ГРОДНА
Нядзеля,
28 красавіка
2024 года
 

Адкрыць у сабе патаемныя сілы

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    Віншую Вас, мае паважаныя Чытачы, з трохгоддзем існавання ў газеце “Слова Жыцця” моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. Некаторых з Вас я ведаю асабіста, некаторых ніколі не бачыла. Незалежна ад гэтага кожнаму кажу асабістае “дзякуй”. Разам з Вамі мы сутыкаемся з цяжкасцямі, разважаем і нешта вырашаем, плануем, ведаем, што мы не адны – нас шмат. І разам мы можам многае.
    Вялікую справу робіць газета – наш з Вамі пасрэднік у дыялогу жыцця. Я ўдзячна ўсім супрацоўнікам, якія задзейнічаны ў справе распаўсюджвання Слова. Гэта рэдактары газеты, карэктары, вярстальшчыкі. Разам мы, спадзяюся, робім добрую справу.
    Тры гады – не так многа, але і нямала. Час падвесці вынікі і зрабіць адпаведныя высновы. Але не я павінна іх рабіць. Варта на гэта адказаць Табе, Чытач, той, дзеля каго ўсё гэта робіцца. Хацелася б пачуць Твой голас… Ён мне патрэбны. Вельмі...
    Сёння нас чакае роздум аб міражы бясконцай працы і новага пачатку без страты для сябе.
   З Богам.

   Выказванне з Бібліі: “І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 11).

   Ідэя бясконцага пачатку – аб ім кажа Бог. Ніколі не позна адгарнуць старонку і пачаць усё з нуля. Былі б шчырае жаданне перамяніць жыццё і нейкія рухі ў гэтым напрамку. “Ідзі”, – кажа Бог. Ён спадзяецца на вынік Тваіх намаганняў.
   
   Інтэнцыя месяца: каб ва ўсіх культурах шанаваліся правы і годнасць жанчын

    Некалі Максім Горкі выказаў думку аб тым, што мера ўсёй цывілізацыі палягае на адносінах да жанчыны. У гэтым месяцы скіроўваем сваю малітву на тое, каб жаноцкасць узносілася ў грамадстве на пастаменце павагі, самаадданасці і падзякі.  
        
   Прадмет разважанняў месяца: пачатак

   Для кожнага ён свой, адметны і непаўторны. Цікава, што для перамен у жыцці чалавеку часта неабходна змяніць месца жыхарства ці месца працы. Але ў гэтых выпадках ён рызыкуе пазбавіцца звычайных рэчаў у абмен на нешта новае. Існуе іншы варыянт: паспрабаваць жыць інакш з гэтай хвіліны, не прыносячы на алтар жыцця нейкіх глабальных змен. Проста ўдыхнуць больш паветра ў лёгкія і выдыхнуць з мэтай перамяніцца ўнутры, каб інакш аднесціся да таго, што існуе. Таму пачатак – гэта і перамены ў думках. Першапачаткова і абавязкова.
   
    Справа месяца: паставіць кропку
    Некаторыя нашыя справы прагнуць, каб пасля іх паставілі кропку. Яны абцяжарваюць жыццё і ствараюць міраж бясконцай незавершанасці. На самой справе дастаткова прыкласці намаганні, каб развітацца з мінулым і завяршыць працэс, якому, здаецца, канца-краю няма. Пасля чаго з’явіцца магчымасць для загалоўнай літары, пачатку нечага новага. А гэта не можа не радаваць: узнікае шанц на лепшыя змены, новы шлях.
   
    Мэта месяца: адкрыць у сабе патаемныя сілы
   Рэзерв сіл ёсць у кожнага чалавека. Нездарма кажуць пра другое дыханне або прыліў сіл. Справа ў тым, што хтосьці ўмее іх выкарыстоўваць, а хтосьці – не. Адны карыстаюцца сваімі ўнутранымі сродкамі пастаянна, другія – нават не падазраюць аб іх існаванні. Як толькі знаходзіцца ключ ад куфара з патаемнымі сіламі, чалавек пачынае жыць поўным жыццём. Што гэта за куфар?
    Гэта стымул жыцця, шчаслівага жыцця. Гэта клопат блізкіх, іх увага і разуменне. Калі на душы становіцца самотна і прыкра, важна не забыцца пра куфар з унутраным рэзервам – і тады зноў захочацца жыць, працаваць і тварыць.
     
святая Ганна-Кацярына Эмерык    Асоба месяца: святая Ганна-Кацярына Эмерык

   Нарадзілася 9 верасня 1774 г. на хутары Фламшэн (у той час землі Свяшчэннай Рымскай Імперыі), была адной з дзевяці дзяцей у сям’і. З ранніх гадоў дапамагала бацькам па гаспадарцы. Была схільнай да малітвы, прасіла Бога аб тым, каб паступіць у манастыр.
    Пазней дзяўчына стала звяртацца з просьбай аб прыняцці ў манастыр у многія ордэны, але ўсюды чула адмову ў сувязі з бедным пасагам. У Мюнстэры ордэн святой Клары даў згоду Эмерык пры ўмове, што яна навучыцца іграць на аргане. З радасцю дзяўчына ўзялася за навучанне нотнай грамаце ў мясцовага арганіста Зентгена. Але доўжылася гэта нядоўга – беднасць настаўніка заставіла яе зноў узяцца за працу, каб дапамагчы яго сям’і.
    Урэшце, у 1802 г. яна разам з дачкой арганіста Зентгена Кларай уступілі ў манастыр Агнетэнберг у Дзюльмене, аўгустынскі каталіцкі ордэн. Пры жыцці Эмерык цяжка хварэла і моцна пакутавала пры гэтым. Праз нейкі час у Ганны-Кацярыны з’явіліся стыгматы, якія дадавалі болю і пакуты. Урач, які аднойчы яе наведаў, да канца жыцця стаў яе верным сябрам, гатовым заўсёды дапамагчы і падтрымаць.
    Акрамя ма­літ­­вы за людзей, прыка­ваная да ложка Эмерык шыла адзенне для дзяцей з бедных сямей.
    Сустрэчы з ёю шукалі многія людзі. Вядомы нямецкі пісьменнік і паэт Клеменс Брэнтано сустрэўся з манахіняй у 1818 годзе, пасля чаго кожны дзень прыходзіў да яе, запісваў бачанні, якія затым былі апублікаваны ў кнізе “Бачанне бласлаўлёнай Кацярыны пра пакуты Збавіцеля Свету Пана нашага Езуса Хрыста”.
    Летам 1823 г. Эмерык пачула сябе горш. Не стала яе 9 лютага 1824 г. ва ўзросце 49 гадоў.
    У 1891 г. манах Пулен, зыходзячы з запісаў бачанняў Ганны-Кацярыны, знайшоў рэшткі царквы, якія цяпер лічаць домам Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі.
   
    Да якіх святых звяртацца з асаблівай малітвай аб заступніцтве ў сакавіку? Св. Казімір (4 сакавіка), св. Тэрэза Маргарыта (7 сакавіка), св. Васіль (22 сакавіка), св. Бяртольд (29 сакавіка).

    Песня месяца: “Анёл-ахоўнік”, Елка
   “Ты толькі анёл мой... Мяне абараняў ад нягоды любой”. Спявачка звяртаецца да Усявышняга і шукае словы, каб выказаць падзяку за прадстаўніка з нябёсаў. “Так многа суму ў маіх словах, так многа думак у рознакаляровых снах. Я схіляюся, нябесны Збавіцель, дзякуй, мой Анёл-ахоўнік”.

    Кніга месяца: “Проста аб складаным: кніга для тых, хто жыве для будучыні”, Аляксандр Гезалаў

    “Не кідай чытанне, – заахвочвае чытача аўтар кнігі, – таму што наперадзе ў цябе цудоўная магчымасць, зазірнуўшы, як у шчыліну, у маё мінулае, убачыць чужыя памылкі і зразумець, як мінімалізаваць свае. Гэта найвышэйшая ў свеце мудрасць – вучыцца на чужых памылках”. Кніга прысвечана дзецям, якія хутка пакінуць дзіцячы дом і апынуцца ў самастойнай рэальнасці, дзе няма выхавацеляў і спонсараў. Нягледзячы на тое, каму кніга прысвечана, яна будзе карысна і тым, хто вось-вось пачне знаёмства або ўжо знаёміцца з дарослым жыццём, з яго парадкамі і законамі. Увага звяртаецца на тое, што трэба ўмець прабачаць, думаць, аналізаваць, быць ветлівым і цярплівым. Кожнага з Вас могуць зацікавіць раздзелы “Твая прафесія – твой лёс”, “Ну, а дзяўчыны і хлопцы потым”, “Па адзенні і шляхі...” (аб рэпутацыі), “Твае першыя грошы”, “І вось людзі”, “Новае месца жыцця”, а таксама многія іншыя.
    Кніга напісана простай мовай для людзей, у якіх на пачатку дарослага жыцця могуць узнікнуць цяжкасці. Дапаможнік па лабірынтах самастойнасці. Аўтар шчыра зацікаўлены дапамагчы. “Ты народжаны быць паспяховым, таму што ты асоба. Ты чалавек. Грамадзянін. З павагай Аляксандр Гезалаў, выпускнік дзіцячага дома, мнагадзетны бацька”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  248

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.