ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Нарадзіўся вам сёння Збаўца

Хрысціянскія традыцыі

“Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14).
За сотні гадоў да нараджэння Хрыста ў Бібліі былі запісаны словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прыход. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, змешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае з іх выказана вуснамі Бога ў прысудзе, які Ён прызначае змею. Гэта быў план выратавання грэшнага чалавека і вяртання яму бессмяротнасці: “І варожасць пакладу паміж табою і паміж Жанчынаю, і паміж патомствам тваім і патомствам Яе; яно раструшчыць тваю галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту” (Быц 3, 15).
    Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага цэзара Аўгуста: дзе б хто не жыў, павінен прыйсці для перапісу ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Юзаф і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісці ў Бэтлеем. Ад Назарэта да Бэтлеема было болей двухсот кіламетраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькіх дзён праз гарыстую Самарыю. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, усе дамы былі ўжо запоўнены людзьмі, што прыйшлі на перапіс. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды. Тут, у пячоры, уся мэбля якой сладалася з ясляў з саломай, нарадзіўся Збаўца. Слова сталася целам і пасялілася між намі, Бог стаўся чалавекам.
Бог многа разоў па-рознаму прамаўляў да чалавека. Цяпер Ён прамовіў да нас праз свайго Сына. Так Бог умілаваў свет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
    День Божага нараджэння ад IV стагоддзя, часу ўстанаўлення гэтага свята, стаў днём асабліва ўрачыстым у хрысціянскім свеце. Сама падзея нараджэння Езуса Хрыста апісана вельмі суха ў Евангеллях паводле Мацвея (1, 18–25) і Лукі (2, 1–7). Людская набажнасць патрабавала больш шырокага апісання нараджэння Пана. Гэта прывяло да шматлікіх спроб адлюстравання гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэднявечча да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да шматлікіх паштовых марак, якія выпускаюцца амаль ва ўсіх краінах свету. На марках з’яўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Берніні і Пусэна, Рэмбранта і Караваджа...
    У першай палове XV стагоддзя асаблівых рыс набрала сцэна нараджэння Хрыста, якая атрымала назву “Ушанаванне Дзіцятка”. Яна стала адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прыходу Езуса на свет.
    Першая марка, прысвечаная Божаму Нараджэнню, з’явілася 7 снежня 1898 года. Пошта Канады выпусціла марку (Мі. 74), на якой была адлюстравана карта свету з надпісам CHRISTMAS. Гэтая марка дала пачатак новай тэме ў філатэліі. З таго часу колькасць марак, прысвечаных Божаму Нараджэнню, вырасла да тысяч і выдаецца поштамі, хіба, усіх краін свету. З-за немагчымасці адлюстраваць і апісаць такую колькасць марак, прапануем толькі некалькі прыкладаў.
    У 1986 годзе пошта Германіі выпусціла марку і картмаксімум (паштоўка з наклеенай на вонкавай старане маркай з такім самым матывам, пагашанай паштовым штэмпелем такога ж матыву) з відарысам Ортэнбергерскага алтара (Ortenberger Altar) з 1430 года. Цудоўны вобраз укленчанай Марыі ў ціхім ушанаванні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго і першая аддала ўшанаванне і паклон Дзіцятку, згодна са словамі Святога Пісання: “Якога нарадзіла і ўшанавала...”. Дзіцятка, лежачы ў яслях з правай рукой у жэсце бласлаўлення, сімвалізуе Боскасць і паўнату розуму ад хвіліны свайго нараджэння. Паказаная далей стайня, вельмі ўбогая, сімвалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, чыё валадарства будзе “зацверджана навекі”, які збудуе “новы дом”.
    Амаль люстраное адбіццё малюнка з маркі Германіі мы бачым на выпушчанай у 1998 годзе марцы пошты Польшчы. Ілюстрацыя ўзята з Грудзяцкага алтара (каля 1390 г.), які захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
    Карціна, намаляваная мастаком Антоніо Карэджа (1489–1534) больш за сто гадоў пазней, поўнасцю захоўвае папярэднюю сімволіку. Карціна адлюстравана на адным з самых вялікіх блокаў (173 х 235 мм), які выпушчаны поштай Карэі ў 1983 годзе.
    Першая беларуская марка, прысвечаная нараджэнню Езуса Хрыста, надрукавана 23 снежня 1997 года. На марцы адлюстраваны звычай калядавання на свята Божага Нараджэння, калі калядоўшчыкі ў калядных касцюмах і з Бэтлеемскай зоркай абходзяць дамы вернікаў і спяваюць калядныя песні.
   
    Святы час Божага Нараджэння злучае нашыя думкі і сэрцы, аб’ядноўвае нас сілаю любові Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасцю, якую мы прыносім Айцу за Яго неабсяжную любоў да людзей, якую Ён аб’явіў у сваім Сыне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.