ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Кс. Чэслаў Паўлюкевіч: посціць на хлебе і вадзе

Інтэрв'ю

Кароткая размова з дыяцэзіяльным экзарцыстам кс. Чэславам Паўлюкевічам дазволіць многім з нас зразумець, якую духоўную карысць маюць велікапосныя практыкі. Пра барацьбу з д’яблам і пост на хлебе і вадзе пытаўся кс. Павел Салабуда.
 – На што сучаснаму чалавеку трэба звярнуць увагу, перажываючы перыяд Вялікага посту?
    – Кожны перыяд у Касцёле важны і мае сваё значэнне. На маю думку, Вялікі пост вельмі важны перыяд. Сама назва гаворыць, што ён “вялікі” не толькі з-за сваёй працягласці, бо тады яго можна было б назваць “Доўгі пост”, але з-за свайго вялікага значэння. Праблема сёння ў тым, што “дух свету” стараецца сцерці межы літургічных перыядаў у Касцёле, іх кантраст, а таксама значэнне і плён, якія яны павінны прыносіць чалавеку. Напрыклад, Адвэнт. Многія з нас памятаюць, што калісьці елкі ставілі і ўпрыгожвалі за дзень да Вігіліі ці ўвогуле ў гэты самы дзень. А сёння мы бачым, што яшчэ да Адвэнту многія магазіны, установы ці нават дамы ўжо маюць святочны настрой. А перыяд Божага Нараджэння ў некаторых краінах Еўропы страціў Таго, хто надае яму святасць, а менавіта Езуса. Таму мы чуем пра віншаванні “на Каляды”, бачым, як змяніўся выгляд паштовак гэтага перыяду, і нават можам пачуць, што галоўнае зімовае свята – гэта Новы год.

     – Вельмі часта ў Вялікім посце людзі бяруць пастанову посціць на хлебе і вадзе. Якая духоўная карысць гэтай ініцыятывы?
    – Асаблівым характарам Вялікага посту з’яўляецца пакута, якая можа прымаць розныя формы. Адной з іх з’яўляецца змена харчавання. На маю думку, праціўнікі Касцёла больш цанілі значэнне посту. Старэйшыя памятаюць, што ў часы атэізму “рыбным днём” быў чацвер, а ў пятніцу ў сталоўках можна было купіць толькі мясныя стравы. Многія прыносілі з сабой на працу штосьці поснае, каб устрымацца ад мяснога. А сёння? Ці хаця б у гэтым, самым бачным, матэрыяльным знаку заўхоўваецца сёння перыяд посту? Я вельмі цешуся, калі хтосьці кажа, што на час Вялікага посту зрабіў пастанову ў пятніцы, а нават і ў серады посціць на хлебе і вадзе. Аб тым, якое значэнне мае гэтая практыка, гаворыць сам Езус, калі растлумачвае вучням, чаму яны не маглі выгнаць злога духа: таму што некаторых злых духаў можна выгнаць толькі малітвай і постам. Калі хтосьці звяртаецца да мяне з праблемай зняволення злым духам, залежнасці не толькі сваёй, але і кагосьці з блізкіх (мужа, сына, дачкі), я часта пытаюся, колькі ён посціць на хлебе і вадзе ў інтэнцыі вызвалення. Часта я чую адказ, што чалавек увогуле не посціць.
   
     – Ці дапамагаюць пакаянныя практыкі ў барацьбе з д’яблам і грахом? Як мы сёння можам паказаць іх ролю ў жыцці кожнага хрысціяніна?
    – Належнае перажыванне велікапосных практык мае не толькі вялікае значэнне для самога чалавека, бо з’яўляецца практыкаваннем у дабрадзействах, каб панаваць над грахом, які “ляжыць ля брамы і падпільноўвае яго” (параўн. Быц 4, 7). Яно з’яўляецца таксама ўзнагародай за грахі як нашы, так і іншых, асабліва нашых продкаў. Таму ў Касцёле заўсёды практыкаваліся пакаянныя набажэнствы, на якіх збіраліся вялікія натоўпы вернікаў. Сёння таксама чалавек вельмі ахвотна прымае пакаянныя практыкі, калі толькі адкрые, зразумее іх значэнне. На сённяшні дзень задача святароў – паказаць сэнс пакаянных практык. Лічу, што дапамогай у гэтым будзе таксама кніга айца Джэймса Манджакала “Вызваленне ад пракляцця Закона”. Вельмі важна таксама даваць сведчанні: як практыкі Вялікага посту дапамаглі змяніць жыццё – сваё ці бліжніх. Я спадзяюся, а таксама жадаю гэтага, што “Слова Жыцця” апублікуе мноства сведчанняў чытачоў аб плённым перажыцці Вялікага посту.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.