ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Святарства – гэта дар і таямніца

З жыцця Касцёла

“Вы будзеце пасланыя, каб навучаць і асвячаць” – гэта заданні, што стаяць перад новымі святарамі, заданні, за якія яны павінны ўзяцца

Дзень 8 лістапада стаў днём вялікай радасці для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, якая ўзбагацілася новым і святарамі. Кс. бп Аляксандр Кашкевіч удзяліў святарскія пасвячэнні пяці дыяканам. Падчас урачыстасці, якая адбылася ў гродзенскай катэдры, радасцю напоўніліся сэрцы тых, хто адказаў “Так!” на голас Хрыста, які заклікаў іх да святарскай паслугі. Пасвячэнні прэзбітэрату былі надзвычай хвалюючым і радасным момантам не толькі для маладых святароў, але і для іх сем’яў, выхавацеляў і выкладчыкаў ВДС, пробашчаў родных парафій новапасвечаных, сабратаў, сяброў і ўсёй супольнасці мясцовага Касцёла.
Прэзбітэрскія пасвячэнні – вялікае свята як для Гродзенскай ВДС, так і для ўсёй дыяцэзіі. Гэта своеасаблівае жніво, бо менавіта дзеля гэтага дня клерыкі распачынаюць навучанне ў семінарыі, дзе праходзяць усебаковую фармацыю: людскую, духоўную і інтэлектуальную.
    Па традыцыі пасвячэнні папярэдзілі рэкалекцыі. Дыя­­каны перажылі іх у дыя­цэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, там у цішыні і засяроджанасці яны слухалі навуку, якую абвяшчаў кс. Здзіслаў Вэдэр SDB. Непасрэдна пасля рэкалекцый кандыдаты прыбылі ў гродзенскую катэдру, дзе ў акружэнні блізкіх і сяброў чакалі самага важнага моманту ў сваім жыцці – ускладання рук ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Само ўдзяленне пас­вя­чэнняў адбылося пасля літургіі Божага слова. Пасля Евангелля кс. рэктар Раман Рачко прадставіў дыяканаў ксяндзу біскупу і папрасіў удзяліць ім прэзбітэрскія пасвячэнні. Але перш чым надышоў доўгачаканы момант, ксёндз біскуп скіраваў усім сабраным, а асабліва кандыдатам, сваё пастарскае слова.
    “Сёння наш мясцовы Касцёл атрымлівае пяць працаўнікоў, якім ён даверыць нялёгкую і адказную задачу: яны будуць абвяшчаць Евангелле Хрыста словам і асабістым прыкладам жыцця, будуць удзяляць святыя сакраманты, каб умацоўваць і асвячаць вернікаў Божай ласкай, – такімі словамі распачаў сваю гамілію душпастар. – Яны будуць пасланыя, каб ахінаць бацькоўскім клопатам усіх, да каго Хрыстос іх пашле: дзяцей, моладзь, хворых і пажылых людзей, руплівых парафіян і тых, хто знаходзіцца далёка ад Касцёла, хто чакае ад святара святла Божага слова, дару малітвы і зычлівай дапамогі ў адшуканні дарогі навяртання”, – адзначыў кс. бп Аляксандр.
    Ардынарый таксама пад­крэсліў, што веліч заданняў, якія Хрыстос ставіць перад святарамі, можа часам пераўзыходзіць іх сілы, святар жа толькі чалавек, таму трэба памятаць, што гэта сам Хрыстос надае моц і паспяховасць святарскай паслузе. “Чым больш святар будзе ўсведамляць веліч дару, які быў яму дадзены, з тым большай радасцю і даверам ён будзе дзяліцца з тымі, да каго будзе пасланы. Каб здолець адчуць гэтую радасць і Хрыстовую моц, трэба перш за ўсё самому з’яднацца з Хрыстом”, – сказаў ксёндз біскуп.
    Іерарх таксама прывёў словы св. Аўгустына, які часта казаў сваім вернікам: “Я кармлю вас тым, чым сам жыву”. Кс. бп Аляксандр адзначыў, што толькі штодзённа паглыбляючы скарб веры, адкрываючы сэрца на Божую любоў, развіваючы ў сабе дух малітвы і ахвяры, святар здолее ўзбагаціць вернікаў, паказаць ім прыгажосць веры, стаць верагодным сведкам Хрыста і надзейным правадыром на шляху да збаўлення. “Вы як святары будзеце ўдзяляць ласку Хрыста. Езус будзе карыстацца вамі, каб удзяліць Божаму люду шчодрыя плады збаўлення”, – падсумаваў іерарх.
    Пасля гаміліі надышоў момант удзялення сакраманту пасвячэнняў. У дыялогу ксяндза біскупа з ксяндзом рэктарам была пацверджана годнасць кандыдатаў да прыняцця пасады святара. Затым дыяканы выразілі волю прыняцця святарства перад ксяндзом біскупам і сабранымі вернікамі. Пасля гэтага кандыдаты ўклалі свае рукі ў рукі кс. б-па Аляксандра на знак паслушэнства яму і яго наступнікам. Падчас літаніі да Усіх Святых дыяканы ўпалі ніцма, а вернікі маліліся за іх. Пасля літаніі пастыр усклаў рукі на кожнага кандыдата – гэта біблійны жэст перадачы святарскай улады. За ксяндзом біскупам свае рукі на кандыдатаў усклалі ўсе сабраныя святары. Затым ардынарый дыяцэзіі адспяваў малітву пасвячэнняў, якую ўсе прысутныя скончылі сваім “Амэн”, пацвярджаючы яе змест і святарскія пасвячэнні.
    Затым ксяндзы дапамаглі апрануцца новапасвечаным братам, замяняючы стулу з дыяканскага спосабу нашэння на святарскі і надзяваючы арнат, а ксёндз біскуп намасціў рукі новапрэзбітэраў святым алеем хрызма на знак незмываемай пячаткі прыняцця святарства. Затым кожнаму новапрэзбітэру з рук пастыра была перададзена патэна з хлебам і келіх з віном, неабходныя для цэлебрацыі Эўхарыстыі.
    Абрад пасвячэнняў завяршыўся перадачай знака супакою ксяндза біскупа і сабраных святароў з новапрэзбітэрамі.
    Затым распачалася Эўхарыстычная літургія. Упершыню ў жыцці разам са сваім пастырам новапрэзбітэры адпраўлялі Найсвяцейшую Ахвяру.
    На заканчэнне ўрачыстасці новапрэзбітэры звярнуліся да прысутных. Ад імя тых, хто прыняў пасвячэнні, кс. Аляксандр Семінскі сказаў: “Мы дзякуем Богу ў Тройцы адзінаму за дар жыцця, ласку св. хросту, праз які мы былі далучаны да Касцёла, а таксама за ласку паклікання да святарства, дзякуючы якому мы можам служыць Касцёлу”. Новапрэзбітэр выразіў удзячнасць ардынарыю кс. б-пу Аляксандру, які быў прыкладам бацькоўскага клопату, кс. б-пу Юзафу, які на працягу гадоў навучання ў ВДС фарміраваў у новапрэзбітэрах сапраўдную святарскую паставу. Кс. Аляксандр Семінскі накіраваў словы ўдзячнасці таксама кс. рэктару Раману Рачко, колу выкладчыкаў і выхавацеляў, якія старанна перадавалі ім праўды веры. Падзякаваў духоўным айцам, якія навучалі любові і духоўнаму жыццю, пробашчам родных парафій і парафій, у якіх праходзілі клерыцкую і дыяканскую практыку, а таксама ўсім ксяндзам, якія сустракаліся на іх жыццёвым шляху. Словы ўдзячнасці кс. Аляксандр накіраваў таксама бацькам, якія перадалі дар жыцця, навучалі веры і добрым учынкам.
    “Мы прагнем падзякаваць таксама братам клерыкам, якія спадарожнічалі нам у семінарыйныя гады, за іх братэрскае плячо і гатоўнасць аказаць дапамогу ў кожнай патрэбе. Дзякуем манаскім сёстрам за малітоўную падтрымку, а таксама ўсім родным, сябрам і парафіянам. Мы ўдзячны ўсім, хто аказваў нам дапамогу, асабліва малітоўную. Няхай Бог усіх бласлаўляе і ўдзяляе неабходныя ласкі, а Маці Божая мае іх у сваёй апецы. Усім за ўсё Аддзяч, Божа!” – сказаў кс. Аляксандр Семінскі.
    Дзень святарскіх пасвячэнняў сабраў шмат асоб, якія сваёй прысутнасцю і малітвай хацелі падтрымаць новапрэзбітэраў. Пасля заканчэння ўрачыстасці ўсе жадалі новым святарам, каб іх служба была напоўнена шчырай малітвай і самаадданасцю, каб кожны дзень, сядаючы побач з Хрыстом, яны слухалі Яго словы, становячыся такім чынам сапраўднымі Яго вучнямі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.