ГРОДНА
Чацвер,
02 мая
2024 года
 

Каштоўнасці, якія не змяняюцца

Слова рэдактара

  Размаўляючы з пэў­най асобай пра сён­няшні свет, пра тое, што ў ім адбываецца і якія каштоўнасці выбірае сучасны чалавек, я пачуў дастаткова павучальныя словы, якія многае могуць даць для роздуму. Калі чалавек спатыкаецца на штосьці і падае, усе смяюцца, але калі ў кагосьці ўпадзе мабільны тэлефон ці, напрыклад, планшэт, тады ўсе перажываюць, ці ўсё ў парадку, ці ён не разбіўся выпадкам і да т.п.
    Мы павінны задумацца, якія каштоўнасці важнейшыя, што чалавек ставіць на першае месца і які сэнс такога выбару. У такім кантэксце можна казаць пра асобнага чалавека, краіну, народ ці інш. Я не хачу глядзець на карту Еўропы і разважаць, якія каштоўнасці пануюць у той ці іншай краіне. Я хачу паглядзець на наш край і падумаць, што для нас, яго жыхароў, самае важнае.
    Калі чалавек блытае розныя каштоўнасці і прыярытэты, пад пагрозу трапляюць менавіта самыя важныя, асноўныя духоўныя і рэлігійныя каштоўнасці, якія на працягу стагоддзяў фарміравалі хрысціянскую ідэнтычнасць нашага народу. Гэта вельмі сур’ёзная справа, якая патрабуе грунтоўнага абдумвання і засяроджання. Так, напрыклад, аналізуючы праблему рэлігійнага выхавання дзяцей, узнікае пытанне, ці лічаць яе бацькі найважнейшай справай і абавязкам, які павінны выконваць? Ці сям’я сёння моцная Богам? Ці хапае ў краіне касцёлаў? Ці малады чалавек, чуючы голас паклікання, не будзе яго заглушаць?
Старэйшае пакаленне экзамен веры ўжо даўно з поспехам здало. А ці зможа наша пакаленне таксама здаць гэты экзамен у сённяшнія часы?
    Веруючы чалавек павінен памятаць аб духоўных каштоўнасцях. Ён, перш за ўсё, не павінен забывацца, што акрамя цела ён мае і душу. Забыццё аб тым, што з’яўляецца найважнейшым, вядзе чалавека да паражэння. І гісторыя гэта ўжо шматразова пацвярджала. Сёння ўвесь народ, кожны чалавек таксама павінен скласці сваё сведчанне веры. Жыхары нашых зямель заўсёды былі моцныя Богам, а таму гэтае зерне ў нашых сэрцах павінна ўзрастаць, а не “гнісці”. Можа, гэта вельмі моцныя словы, але жыццё паказвае нам, як часта гэты скарб веры становіцца для нас нічога не вартым. Чалавек, які жыве ў такім становішчы, не заўважае, як сам губляе сваю вартасць. У такой сітуацыі ён адыходзіць ад таго, што цудоўнае, што паходзіць ад Бога, ён не разумее, чаму трэба радавацца.
    Хтосьці можа сказаць, што галоўнае – каб здароўе спрыяла, а астатняе неяк вырашыцца. Гэтае выражэнне трэба перафразаваць: галоўнае – каб вера была жывая ў народзе, тады ўсё астатняе будзе на сваім месцы. Народ, які мае сваю гісторыю, мае Бога ў сэрцы, павінен далей выхоўваць гэтую веру. Бог хоча, каб яна была доляй цэлага народу. Вера з’яўляецца ўдзелам у жыцці Бога, зваротам да Яго як да адзінага Пана, а таксама апіраннем толькі на Яго. Надзея на Хрыста і абсалютны давер Яму выражае нашу абсалютную веру ў Яго. Гэта вера народа, які выбірае сапраўдныя і вечныя каштоўнасці.
    Так, як некалі заклікаў бл. Ян Павел II: “Захавайце вернасць Хрысту, Яго Касцёлу”, так і мы сёння давайце возьмем гэтыя словы ў сэрца, каб зрабіць іх дэвізам не толькі надыходзячага перыяду Вялікага посту, але і дэвізам усяго свайго жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  244

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.