ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Што значыць споведзь за ўсё сваё жыццё?

Задай пытанне

Мэтай і вынікам кожнай сапраўднай споведзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і супольнасцю, выпраўленне свайго жыцця, а таксама аднаўленне праўдзівага вобраза Бога ў сабе.
    Кожная першая споведзь чалавека ахоплівае ўсё папярэдняе жыццё. У выпадку дзіцяці, якое прыступае да споведзі ўпершыню, перыяд, за які яно спавядаецца, даволі невялікі. Здараецца і так, што ўжо сталы чалавек, ахрышчаны ў дзяцінстве, доўга не ўдзельнічаў у рэлігійным жыцці, а пазней, натхнёны ласкай Бога, навярнуўся і вырашыў прыступіць да споведзі за ўсё жыццё. У гэтым выпадку споведзь ахоплівае сапраўды доўгі перыяд. У каталіцкіх часопісах можна час ад часу прачытаць вельмі прыгожыя сведчанні тых, хто паяднаўся з Богам і Касцёлам пасля доўгіх гадоў. Св. Аўгусцін, які таксама перажыў навяртанне ўжо ў сталым узросце, напісаў: “Ты, Пане, добры і міласэрны. Ты сягнуў да самых глыбінь маёй душы. Адтуль, з глыбіні майго сэрца, Ты дастаў і далёка адкінуў неабсяжнасць сапсаванасці... Дзе ж была мая вольная воля на працягу столькіх гадоў? Якім прыемным нечакана стала для мяне быць свабодным ад дурных задавальненняў!” (Споведзь, IX, 1).
У каталіцкім Касцёле практыкуецца таксама генеральная споведзь, якая ахоплівае ўсё жыццё або нейкі яго перыяд. Такая споведзь з усяго жыцця дапамагае чалавеку глыбей спазнаць Божую любоў, больш пазнаць сябе, сваю слабасць і грэшнасць, яна вядзе да большай пакоры і выклікае агіду да грахоў, шчырае жаданне выправіцца і кампенсаваць за грахі мінулага.
    Такая духоўная дабравольная практыка вядома з даўніх часоў. Напрыклад, св. Тамаш з Аквіну лічыў яе вельмі карыснай для душы чалавека. У XIV ст. папа Бенедыкт XI дазволіў генеральную споведзь ва ўсім Касцёле. Св. Вінцэнт дэ Поль, вялікі апякун убогіх, спавядаючы людзей, якія былі на парозе смерці, заўважыў, што генеральная споведзь дае ім магчымасць адкрыць тое, чаго яны не ўсведамлялі на працягу ўсяго жыцця.
    Асаблівую ролю ў распаўсюджванні генеральнай споведзі адыграў св. Ігнацый Лаёла. У сваіх “Духоўных практыкаваннях” ён піша пра карысць генеральнай споведзі:
    1. Вернік узбуджае большы жаль, бо ахоплівае грахі і няправеднасць усяго жыцця.
    2. Рыхтуючыся да генеральнай споведзі, вернік лепш пазнае стан сваёй душы, брыдоту грахоў, што ў сваю чаргу вядзе да болю па іх прычыне і павялічвае заслугу.
    3. Вернік лепш рыхтуецца да прыняцця Найсвяцейшага Сакраманту, які дапамагае яму не ўпасці ў грэх і ўзрастаць у ласцы.
    Генеральная споведзь неабходна, калі хтосьці раней спавядаўся няшчыра ці без выканання ўсіх умоў. Можна прыступіць да генеральнай споведзі таксама з нагоды вельмі важнай жыццёвай падзеі (напр. манаскія абяцанні, сакрамант пасвячэнняў, шлюб, юбілей). Неабходна памятаць, што папярэднія грахі ўжо прабачаны Богам, а іх паўторнае вызнанне дапамагае ўбачыць веліч Божай міласэрнасці, якая праявілася ў жыцці верніка. Падрыхтоўка да генеральнай споведзі такая ж, як і да звычайнай, толькі адносіцца да большага прамежку часу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.