ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Святы Божага Нараджэння як таямніца любові, радасці і спакою

Хрысціянскія традыцыі

Пастэрка распачалася ўрачыстым унясеннем фігуркі Дзіцятка Езус у шопку

“Ціхенька так, ціхенька так Бог людзям даў свой дар, Цудоўных бласлаўленняў моц, Дзівосны ў сэрцах жар. І хоць прыйшоў нячутна На свет, дзе правіць грэх, Пакорныя душы прымуць Яго, Бо Збаўцам нашым ёсць”.
Як кожны год, у вігілійны вечар 24 снежня ў гродзенскай катэдры была адпраўлена ўрачыстая Пастэрка. У святую ноч, калі сотні вернікаў, што сабраліся ў святыні, у вялікай задуменнасці затрымаліся перад загадкавай таямніцай прыходу на гэты свет Божага Сына, нашага Збавіцеля, кс. бп Аляксандр Кашкевіч унёс фігуру Дзіцятка Езус і паклаў яе ў яслі. У гэты ж час у касцёлах дыяцэзіі, як і ва ўсёй краіне, адпраўляліся св. Імшы на ўспамін чакання і малітвы пастухоў, якія накіроўваліся ў Бэтлеем.
    Звяртаючыся да вернікаў з гаміліяй, кс. бп Аляксандр падкрэсліў, што ў вігілію Божага Нараджэння гродзенцы духоўна яднаюцца з усімі братамі і сёстрамі Касцёла Гродзеншчыны, якія сабраліся ў святынях, а таксама з усімі хрысціянамі, рассеянымі па цэлым свеце, што належаць да вялікай сям’і, імя якой – святы каталіцкі Касцёл.
“Наша прысутнасць мае, безумоўна, вялікі сэнс. Мы прыйшлі на Пастэрку не толькі таму, што на яе прыходзілі нашыя продкі, што існуе такая традыцыя, што мы хочам сустрэць тут нашых сяброў і знаёмых. Мы сабраліся тут, каб даць сведчанне нашай веры і любові да Бога, які прыходзіць да нас, утоены ў чалавечым целе, – казаў кс. бп Аляксандр. – Разам з пастухамі, якія некалі першымі ўшанавалі Божае Дзіця на Бэтлеемскіх палях, мы таксама хочам праслаўляць тое слова, што стала целам і пасялілася паміж намі”.
    Іерарх таксама адзначыў, што нягледзячы на цемру ночы вакол нас, вачамі веры мы заўважаем вялікае святло, якое прыходзіць з вышыні і напаўняе нашыя сэрцы сапраўднай і глыбокай радасцю. Менавіта гэтую радасць меў на ўвазе анёл Пана, калі прамаўляў да напалоханых пастухоў: “Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан”. “Гэтая вялікая радасць напаўняе сёння сэрцы хрысціян ва ўсім свеце. У гэтую бласлаўлёную ноч Бог адорвае людзей самым каштоўным дарам, ссылаючы на зямлю свайго адзінага Сына. Народжаны Марыяй, Божы Сын становіцца адным з нас.
    Ён прыходіць на зямлю, каб нашай чалавечай мовай расказаць пра Бога, які ёсць любоў, прыходзіць, каб абвясціць нам, што ўсемагутны Бог – Пан неба і зямлі – з’яўляецца нашым Айцом, які любіць кожнага з нас і жадае нам шчасця. Прыходзіць, каб жывучы на зямлі навучыць нас, як мы павінны жыць, каб дасягнуць вечнага шчасця на небе”, – падкрэсліў пастыр.
    Кс. бп Аляксандр казаў таксама пра тое, што Бог спрадвеку рыхтаваў чалавецтва да прыходу Хрыста. Шмат разоў і рознымі спосабамі Бог некалі прамаўляў праз прарокаў, а ў гэтыя дні Ён прамовіў праз свайго Сына. Гэтага свята не дачакаліся ні патрыярхі Старога Запавету, ні прарокі. Не перажылі гэтую радасць святыя мужы Божыя. Яна з’яўляецца сёння нашай доляй. Таму трэба дзякаваць Богу за тую ноч, якая асвятліла цемру чалавецтва і дазволіла згубленаму, змучанаму, зняволенаму грахом чалавеку з радасцю і надзеяй заглянуць у будучыню.
    “Божае Нараджэнне – гэта прадвяшчэнне канца панавання граху і поўнай перамогі ласкі. Сёння да нас прыходзіць Адкупіцель, які на Дрэве Крыжа здзейсніць збаўленне ўсяго людскога роду. У гэтую бласлаўлёную ноч мы з верай і любоўю глядзім на простую і ўбогую стайню. Яна прыгадвае нам, што Божы Сын не выбраў велічны палац, каб нарадзіцца ў ім, не жадаў ушанавання ад вялікіх гэтага свету. Пан Езус нарадзіўся ва ўбогай стайні, каб кожны чалавек, незалежна ад таго, мудры ён і багаты, як Каралі з Усходу, ці ўбогі і просты, як пастухі з ваколіц Бэтлеема, мог свабодна, без страху прыйсці да Яго і пакланіцца Яму. Каб ніводзін чалавек не мог абвінаваціць Езуса ў тым, што Ён не ведаў жыцця. Яго жыццё было вельмі людскім, падобным на жыццё кожнага з нас. Ён прыйшоў на гэты свет так, як і мы – голы, безабаронны і слабы. Як і кожнаму дзіцяці, Яму была неабходна апека Марыі і Юзафа, Ён спазнаў голад і холад, пагрозу ўцёкаў і цяжкасці здабывання штодзённага хлеба. Ён адчуў таксама смак людскіх слёз, боль няўдзячнасці, адмовы і здрады. Урэшце, Ён перажыў балючую і бязлітасную смерць на крыжы. Таму ўсё людское не было Яму чужым. Ён перажыў усё гэта, бо палюбіў чалавека і ў імя гэтай любові стаў адным з нас. Таму свята Божага Нараджэння можна інакш назваць святам аб’яўлення Божай любові”, – падсумаваў іерарх.
    На заканчэнне Пастэркі кс. бп Аляксандр склаў усім сабраным вернікам святочныя пажаданні, падкрэсліваючы, што святы Божага Нараджэння прыгадваюць нам праўду аб Божай любові.
    “Кожны год мы ўрачыста адзначаем гэтыя падзеі, каб нашыя сэрцы яшчэ больш адкрыліся на дар Божай любові, каб мы дазволілі Пану Богу нас перамяняць, каб вучыліся кожны дзень адказваць на гэтую незразумелую, бязмежную Божую любоў нашай чалавечай недасканалай, але сапраўднай і шчырай любоўю”, – сказаў кс. бп Аляксандр.
    У святую ноч Божага Нараджэння пастыр дыяцэзіі пажадаў кожнаму сапраўднай хрысціянскай любові, якая мае свае вытокі ў асобе Езуса Хрыста, каб Божае бласлаўленне і багацце ласкі спадарожнічалі кожны дзень, каб у сем’ях запанавала згода, узаемная любоў, дабрыня, павага і зычлівасць. Іерарх ахінуў святочнымі віншаваннямі таксама ўсіх хворых і пакутуючых, адзінокіх і тых, хто па прычыне пажылога ўзросту ці хваробы не змог прыйсці ў святыню. “Яны прысутнічаюць у маім сэрцы, я даручаю іх Пану ў малітве, каб радасная сустрэча з Хрыстом, які да нас прыходзіць, стала і іх удзелам”, – сказаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.
    Затым гродзенскі ардынарый і іншыя душпастары падзяліліся белай, як снег, аплаткай амаль з усімі сабранымі ў катэдры вернікамі. Гэты цудоўны жэст прыгадаў усім, што ламаючы кавалачак “анёльскага хлеба”, мы дзелімся з бліжнімі любоўю, дабрынёй і добразычлівасцю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.