ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Ты – цуд

Слова рэдактара

 На зямным шары існуе мноства цудоўных рэчаў, якім радуецца вока і да якіх цягнуцца рукі. Некаторымі з іх мы нават спрабуем захапляцца на працягу ўсяго нашага жыцця. Людзі часта паўтараюць у такіх сітуацыях: “Гэта цуд!”, забываючыся, што для цуду не абавязкова патрэбна нешта выключнае і спецыяльнае, і не заўважаючы ў сваёй штодзённасці цуду ўласнага жыцця. Кожны з нас з’яўляецца цудам, а цудатворца – сам Бог, які стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве. Цудам з’яўляецца нашае жыццё, цудам з’яўляецца тое, што робіць кожны з нас. Не трэба чакаць, пакуль здзейсніцца цуд. Мы штодзённа можам сустрэць на сваім шляху Езуса, які і з’яўляецца цудатворцам.
    Але мы таксама сустракаем цудатворцаў сярод людзей. Гэта звычайныя людзі: настаўнікі, урачы, цырульнікі, простыя і звычайныя працаўнікі і г.д. Я – цуд, таму што Бог мяне любіць, любіць усіх людзей, усіх без выключэння. Любоў Езуса да нас неабмежаваная. Нават нашыя слабасці, памылкі, усякая нядбайнасць не абмяжоўваюць яе. Бог любіць мяне таксама, як Маці Тэрэзу і Яна Паўла II, пробашча і міністрантаў маёй парафіі, маладога чалавека і старэйшага, як любіць кожнага. Бог у нованароджаным Езусе адсланяе сваё аблічча на зямлі. Цуд Божага нараджэння здзяйсняецца ў кожным з нас тады, калі мы адказваем на Божую любоў. Гэты адказ вельмі нам патрэбны. Гэта цуд нашага зямнога жыцця, які вядзе нас да Бога. Не трэба думаць, што мы замалыя для цуду ці для таго, каб паўплываць на штосьці, што адбываецца навокал, бо змагаючыся з грахом і слабасцямі, мы становімся сведкамі цуду асабістага навяртання.
У перыяд Божага Нараджэння мы па-асабліваму ўзіраемся ў Бэтлеемскую стайню, дзе нараджаецца Хрыстос. Сюды спяшаюцца ўсе, каб стаць сведкамі самага вялікага цуду ў свеце. Будучы сведкамі такой вялікай падзеі, мы запрошаны жыць з Богам, які напаўняе нашае жыццё супакоем і радасцю, аптымізмам і надзеяй, верай і любоўю, напаўняе нашае жыццё цудам. Павер у гэта! Ты – цуд! Пераканайся ў гэтым! Божае Нараджэнне – самы адпаведны час.
   
    Дарагія Чытачы, Сяб­ры і Прыхільнікі газеты “Слова Жыцця”!
    Жадаем Вам, каб у святы Божага Нараджэння і Новага года любоў, надзея і душэўны супакой пасяліліся ў Вашых сэрцах і засталіся ў іх надоўга. Кожны з Вас у хвіліну Нараджэння Хрыста становіцца сведкам цуду нараджэння ўласнага жыцця. Хрыстос, прыходзячы да кожнага з нас, прыносіць з сабою сваё Валадарства, каб з’яднаць нас з Богам.
    Ад усяго сэрца жадаем Вам, каб з’яднанне з Богам прынесла ў гэты святочны перыяд Божага Нараджэння, а таксама на ўвесь новы год шмат духоўнай карысці кожнаму з Вас. Прыгадваючы адзін аднаму хрысціянскія заданні, няхай кожны праз сведчанне свайго жыцця пашырае праўду Божага Нараджэння. Езус прыходзіць на свет ва ўбогай стайні, каб цудоўным чынам прынесці ўсім нам радасць і супакой, якія могуць наталіць нашыя людскія сэрцы.
    Радасных і спакойных свят Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2015 года жадаем кожнаму з Вас!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.