ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Хутка распачнецца перыяд Вялікага посту

На шляху да святасці

5 сакавіка ў Папяльцовую сераду каталіцкі Касцёл распачне літургічны перыяд Вялікага посту, які для кожнага з нас будзе нагодай, каб задумацца над сэнсам і вартасцю хрысціянскага жыцця, часам унутранай адновы і падрыхтоўкай да перажывання вялікай падзеі – Уваскрасення Божага Сына.
Як кожны год, уваходзячы ў перыяд Вялікага посту – час пакаяння, ачышчэння і навяртання – веруючыя людзі будуць старацца максімальна мабілізаваць сябе да ўчынкаў пабожнасці і любові, якія служаць нашаму навяртанню. Касцёл у сваю чаргу будзе заклікаць да малітвы, барацьбы з грахом, пакаяння, а таксама да роздуму над тым, што для нас істотна і важна; ён будзе заклікаць нас пераацаніць уласны стыль жыцця і проста пабыць сам-насам з сабой і з Богам. Адначасова кожны з нас будзе перажываць асабісты “Вялікі пост”, які стане часам змагання з самім сабой, паколькі не так і лёгка з належнай засяроджанасцю і шчырасцю прыступіць да 40-дзённай працы над сабой, каб стаць як мага лепшым і бліжэйшым да Хрыста.
Многія людзі ў час Вялікага посту бяруць на сябе выключна знешнія абавязкі: не есці салодкага, адмовіцца ад гучных забаў і інш., але разам з гэтым нельга забывацца пра душу, бо не хлебам адным жыве чалавек.
    Вялікі пост павінен кожнаму з нас дапамагчы знайсці Бога і знайсці сябе, абудзіць дабро, прывесці да большай намоленасці, дапамагчы ўбачыць Хрыста ў сваім жыцці, пачуць Яго словы і пачаць імі кіравацца. Не трэба баяцца прыйсці да Пана з усім сваім брудам – Ён заўсёды зможа выслухаць, супакоіць боль, бо Ён памёр для ўсіх нас і ўваскрос, каб мы мелі вечнае жыццё. Таму “як выбраны народ, мы ідзём за Табою, наш Бог і Правадыр, а Ты ў вогненным слупе паказваеш нам шлях паспешных уцёкаў з краіны граху і смерці”.
    Хрыстос, “будучы багатым, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”
    На гэтыя словы св. Паўла (2 Кар 8, 9) спасылаецца Папа ў прадстаўленым у Ватыкане пасланні на сёлетні Вялікі пост. “Што значыць для нас сёння заклік да беднасці, да беднага жыцця ў евангельскім сэнсе?” – пытае Папа. Ён указвае на “стыль Божага дзеяння”, прыгадваючы, што “Бог аб’яўляе сябе не ў постаці сусветнай улады і багацця, але ў постаці слабасці і беднасці”. Святы Айцец спасылаецца тут на таямніцу Уцелаўлення: “крыніца усяго гэтага – Божая любоў, любоў, якая з’яўляецца ласкай, ахвярнасцю, жаданнем блізкасці, якая, не вагаючыся, прысвячае і складвае ў дар саму сябе для дабра ўмілаваных стварэнняў. Любіць – значыць раздзяляць ва ўсім лёс любімай істоты”.
    “Бог не хацеў, – піша Папа, – каб збаўленне ўпала на нас зверху, як міласціна, удзеленая літасцівым філантропам, які дзеліцца чымсьці, што ў яго лішняе. Любоў Хрыста не такая! Калі Езус уваходзіць у воды Ярдана і прымае хрост з рук Яна Хрысціцеля, Ён робіць гэта не таму, што патрабуе пакуты і навяртання; Ён робіць гэта, каб стаць сярод людзей, якім патрэбна прабачэнне, сярод нас, грэшнікаў, і ўзяць на свае плечы цяжар нашых грахоў”.
    Святы Айцец таксама звяртае ўвагу на тыпы галечы, якая не з’яўляецца толькі беднасцю, але перажываннем яе “без веры ў будучыню, без салідарнасці, без надзеі”. Матэрыяльная галеча – гэта жыццё ва ўмовах, не годных чалавека, калі растоптваецца чалавечая годнасць. Маральная галеча – тая, якая робіць чалавека “нявольнікам дрэнных звычак і граху”, як тых, хто “трапіў у няволю алкаголю, наркотыкаў, азарту ці парнаграфіі”. І, нарэшце, духоўная галеча закранае нас, калі мы “аддаляемся ад Бога і адкідваем Яго любоў”.
    “Няхай у час Вялікага посту, – піша Папа на заканчэнне паслання, – увесь Касцёл будзе гатовы несці ўсім, хто жыве ў матэрыяльнай, маральнай і духоўнай беднасці, шчырае сведчанне аб пасланні Евангелля, сутнасцю якога з’яўляецца любоў міласэрнага Айца, гатовага прытуліць у Хрысце кожнага чалавека. Мы будзем здольны да гэтага ў той ступені, у якой мы прыпадобнімся да Хрыста, які стаў бедным і ўзбагаціў нас сваёй беднасцю. Вялікі пост – гэта час пазбаўлення: нам стане добра, калі мы падумаем, чаго можам пазбавіцца, каб дапамагчы іншым і ўзбагаціць іх сваёй беднасцю. Давайце не будзем забывацца, што сапраўдная беднасць балючая: пазбаўленне было б нічога не вартае, калі б не было балючым. Міласціна, якая не баліць, будзіць мой недавер”, – дадае Святы Айцец.
   
Што дапаможа добра перажыць Вялікі пост:

    • Устрыманне ад некаторых страў ці іншых прыемных рэчаў, што дапаможа ў “падаўленні ўласнай пыхі”.
    • Міласціна, якая дапаможа нам вызваліцца ад эгаізму і адначасова адкрые вочы на блізкіх, што знаходзяцца ў патрэбе.
    • Малітва, якая дапаможа слуханню Божага слова, навучыць нас шукаць і адкрывацца на волю Бога ў нашым жыцці.
    • Велікапосныя рэкалекцыі, якія дазволяць перажыць і адчуць у парафіяльнай супольнасці асабліва інтэнсіўны час ласкі і перамяніць жыццё, якія вызначаць нам мэту нашай працы, узмоцняць нас у прынятых пастановах і дадуць нам сілу, каб прыкладваць намаганні.
    • Сакрамант пакуты і паяднання, які асвеціць усе нашы намаганні, каб пакончыць з грахом і з’яднацца з Богам і людзьмі. Але споведзь трэба ацэньваць не толькі як велікапосны абавязак, а як сапраўднае жаданне паяднацца з Богам.
    • Набажэнствы Крыжовага шляху і Песень жальбы, дзякуючы якім можна лепш перажыць таямніцу Пакут і Смерці Езуса. Яны таксама звязаны з ласкай поўнага адпусту.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.