ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Падарыць надзею

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    У апошні раз сустракаемся з Вамі, паважаныя Чытачы, у бягучым 2014 годзе. Хочацца верыць, што за гэты час рубрыка “На скрыжаванні” нешта пакінула ў Вашай свядомасці.
    І сёння праз паўсядзённасць мы разам ідзём да ісціны. Шукаем, спатыкаемся, але не спыняемся. Што важна, мы на правільным шляху.
    Снежаньскія разважанні датычаць надзеі як эмоцыі і адной з асноўных хрысціянскіх цнот. Паспрабуем напоўніць сваё сэрца надзеяй і стацца ёю для іншага. Задумаемся, колькі каштуе супакой і чаму ва ўсе часы шанаваўся надзейны чалавек. Заахвочваю да каментарыяў. Актыўныя чытачы будуць узнагароджаны.
    З Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “І будзеш спакойны, бо ёсць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бяспецы” (Ёв 11, 18)
    Надзея, вера і любоў – тры асноўныя хрысціянскія цноты. Надзея мае непасрэднае дачыненне да будучыні. Абапіраючыся на яе, чалавек атрымлівае супакой і суцяшэнне. У Бібліі сказана, што надзея дапамагае пераносіць цяжкасці, бо грунтуецца на даверы і ўпэўненасці.
        
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб нараджэнне Збаўцы прынесла супакой і надзею ўсім людзям добрай волі

   Распачынаецца Адвэнт, час чакання Божага Нараджэння. Гэтае свята нясе людзям супакой. Душы вернікаў напаўняюцца надзеяй – верай у светлую будучыню. І толькі чыстае сэрца можа адчуць поўную радасць ад прыходу Хрыста. Таму трэба рыхтавацца, трэба чакаць – і свята абавязкова знойдзе водгук у кожнай душы.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: надзея
   Чалавек жыве надзеяй. Часта незаўважна, неўсвядомлена. Напрыклад, я не сыходжу з працы, бо спадзяюся, што мне павысяць заробак. Я не бяру з сабой парасон, бо маю надзею, што дажджу сёння не будзе.
    Нездарма кажуць: забраўшы ў чалавека надзею, пазбаўляеш яго ўсяго. Бо гэта апошняе, з чым чалавек застаецца. Да таго і выслоўе: надзея памірае апошняй.
    Час паразважаць над тым, якая яна, мая надзея, і дзе шукаць падтрымкі, калі яна знікае.
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: падарыць надзею
   Падарыць прыемнае чаканне, не падмануць – праверыць намер. Няхай гэта не здаецца Вам досыць лёгкім. Надзея – станоўчая эмоцыя, але каб яе перажыць, чалавек павінен асэнсоўваць рэчаіснасць. Другімі словамі, чалавек спадзяецца свядома.
    Абсалютна для любога можна стаць падтрымкай, дастаткова жадання і адважнасці. Шляхоў да гэтага шмат. Многія здаюць кроў і становяцца донарамі, упэўненыя, што нечае жыццё будзе ўратавана. Надзею на лепшае жыццё інвалідам, бездаглядным, старым, пацярпелым ад стыхійных бедстваў і сацыяльных катаклізмаў дораць валанцёры. А часам, каб падарыць надзею, дастаткова проста апынуцца побач з адзінокім чалавекам у Калядны вечар...
   
  МЭТА МЕСЯЦА: стаць надзейным чалавекам
   Прыемна, калі ў цябе вераць, табе давяраюць. Тады ты апора. Як такім стаць?
    Не быць эгаістам, трымаць слова і разумець сваю адказнасць перад грамадствам. Лепш прамаўчаць, чым даваць неабдуманыя абяцанні. Бо даваць надзею і быць надзейным – далёка не адно і тое ж. Можна даць надзею і забраць яе, расчараваўшы чалавека сваімі неахайнымі паводзінамі. А надзейнасць выхоўваецца з маленства.
    Перш за ўсё, надзейным трэба быць для сябе. Толькі калі ты давяраеш самому сабе, можна стаць надзейным для іншага.
     
  АСОБА МЕСЯЦА: святая Барбара

   Нарадзілася Барбара ў заможнай сям’і. Яе бацька Дыаскур быў вядомым язычнікам у горадзе Іліёпаль. Рана страціўшы жонку, мужчына ўсю сваю любоў аддаваў дачцэ.
    Для яе ён збудаваў вежу з цудоўнымі пакоямі, каб схаваць ад чужых вачэй. Барбара адрознівалася асаблівай прыгажосцю, і таму простыя, нязнатныя людзі былі нявартыя сузіраць на яе, лічыў Дыаскур. Разам з дачкой у вежы знаходзіліся служкі, выхавацелі і язычніцкія настаўнікі.
    Зняволеная, Барбара з цікавасцю вывучала свет са сваіх вокнаў. Яна не магла пагадзіцца з тым, што яго стварылі залатыя, сярэбраныя і драўляныя бажкі, якія не могуць ні хадзіць нагамі, ні рабіць рукамі. Дзяўчына моцна жадала пазнаць сапраўднага Стварыцеля.
    І аднойчы Божая ласка напоўніла сэрца Барбары. Пасля гэтага дзяўчына не магла жыць спакойна: яна ўвесь час разважала пра Бога і імкнулася да Яго. Але побач не было нікога, хто б мог адкрыць ёй таямніцы святой веры і наставіць на шлях збаўлення. Калі прыйшоў час, бацька стаў клапаціцца аб шлюбе Барбары. Да дзяўчыны сталі сватацца многія высакародныя і знатныя юнакі. Але яна і чуць пра гэта не хацела! Дыаскур вырашыў, што трэба пачакаць, бо ён хацеў выдаць дачку замуж па добрай волі. Ён даў Барбары свабоду. Яна магла ісці куды захоча, і размаўляць з кім заўгодна. Праз нейкі час дзяўчына сустрэла ў горадзе хрысціян і была патаемна ахрышчана. Яна стала рэгулярна маліцца, пасціць і дала абяцанне захаваць у беззаганнасці сваё дзявоцтва.
    Калі Барбара паспрабавала навярнуць бацьку, той у ярасці быў гатовы забіць дачку. Дыаскур схапіў Барбару, прывёў да суддзі і абвінаваціў.
    Той паспрабаваў схіліць Барбару да “навяртання”. Але дзяўчына была непахісная, таму яе пачалі катаваць: яе бічавалі жыламі валоў, а раны расціралі валасяніцай. Ноччу да яе прыйшоў сам Хрыстос, які вылячыў раны і абяцаў Барбары вечнае жыццё. Гэта дадало ёй моцы і яна мужна прыняла самую страшную пакуту: пазбавілася галавы ад рукі ўласнага бацькі. За гэта Бог пакараў Дыаскура ўдарам маланкі, якая спаліла яго цела ў попел. У Іспаніі нават ёсць такая прымаўка: “ніхто не ўспомніць святую Барбару, пакуль не грымне гром”.
    Пазней у Іліёпалі на хвалу вялікамучаніцы была збудавана царква, дзе змясцілі яе мошчы. Святая Барбара намалявана Рафаэлем на карціне “Сіксцінская Мадонна”. Лічыцца заступніцай ад раптоўнай смерці. У каталіцкім Касцёле ўспамінаецца 4 снежня.
    Да якіх святых маліцца аб асаблівым заступніцтве ў снежні?
   Св. Францішак Ксаверый (3 снежня),
    св. Барбара (4 снежня),
    св. Мікалай (6 снежня),
    св. Леакадзія (9 снежня),
    св. Ян ад Крыжа (14 снежня),
    св. Мадэст (17 снежня),
    св. Вікторыя (23 снежня),
    св. Анастасія (25 снежня),
    св. Сільвестр (31 снежня).

    КНІГА МЕСЯЦА: “Адвэнт. Аповесць пра добрага пастуха”, Гунар Гунарсан
   Кожны год герой аповесці па імені Бенедыкт у час Адвэнту адпраўляецца ў горы ратаваць заблукалых авечак. Яго заўсёды суправаджаюць сабака Леў і баран Жалязяка. На гэты раз здараецца так, што ў гарах ім прыходзіцца змагацца не толькі за чужое жыццё, але і за сваё.
    Кніга створана на аснове рэальных падзей. 10 снежня 1925 года ў Ісландыі група мужчын адправілася ў горы на пошукі заблукалых авечак. Адным з герояў быў Бенедыкт Сігурйонсан па мянушцы Горны Бенсі. Усе акрамя яго вярнуліся з авечкамі ўжо 13 снежня. А Бенсі працягваў збіраць жывёл і з’явіўся толькі на другі дзень Каляд, пасля снежнай буры, калі суседзі ўжо сабраліся яго шукаць.
    Толькі ў ЗША тыраж кнігі дасягнуў 250 тысяч экзэмпляраў. Для многіх чытанне кнігі “Адвэнт” стала добрай традыцыяй напярэдадні Божага Нараджэння.
    Гісторыя пра шчырасць, адказнасць, міласэрнасць.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “не губляй надзею”, Дарына Качанжы

   Ёсць песні, паслухаўшы якія, хочацца жыць. Гэта як раз такая: рытмічная, з глыбокім зместам. Спявачка ўпэўнівае, што якім бы цяжкім не было жыццё, усё будзе добра, калі ты ўмееш любіць, маліцца і прабачаць. Варта мець у сэрцы надзею – і “ад тугі і мукі нас ратуе Бог”. У песні сцвярджаецца, што нягледзячы на нянавісць і зло, не трэба маркоціцца душою. “Даверся вечнай дабрыні Хрыста”.
    Неверагодна, але песня настолькі “зараджае”! “Як на небе сонца ўсім ззяе, так людзям ты дары сваё цяпло”. І сапраўды, сусвет хочацца ахапіць рукамі. Упэўнена, песня прыйдзецца даспадобы кожнаму.
   
Дзяліцеся ўражаннямі ад планавання свайго жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Дасылайце лісты на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ініцыятыўныя чытачы будуць адзначаны прызамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.