правесці сумесную падрыхтоўку”.
   
    Крыху ў мінулае. Аб Сусветных днях моладзі ўспамінаюць пілігрымы з Гродзенскай дыяцэзіі.

Калі ехала ў Мадрыд, у мяне стаяла пытанне, што рабіць далей у духоўным плане. Тады адчувалася нейкая ўнутраная пустка. Калі вярталася дадому, у душы атрымала адказ. Пачуўшы пра Рыа, чамусьці была ўпэўнена, што траплю туды. Хоць абставіны складваліся такім чынам, што нічога не прадвесціла, што я там апынуся. Можна сказаць, ускочыла ў апошні вагон. У гэтым таксама бачу дзеянне Бога.
    Падчас удзелу ў Сусветных днях моладзі я зразумела, што гэта патрэбна для ўмацавання маёй веры. Мне патрэбен прыклад майго бліжняга. Таму я ўдзячна кожнаму маладому чалавеку, які прысутнічаў на гэтых днях моладзі, сведчыў аб веры ў нашага Госпада Бога. Я атрымала мегазарад, папоўніла свае сілы і ўмацавалася духоўна.
    Дарэчы, у Рыа былі розныя моманты дотыку Бога менавіта да майго сэрца. У адзін з іх ужо было цёмна, малітва скончылася. І тут, як у фільме, запаволены рух – і мой погляд падае на зямлю, дзе ляжыць асвечаны промнямі ліхтара медальён з выявай Езуса Хрыста. Спярша была думка, што нехта яго згубіў і зараз падыме. А потым азарыла: не, гэта для цябе. Падняла, з адваротнага боку было сэрца Езуса. Не перадаць словамі мае пачуцці. Палічыла гэта за канкрэтны знак. Хрыстос кажа: люблю цябе, я з табой. Паверце, гэта каштавала таго, каб ехаць за тысячы кіламетраў.

   
   
Я жыву са сцвярджэннем, што калі Бог на першым месцы, значыцца, усё на сваім месцы. Спадзяюся, летам у мяне будзе магчымасць і я яе выкарыстаю, каб з’ездзіць на сустрэчу моладзі ў Кракаў. У адваротным выпадку, атрымліваецца, буду супярэчыць сабе, падманваць, што на першым месцы ў мяне менавіта Бог. Я павінен знайсці час і паехаць туды, дзе будзе весці службу сам Папа Рымскі. Карыснымі для сябе лічу адносіны з людзьмі аднолькавых поглядаў, якія таксама ахвяравалі свой час і хочуць памнажаць у сабе духоўнае, лічаць гэта першаснай мэтай у жыцці.
    Канешне, многія разлічваюць на турызм у такіх паездках. Я ведаю людзей, якія ехалі з гэтай мэтай, а потым атрымалася так, што розніца паміж аднымі і другімі пладамі была вельмі вялікай. Чалавек адчувае сілу веры і большую еднасць з Богам. І гэты вопыт потым дапамагае яму ў жыцці пераадольваць цяжкасці.

   
   
Вялікія ўражанні засталіся ад Місійнага тыдня ў дыяцэзіі. Мы былі ў прыгарадзе Валенсіі, дзе нас сустрэлі адкрытыя і дабрадушныя жыхары пасёлка. Як раз у той час людзі ўшаноўвалі сваю Божую Маці. Калі мы ўваходзілі ў святыню, зайграў аркестр і паляцелі папяровыя канфеці. Гэта было так цікава і неспадзявана. Кажуць, іспанцы “гарачы” народ – давялося праз гэта ўпэўніцца.
    З Мадрыда засталася ў душы Імша з папам Бенедыктам ХVІ. Асабліва той момант, калі ўсе на сваіх мовах малілся “Ойча наш”. Гэта было настолькі гучна! Ты казаў сам сабе, але разумеў, што пападаеш у такт з астатнімі.
    Хочацца трапіць і ў Кракаў. Калі сямейныя абставіны дазволяць, абавязкова паеду. Ад мяне павінна зыходзіць жаданне, а магчымасць нам дасць Пан Бог. Калі Ён захоча, то, натуральна, я туды траплю.

   
   
Мне больш за ўсё запомнілася, што некаторыя іспанцы пратэставалі супраць прыезду Папы ў цэнтр Мадрыда. Але ўразіла тая сіла моладзі, якая прыехала на сустрэчу з ім. У выніку, нішто не перашкодзіла нам сустрэцца з Бенедыктам ХVІ. Успамінаю, што было вельмі спякотна, як на патэльні. На полі нас палівалі вадой з пажарных машын. А потым была сумесная малітва. Ніякай таўкатні, ніякай агрэсіі. Людзі былі ветлівыя адзін да аднаго, усміхаліся, знаёміліся адзін з адным. Сусветныя дні моладзі патрэбны, каб паказаць, што мы – моладзь – здольныя несці сваю веру. Мы не саромеемся яе, мы гатовы даваць сведчанне ўсяму гэтаму свету, які стаў атэістычным, жыве толькі матэрыяльным дабром. Мы можам падацца дзіўнымі і незразумелымі, але, прынамсі, у нас ёсць мэта ў жыцці. Забяры ў нас усё, пакінь нам толькі Бога, і мы не прападзем. А забярыце зараз у чалавека ўсё матэрыяльнае дабро, і ён скажа, што сэнс жыцця страчаны.

   
   
Рыа знаходзіцца вельмі далёка – на другім кантыненце. Бацькі і знаёмыя страшылі, казалі, што гэта краіна ледзь не дзікіх малпаў, людзі там незразумелыя. А на самой справе? Там нас прымалі як самых дарагіх гасцей. Былі вельмі ўдзячныя, што мы прыехалі да іх так здалёк. Калі я там была, зразумела, што нам не хапае любові. Бразільцы, у адрозненні ад нас, жыццярадасны народ, яны клапоцяцца адзін пра аднаго.
    Дарога ў Рыа аказалася няпростай, былі і цяжкасці. Памятаю, калі мы прызямліліся ў аэрапорце Сан-Паўла. Была перспектыва застацца начаваць там жа, бо да вызначанага месца патрэбна было дабірацца яшчэ 14 гадзін на аўтобусе, а транспарту не было. Цудоўным чынам мы знайшлі святара, які забраў усіх да сябе. Нібы сам Бог пра нас паклапаціўся: даў начлег і ежу. На наступны дзень мы з новымі сіламі адправіліся ў дарогу. Увесь час мы адчувалі давер і апеку Бога над намі. Праз усю паездку ў нас было: “Бог – Добры Пастыр”.

   
    “Дні моладзі на працягу ўсіх гэтых гадоў выхоўваюць пакалені маладых людзей, – дадаў кс. Антоній Грэмза. – У такіх урачыстасцях трэба ўдзельнічаць, каб быць маладым чалавекам Касцёла, каб не старэць душой. Я ўжо пяць год езджу на сустрэчы і бачу ў сабе гэтую маладосць: адчуваю радасць, этузіязм, надзею. А Касцёл, на самой справе, павінен быць маладым, адкрытым на гэтае жыццё і новыя Божыя дары”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.