ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

У падзяцы Маці Божай Кангрэгацкай

З жыцця Касцёла

Адной з самых дарагіх рэліквій з даўніх часоў, якой па праву ганарыцца парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, з’яўляецца добра вядомы і паўсюдна шануемы абраз Маці Божай Снежнай, які тут ушаноўваюць пад назвай Маці Божай Кангрэгацкай. 3 жніўня жыхары горада і ўсе, хто даручае сябе заступніцтву Марыі, з пакорай і шчырай верай дзякавалі за юбілей 350-годдзя пераносу ў Гродна гэтага цудатворнага абраза.
Юбілейныя ўрачыстасці абраза Маці Божай Кангрэгацкай папярэдзілі своеасаблівыя духоўныя практыкаванні, у межах якіх у катэдральным касцёле 31 ліпеня, а таксама 1 і 2 жніўня былі прамоўлены спецыяльныя казанні і малітвы. Ноччу з 2 на 3 жніўня ў катэдры адбылося ўсяночнае малітоўнае чуванне. Апоўначы была адпраўлена св. Імша пад кіраўніцтвам кс. б-па Юзафа Станеўскага, да самай раніцы адбывалася начная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, у якой прынялі ўдзел вернікі ўсяго горада.
3 жніўня распачаліся галоўныя юбілейныя ўрачыстасці. Каля пабрыгідскага касцёла было адпраўлена набажэнства на пачатак урачыстай працэсіі. Перад копіяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай сабралася мноства вернікаў, якія дзякавалі Маці Божай за шматгадовае заступніцтва і, як стагоддзі таму, даручалі сябе і свае сем’і Яе апецы. Сярод засяроджанага на малітве Божага люду прысутнічалі таксама, адаруючы гэтую цудоўную выяву Марыі, кс. бп Аляксандр Кашкевіч і ардынарый Пінскай дыяцэзіі кс. бп Антоній Дзям’янка, які ў свой час служыў у парафіі св. Францішка Ксаверыя.
    “Вы маеце вялікі скарб – Маці Божую, якая апекуецца горадам Гродна ўжо больш за 350 гадоў, – звярнуўся да вернікаў кс. бп Антоній. – Існуе выказванне, што там, дзе культ Маці Божай узрастае, там узрастае і вера, а дзе культ Маці Божай слабее, слабее і вера. Вы былі моцна прывязаны да Маці Божай, збіраліся каля Яе, таму на працягу гэтага часу Яна вяла вас да Хрыста”.
    Іерарх таксама адзначыў, што Маці Божая Кангрэгацкая ззяе не толькі ў горадзе над Нёманам: “Працуючы на Піншчыне, я ўбачыў, што цэлае пакаленне вернікаў, якія сутыкнуліся з гэтым абразом, перанеслі пабожнасць на тыя тэрыторыі”.
    Кс. бп Антоній Дзям’янка пажадаў вернікам, каб гэтая ўзнёслая ўрачыстасць 350-годдзя прысутнасці Найсвяцейшай Маці паспрыяла таму, што культ Яе будзе ўзрастаць, што Гродзенскі Касцёл, узіраючыся ў гэты цудатворны абраз, увесь час будзе ісці за Хрыстом, што вернікі будуць выпрошваць усе ласкі перад гэтым абразом, моладзь перад ім будзе ўзмацняцца ў веры, а тыя, хто мае пэўныя цяжкасці ў жыцці, знойдуць шлях да Бога.
    На ўспамін унясення цудатворнага абраза ў 1664 годзе пад гукі аркестра распачалася ўрачыстая працэсія з копіяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай у катэдральны касцёл, дзе апоўдні была адпраўлена ўрачыстая св. Імша. Катэдра была да краёў запоўнена людзьмі, якія прыйшлі ў святыню, каб даць сведчанне таго, што вернікі памятаюць аб сваёй Маці і прагнуць маліцца праз Яе заступніцтва, просячы, каб Тая, якая на працягу трох з паловай стагоддзяў валадарыць над берагамі Нёмана, бласлаўляла і выпрошвала ў свайго Сына патрэбныя ласкі. У адпуставай св. Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел таксама кс. бп Аляксандр Кашкевіч, кс. бп Юзаф Станеўскі і кс. бп Антоній Дзям’янка.
    “«Будзь праслаўлёная, Маці Божая!» – гэты прыпеў рэспансарыйнага псалма сённяшняй св. Імшы цудоўна перадае пачуцці нашых сэрцаў і нашых душ, калі мы збіраемся ў гэтай базіліцы, каб ушанаваць юбілей 350-годдзя прысутнасці ў Гродне цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай, – гэтымі словамі распачаў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – На гэтым абразе мы бачым Марыю з Дзіцяткам Езусам. Гэта вельмі сімвалічна, бо менавіта праз Марыю можна прыйсці да Езуса, і менавіта гэты шлях самы прыгожы, самы добры і самы верны”, – падкрэсліў іерарх.
    Мітрапаліт таксама адзначыў, што 350 гадоў у гісторыі Касцёла на гэтых землях – гэта вельмі шмат. Абраз Маці Божай Кангрэгацкай быў сведкам развіцця Касцёла, пульсавання веры, а таксама сведкам пераследу, калі замыкаліся святыні, калі забаранялася верыць, калі дзецям да 16-ці гадоў не дазвалялася хадзіць у касцёл, калі з кожным днём станавілася ўсё менш ксяндзоў. Потым гэты абраз стаў сведкам адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне, сведкам новага подыху Святога Духа, сведкам часу свабоды рэлігіі.
    “Катэдральны касцёл на працягу 28 гадоў не меў свайго святара, на алтары адпраўлялася г.зв. народная Імша, – прыгадаў ксёндз арцыбіскуп. – Калі прадстаўнікі ўлады ўвайшлі ў касцёл з намерам замкнуць яго, яны ўбачылі на падлозе крыж з людзей – так вернікі абаранялі касцёл, бо да гэтага іх заклікала Марыя”.
    Архіпастыр адзначыў, што крыж гродзенскага люду трываў два дзесяцігоддзя, але разам з людам пад крыжам стаяла Марыя. Гэта менавіта Маці Божая Кангрэгацкая заклікала гэтых людзей: “Не бойцеся! Надыдуць іншыя часы”. Іерарх прыгадаў таксама 1988 год, калі яму выпала быць першым пасля 28 гадоў пробашчам гродзенскай катэдры.
    “Гэта быў месяц люты, на вуліцы было холадна, але горача было ў людскіх сэрцах, – працягваў Мітрапаліт. – Я прыйшоў маліцца перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай, бо яшчэ мой бацька, прыводзячы мяне малога сюды, казаў: «Калі хочаш добра вучыцца, маліся да Маці Божай Студэнцкай». Затым быў 1989 год – 325-годдзе прыбыцця ў Гродна гэтага цудатворнага абраза. Я тады падумаў, што мы павінны арганізаваць вялікую ўрачыстасць. Была распачата навэнна: на працягу дзевяці субот вернікі прыходзілі ў святыню, каб маліцца перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай. Тады людзі ішлі ў святыню з дзецьмі і плакалі – цешыліся, што насталі новыя часы, якія вымаліла Марыя. Менавіта падчас трывання гэтай навэнны мяне прызначылі біскупам”. Іерарх падзякаваў Марыі за тое, што на працягу ўсяго гэтага часу Яна была з ім, а таксама за тое, што Яна была з гродзенскім людам, які перажыў кальварыю XX стагоддзя, а сёння змагаецца з новымі пагрозамі і праблемамі.
    Арцыбіскуп Тадэвуш звярнуў увагу на тое, што сучасны чалавек змагаецца са шматлікімі праблемамі, і ўсё больш людзей выбірае дарогу не да Бога, а ад Бога, думае аб абсалютнай свабодзе ад таго, каб быць Божым дзіцём.
    “Той, хто хоча быць чэмпіёнам свету, хто хоча прынесці нейкі плён, павінен плысці супраць плыні. Марыя вучыць нас, што мы павінны сказаць Богу “так”, сказаць, што згаджаемся з Яго воляй, хоць, можа, і не разумеем яе да канца, хоць усё нашае акружэнне думае інакш. Мы павінны выплысці на глыбіню нашага хрысціянскага жыцця, а таксама памятаць, што хрысціянства патрабавальнае, – падкрэсліў пастыр. – Народ гродзенскі, народ гэтай зямлі, пакланіся сёння Марыі, падзякуй за Яе прысутнасць і апеку і будзь заўсёды верны свайму хрысціянскаму пакліканню, будзь сапраўдным хрысціянінам, тым, які, па прыкладзе Марыі, на кожны Божы заклік гаворыць сваё “так”, – гэтымі словамі Мітрапаліт скончыў сваю гамілію.
    Урачыстасці 350-годдзя прысутнасці ў Гродне цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай скончыліся адспяваннем гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”. Пасля св. Імшы ў зале св. Яна Паўла II на тэрыторыі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі адбыўся навуковы сімпозіум у гонар Маці Божай у Кангрэгацкім абразе ў Гродне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.