ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Надзея залатой рыбкі

Дзіцячы куточак

“Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне”.(Флп 4, 13)
У хаце, што стаяла на беразе возера, у вядзерцы з вадой плавалі рыбы. Трапілі яны туды не па сваёй волі – іх злавіў у возеры рыбак. Ён якраз збіраўся іх пачысціць, каб потым засмажыць на вячэру. Ён выцягваў адну рыбіну за другой. Была сярод гэтых рыб адна маленькая залатая рыбка, якая ніяк не хацела трапляць на патэльню. Яна не губляла надзеі вярнуцца ў халодную ваду роднага возера. Вядома, яна не ведала, дзе засталося яе возера, але спачатку ёй трэба было выбрацца з гэтага вядзерца. Усяго адзін скачок – і яна апынулася на падлозе. Рыбак убачыў залатую рыбку, злавіў яе і кінуў назад у вядзерца. Праз пару хвілін рыбка ізноў скакала па падлозе хаты. Рыбак раззлаваўся, схапіў рыбку і зноў кінуў у ваду. Але яму стала цікава, і ён уважліва стаў разглядаць гэтую маленькую рыбку ў прыгожым залатым уборы, якая так хацела жыць. Было відавочна, што яна адрознівалася ад другіх рыб. Калі рыбак апусціў руку ў ваду за наступнай рыбай, залатая рыбка зноў выскачыла з вядзерца. Побач са сталом стаяла вялікае вядро. Рыбак выліў ваду разам з рыбамі з маленькага вядзерца ў вялікае вядро і працягваў працаваць. Але кожны раз, калі ён апускаў у вядро руку за наступнай рыбай, маленькай непаседзе ўдавалася вышмыгнуць.
Рыб у вядры станавілася ўсё менш. Маленькая рыбка тужліва глядзела ўгару, але здавацца не збіралася. Яна сабрала ўсе сілы... зрабіла рывок... і зноў апынулася на волі! Рыбак ізноў схапіў рыбку сваімі вялікімі рукамі і ўжо хацеў аглушыць яе, але не змог гэтага зрабіць, бо рыбка цудоўна блішчала, калі на яе падала сонечнае святло. “Ну і махлярык”, – сказаў ён і кінуў рыбку назад у вядро.
    Пяць, чатыры, тры... Нарэшце ў вядры засталося толькі дзве рыбы: адна мёртвая і маленькая залатая рыбка, якая не жадала здавацца. Яна кідалася і білася з апошніх сіл. Калі рука рыбака апынулася ў вадзе, каб схапіць яе, у рыбкі зноў атрымалася выскачыць. Рыбак замяніў у вядры ваду на свежую і кінуў у яе непакорлівую рыбку. Трохі падумаўшы, ён узяў вядро, спусціўся да возера і выпусціў залатую рыбку. Рыбак убачыў, як яна знікла ў вадзе возера, і яшчэ доўга стаяў на беразе і думаў пра адвагу і волю да жыцця гэтай маленькай рыбкі.
    Нас нельга перамагчы, калі мы не здаёмся! Кожны раз, калі табе дрэнна, калі здаецца, што ўсё страчана, успомні гэтую маленькую залатую рыбку, якая так хацела жыць!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.