ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Вялікі набытак

Дзіцячы куточак

Са школы Люба вярнулася дадому ў дрэнным настроі. Яна моўчкі села на канапу. Мама адразу заўважыла незвычайныя паводзіны дачкі:
    – Ты чаго такая сярдзітая? Двойку атрымала?
    – Не, – буркнула Люба. – З адзнакамі ўсё добра.
    – Хтосьці цябе пакрыўдзіў?
    – Не!
    – А чаму ты такая сёння?
    – Нічога асаблівага не здарылася. Наташа сёння прыйшла ў новай куртцы.
    – Вельмі прыгожая куртка?
    – Так, ружовая такая, са стразамі, а на капюшоне белы мех! Усе глядзелі на яе з захапленнем, а Наташа проста ззяла ад шчасця!
    – Так?! І гэта цябе знервавала? Ты б парадавалася за сяброўку.
    – А чаму радавацца? У Наташы чарговая новая куртка, а ў мяне – старая, я яе ўжо тры гады нашу. І наогул, ва ўсіх дзяўчынак у класе новыя курткі! Ім бацькі ўвесь час штосьці купляюць. Толькі ў мяне няма ніякіх абновак.
– Любачка, мне б не хацелася, каб такія думкі з’яўляліся ў тваёй галаве. Ты ж ведаеш, што нам для цябе нічога не шкада, проста ў нас зараз часовыя цяжкасці. Твой брат Віктар служыць у войску, а тата хворы, і яму неабходны дарагія лекі. Грошай у нас хапае толькі на ежу. Таму мы не можам дазволіць сабе дадатковыя выдаткі. Бог дасць, і мы гэтыя цяжкасці перажывем. Пры першай жа магчымасці купім табе прыгожую новую куртку. Паглядзі на маё старое паліто. Скажу табе па сакрэце, – і мама перайшла на шэпт, – я таксама мару аб новым! Прынясі, мая дарагая, Біблію.
    Люба прынесла Біблію, і мама хутка адкрыла патрэбную старонку з Першага паслання св. апостала Паўла да Цімафея.
    Мама працягнула адкрытую Біблію дачцэ і Люба стала чытаць:
    – “Вялікі набытак – быць пабожным і задаволеным”.
    Мама ціхенька прыпыніла дачку:
    – Ты, напэўна, думаеш, што ружовая куртачка стала б для цябе вялікім набыткам, праўда?
    Люба кіўнула галавой.
    – А Бог лічыць, што ўсе нашы самыя дарагія і найбольш жаданыя рэчы не з’яўляюцца вялікім набыткам. Ён жадае адкрыць табе таямніцу, якая для многіх людзей закрыта. І калі ты хочаш яе ведаць, чытай далей.
    Таямнічасць ў словах мамы зацікавіла дзяўчынку, і яна стала чытаць далей:
    – “Бо мы нічога не прынеслі ў свет; ясна, што нічога не можам і вынесці з яго. Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым”.
    – Але, матуля, гэта так цяжка – быць задаволенай! – усклікнула Люба.
    – Так, цяжка. Але калі Езус будзе тваім Настаўнікам, ты зразумееш, што быць задаволенай – гэта вялікі набытак, і табе стане лёгка адчуваць сябе задаволенай. Ты толькі паглядзі, што з табой зрабіла незадаволенасць!
    – А што яна са мной зрабіла?
    – Па-першае, сапсавала табе настрой.
    – Ну, так...
    – Незадаволенасць кіруе табой і робіць у тваім сэрцы, што хоча.
    – Гэта як?
    – Дачушка, я нават не адразу цябе пазнала. Гляджу, заходзіць незнаёмая дзяўчынка – з хмурным тварам і крыўдай на ўвесь свет.
    – Ой, праўда, мама! Я з Наташай нават размаўляць не хацела.
    – Ды і са мной гатовая была пасварыцца. Запомні: незадаволенасць межаў не ведае. Яна разбурае межы свету, сяброўства, даверу.
    – Адкуль ты ўсё ведаеш, мама?
    – Я, вядома, ведаю больш, чым ты, але не ўсё! Толькі Бог ведае ўсё. Таму мы і звяртаемся да Яго. Ты памятаеш беднага чалавека, якога мы сустрэлі на Вялікдзень? Ты яшчэ заўважыла, што ён худы і адзенне ў яго зусім зношанае.
    – Памятаю. Я яму булачку дала і са святам павіншавала. А ён доўга дзякаваў і здароўя нам пажадаў. І яшчэ назваў мяне мілай паненкай. Вочы ў яго былі вельмі добрыя. Ён усміхаўся ўсім і віншаваў са святам.
    – Беднасць не перашкодзіла гэтаму чалавеку быць задаволеным і дарыць радасць іншым.
    – Ён таксама ведаў аб вялікім набытку?
    – Вядома! Толькі Пан ведае, што можа паслужыць нам на добрае, а чаго трэба пазбягаць.
    Любе стала сорамна за свае паводзіны. Яна падышла да мамы і абняла яе.
    – Вось цяпер я пазнаю маю дачушку, – мама моцна прыціснула Любу да сябе.
    З таго часу Люба вырашыла быць задаволенай, таму што Бог клапоціцца пра яе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.