ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Маладыя беларускія іерархі – год пасля прызначэння

З жыцця Касцёла

Злева направа: кс. бп Юзаф, кс. бп Юрый, кс. бп Алег

Роўна год таму адбылася значная падзея, якая ўжо ўпісана ў сучасную гісторыю каталіцкага Касцёла ў Беларусі – прызначэнне папам Францішкам трох новых біскупаў: Юзафа Станеўскага, Юрыя Касабуцкага і Алега Буткевіча. Год – малы і адначасова вялікі прамежак часу. З моманту прызначэння іерархі не толькі звыкліся з высокім і адказным служэннем, але таксама паспелі асэнсаваць яго і шмат чаго зрабіць. У першую чаргу, прызнаўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, ён стараецца адпавядаць патрабаванням сучаснага часу для біскупаў – быць не функцыянерам, а пастырам. “Наш народ, калі бачыць біскупа, асабліва старэйшыя, староняцца неяк. Калі едзем па парафіях, ідзём і размаўляем з людзьмі, падыходзім да іх. А потым яны кажуць, што з біскупам размаўлялі. Проста трэба быць сынам гэтай зямлі, сынам гэтай традыцыі. Я ведаю гэты народ, я вырас тут, я ведаю іх радасці, пакуты, праблемы. Таксама ведаю, чаго яны ад мяне чакаюць. І я не спецыяліст па гаспадарчых справах, я павінен даць ім тое Евангелле, тую моц, якую сам атрымаў ад Бога, не захаваць сабе, а падзяліцца. І найлепш гэта рабіць не з аўтамабіля ці з курыі, а будучы паміж людзьмі. Так, як папа Францішак казаў: «Быць з імі, каб блаславіць; быць перад імі, каб весці; быць за імі, каб абараняць»”, – адзначыў біскуп Станеўскі ў размове з беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё.
У тым, што адна з галоўных спраў сучаснага біскупа – гэта самаўдасканаленне, упэўнены дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Прасцей кажучы, праца над сабой, а яшчэ сведчанне і імкненне да святасці – вось тыя тры кіты, на якіх павінна трымацца біскупскае служэнне. Не менш важным пытаннем з’яўляюцца суадносіны са святарамі, для якіх біскуп не павінен быць кіраўніком, начальнікам, а перш за ўсё братам, сябрам і бацькам, адзначыў беларускі іерарх. “Толькі тады, калі мы разам будзем ствараць адзін прэзбітэрый, мы атрымаем плён і будзем накіроўваць Божы народ у патрэбным напрамку. Асабліва важна гэта ў Беларусі, дзе нас яшчэ не вельмі шмат. Мы ўвесь час кажам пра адраджэнне Касцёла, а разбурыць, вядома, лягчэй, чым пабудаваць тое, што мы называем Касцёлам, які складаецца з людзей, а таксама духавенства. Наша галоўная мэта – дасягнуць адзінства, каб не было фактараў, якія нас падзяляюць, каб мы знаходзілі тое, што нас падзяляе і выкаранялі яго. Гэта таксама важны напрамак дзейнасці, які павінен быць у нашым Касцёле. Калі мы стараемся падтрымаць адзін аднаго, калі біскуп клапоціцца аб святарах, якія працуюць у розных парафіях, магчыма, няпростых парафіях, святар жа таксама чалавек, які можа мець свае праблемы; біскуп павінен адчуваць гэта і быць той падтрымкай, якая дае імпульс для далейшай дзейнасці. Гэта, я лічу, галоўнае ў адносінах біскупаў і святароў”, – адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.
    Касцёл у Беларусі не так даўно адзначыў 25-годдзе свайго адраджэння, але святкаваць перамогу рана, застаецца яшчэ шмат пытанняў, якія трэба вырашаць сёння і ў будучым. І значная частка кладзецца на плечы менавіта маладых біскупаў, у тым ліку біскупа Віцебскага Алега Буткевіча: ад аднаўлення знешніх структур у паўночнай дыяцэзіі краіны да аднаўлення парафіяльнага жыцця ў самых аддаленых раёнах. Толькі за адзін год працы ўсе праблемы не пераадолець, але галоўнае, як адзначыў віцебскі пастыр пасля свайго прызначэння, памятаць словы папы Францішка аб Касцёле бедным і для бедных. “Бласлаўлёныя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Гэтым чынам Папа падкрэслівае, што Касцёл і сёння не павінен страціць сваю місію – весці чалавека ў Божае Валадарства. І ў гэтым выпадку матэрыяльныя сродкі Касцёла не могуць быць мэтай, яны могуць быць толькі дапамогай у выкананні асноўнай місіі Касцёла. І ўбогасць – гэта такі стан чалавека, Касцёла, калі ён не разлічвае на матэрыяльны бок жыцця, а карыстаецца тым, што Бог дае ў гэтым свеце. Таму ўбогі чалавек або Касцёл – гэта той, які разлічвае на Божую дапамогу і Провід, а таксама карыстаецца матэрыяльнымі сродкамі менавіта ў справе выканання свайго задання”, – патлумачыў біскуп Віцебскі.
    У кожнага з біскупаў сваё бачанне, як кажуць, кола пытанняў, якія трэба вырашаць сёння. Зыходзячы нават з тэрытарыяльных асаблівасцей дыяцэзій, у якіх яны нясуць служэнне. У Віцебскай дыяцэзіі вялікая спадчына, але маладыя структуры. Гродзеншчына, як адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі, славіцца сваімі ўкаранёнымі і вельмі моцнымі каталіцкімі традыцыямі, але некаторая частка моладзі ў апошні час адыходзіць ад іх, і гэта праблема не толькі гэтага рэгіёна. У Магілёўскай вобласці, якой апекуецца дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі, святары вельмі актыўна ствараюць парафіі і аднаўляюць рэлігійнае жыццё, але ёсць праблема гэтак званых намінальных хрысціян, якія сутнасці веры яшчэ не дасягнулі. “Яшчэ трэба звярнуць увагу на такіх людзей, трэба працаваць у гэтым напрамку. Магчыма, павінна быць больш катэхізацыі для дарослых, для тых, хто яшчэ не разумее, што жыць з Богам кожны дзень – гэта вельмі прыемна і радасна”, – адзначыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Чалавек павінен ведаць свае карані: дзе ён нарадзіўся, у якую школу і які Касцёл хадзіў. Галоўнае, каб ён не закрываўся, нібыта гэта толькі маё. Мы павінны быць адкрытымі для ўсіх і на ўвесь Касцёл”, – упэўнены дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
    На траіх – розныя ўмовы, розныя задачы і адзіная звышмэта – прывесці чалавека да Бога. Праз год пасля прызначэння мы зноў жа жадаем беларускім біскупам плёну ў працы і сіл у пастарскім служэнні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.