ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Суботнікі

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XV ст. як Геранёны Манівідавыя, у адрозненне ад Геранёнаў Гаштольдавых ці Мураваных (цяпер в. Геранёны) і Геранёнаў Старых (цяпер в. Зыгмунцішкі). Парафіяльны касцёл (з XVI ст. у складзе Радунскага дэканата) быў зафундаваны тут Войцехам Манівідам, віленскім ваяводам, яшчэ ў 1423 г. Новая драўляная святыня была пабудавана па фундацыі караля Жыгімонта I Старога 24 лістапада 1545 г., аднак у часы кальвінізму драўляны касцёл стаяў спустошаны, не маючы ўласнага пробашча. У 1573 г. князь Альбрэхт Радзівіл (+1592), першы ардынат клецкі, калі навярнуўся з кальвінізму ў каталіцызм, аднавіў касцёл у Суботніках і надзяліў святыню вялікім капіталам. Але і гэтая святыня не захавалася. У 1755 г. апошняя драўляная святыня ў Суботніках была пабудавана на сродкі Юрыя Абрамовіча, тагачаснага ўладальніка мястэчка, і ягонай жонкі Марыі. Касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Юрыя. Гэта быў храм з сасны на каменным падмурку падоўжанай формы.
Галоўны фасад у выглядзе трохвугольнага франтона на дзвюх магутных калонах фланкавалі дзве трох’ярусныя чацверыковыя вежы. Касцёл быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам, завершаным над алтаром стромкай барокавай сігнатуркай. У 1809 г. па фундацыі Ганны Умястоўскай да прэсбітэрыя справа была дабудавана мураваная капліца памерамі каля 5х4 м, у склепе якой быў пахаваны маршалак Якуб Умястоўскі, муж фундатаркі, а потым і іншыя прадстаўнікі роду. Побач з касцёлам стаяла таксама драўляная двух’ярусная вежа-званіца. На парафіяльных могілках знаходзіліся 4 драўляныя каплічкі. Пры парафіі дзейнічала школа.
 Памятная табліца ў гонар Уладзіслава Умястоўскага   У той час у драўляным алтары знаходзіўся вядомы сваімі цудамі абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам у срэбнай пазалочанай сукенцы і ў кароне, упрыгожанай дыяментамі, жэмчугам і рубінамі. Абраз быў намаляваны на меднай дошцы, невялікі, сёння ён знаходзіцца ў другім ярусе левага бакавога алтара.
    Традыцыю называць уласна ўзведзеную святыню ў гонар свайго нябеснага затупніка працягнуў у Суботніках чарговы ўладальнік мястэчка граф Уладзіслаў Умястоўскі (1834–1905). Разам з жонкай Янінай з роду Дунін-Раецкіх яны вырашылі пабудаваць тут ужо каменны касцёл. Падмурак заклалі ў 1900 г., а ў 1904 г. стромкая і велічная святыня ў неагатычным стылі ўзнесла высокі спічак над маляўнічым наваколлем. Новазбудаваны намаганнямі кс. Юзафа Мікелюнаса касцёл быў кансэкраваны 1 чэрвеня 1928 г. віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім пад тытулам св. Уладзіслава, караля Венгерскага.
    Касцёл у неагатычным стылі з вонкавай чырвонай цэглы ўзвялі ў цэнтры вёскі. Ён уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохнававы аб’ём з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі накшталт трансепта. Галоўны ўваход пазначаны высокай трох’яруснай вежай-званіцай пад васьмігранным спічаком. Касцёл накрыты адзіным двухсхільным дахам (калісьці быў гонтавым, сёння – бляшаны), больш нізкая апсіда – вальмавым, сакрыстыі – таксама двухсхільнымі. Трохвугольны франтон над алтаром завершаны ажурнай неагатычнай сігнатуркай.
   
    Інтэр’ер касцёла, падзелены калонамі на тры навы, перакрыты крыжастымі спічастымі скляпеннямі на падпружных арках. Касцёл упрыгожваюць тры алтары: галоўны (тытульны) – св. Уладзіслава (калісьці было 54 воты), левы бакавы – Маці Божай Ружанцовай з цудадзейным абразом Маці Божай у другім ярусе, правы – св. Юрыя. Над уваходам зроблены хоры, дзе ўсталяваны арган яшчэ са старога касцёла. Пад касцёлам знаходзіца крыпта з родавай пахавальняй Умястоўскіх і Дунін-Раецкіх, куды перанеслі ўсе пахаванні з папярэдняга касцёла. Тут усталяваны жалобны алтар, скляпенні багата дэкараваны паліхромнымі мазаікамі ў стылі мадэрн, сцены аздоблены скандынаўскім гранітам, над уваходам размешчаны надпіс на лацінскай мове: “FRANGAS NON ELECTA”.
    Тэрыторыя касцёла ў 1897 г. на сродкі парафіян была абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох неагатычных слупоў-пінакляў. У агароджу ўбудаваны пяць невялікіх каплічак Крыжовага шляху.
    Да суботніцкай парафіі, якая налічвала напрыканцы 1930-х гг. каля 7000 вернікаў, у розныя часы належалі капліцы ў Даўгялаўшчыне, Жамыслаўі, Квяткоўцах і на суботніцкіх могілках. Апошняя, пабудаваная ў 1842 г., уяўляла сабой драўляную святыню памерамі 15 на 10 локцяў (каля 9,6 х 6,5м), крытую гонтай і завершаную маленькай сігнатуркай. Алтар у капліцы быў двух’ярусны: у цэнтры размяшчалася Укрыжаванне, наверсе – абраз св. Антонія. Святыня знікла пасля II Сусветнай вайны. Затое ўжо ў наш час паўсталі новыя прыдарожныя каплічкі: у в. Меляхі і в. Карэвічы – драўляныя, у в. Ёдзенцы – з сілікатнай цэглы. У в. Кудэйшы на набажэнствы збіраюцца ў мясцовым клубе. А па дарозе з в. Карэвічы на в. Аднопаль захавалася з ХIХ ст. добра дагледжаная прыдарожная каплічка-слупок; на жаль, не захавалася фігура Езуса, які нясе крыж, што некалі стаяла ў верхнім скразным ярусе каплічкі.
    Дзейнічаў касцёл св. Уладзіслава і ў дзесяцігоддзі савецкай улады, быў залічаны да помнікаў архітэктуры. Перад касцёлам стаяць драўляныя крыжы – іх усталявалі ксяндзы марыяне, рэдэмптарысты, хрыстусоўцы, якія праводзілі тут рэкалекцыі ў апошнія гады.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.