ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

“Хто без граху?”

Хрысціянскія традыцыі

“Хто без граху?” – такую назву Васіль Паленаў надаў сваёй карціне, якую скончыў у 1887 годзе і выяву якой размясціла пошта Расіі на сваёй марцы ў 1994 годзе. Але на марцы напісана іншая назва...
Справа ў тым, што цэнзар, што курыраваў выставу, на якой павінна было выстаўляцца палатно, першапачаткова нават не жадаў даваць згоду на ўключэнне карціны ў экспазіцыю. Але, на шчасце, карціна спадабалася імператару, і ён набыў яе для сябе. Цэнзура пераназвала карціну на звыклае “Хрыстос і грэшніца”, а ў імператарскім музеі палатно атрымала яшчэ іншую назву: “Блудная жонка”. Паленаў быў вельмі абураны гэтым фактам: “Як вы не разумееце?
    Гэта зусім супярэчыць евангельскаму аповеду. Там ясна сказана, што гэта зграшыўшая, а не блудная жанчына. І не яна гераіня маёй карціны. Яе сэнс – у сцвярджэнні годнасці чалавека, хрысціянскай міласэрнасці, прабачэння і любові”.
Вось словы з Евангелля, якія натхнілі Паленава і іншых мастакоў на стварэнне знакамітых твораў: “Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы»” (Ян 8, 1–11).
    Паводле юдэйскіх уяўленняў, у суботу – святы дзень супакою – было забаронена рабіць любыя запісы. Юдэй не мог напісаць і дзвюх літар ні на паперы, ні на камені, ні нават выдрапаць іголкай на сваім целе. Але ў гэты дзень дазвалялася рабіць запісы на пяску пальцам. Дзеянні Езуса, калі Ён, не адказваючы, пачаў штосьці пісаць пальцам на зямлі, з’яўляюцца жэстам, які робяць, калі не жадаюць адказваць тым, што пытаюцца пра што-небудзь недарэчнае або непрыстойнае. Ведаючы хітрасць іх, Хрыстос працягваў пісаць на зямлі і рабіў выгляд, што Ён не зважае на тое, што яны казалі. Пісанне на пяску ў дадзены момант з’яўляецца як бы сімвалічным указаннем на тое, як насамрэч выглядаюць нашы грахі ў вачах Божых.
    Васіль Паленаў пісаў: “Кніга, з якой я чэрпаў змест маіх прац, вучыць нас літасці і прабачэнню, а не асуджэнню і нецярплівасці, яна вучыць ставіцца строга да сябе і паблажліва да іншых. Праўда, задача вельмі цяжкая, гэта подзвіг”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.