ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Каб кожны мог сказаць Яму “Тата”…

На шляху да святасці

Вольга ПінкевічЧалавеку, які не верыць у Бога, так складана жыць!” – думала я. Людзі наўмысна адпіхваюць ад сябе Айца, бо імкнуцца да арыгінальнасці, непаўторнасці, самастойнасці... Але мяне гэта не ўражвала. Мне было іх шкада. Шкада тых, хто гаварыў: “Я ахрышчаны, але хрысціянства мяне абмяжоўвае, таму я захапіўся будызмам. Я сам вольны выбіраць сваю веру”. Гэта мяне не ўражвала ніколі. Але я проста не магу паверыць сваім вачам, калі бачу ў касцёле моцных мужчын, якія, стоячы на каленях, цалкам аддаюцца Богу ў малітве. Вось гэта мяне захапляе! Калі чалавек, які ў трыста разоў больш за іншых мог бы крычаць “я сам!”, у такой пакоры стаіць перад Панам. У гэтым я бачу Божую магутнасць. І Божую любоў. Бо мы атрымліваем паводле жадання сэрцаў нашых: “Прасіце і будзе дадзена вам” (Мц 7, 7). І калі волат-велікан, як дзіця, прыходзіць да Айца, то ці ўспомніць Ён пра моц ягоную? Ён абдыме свайго сына, выслухае і дасць суцяшэнне... І ў гэтым вялікая Божая міласэрнасць.
Але гэта я разумею цяпер. Раней так не было. У якісьці момант я адчула, што ўва мне няма той радасці, што бывае ў чалавека, які цалкам давярае Богу. І прычыну я знайшла. Добра памятаю той вечар. Гэта быў невялічкі касцёл у гарах. Адарацыя ў маўчанні. Сонца ўжо даўно схавалася, за вокнамі было непраглядна цёмна. А ў касцёле толькі дзве свечкі і Найсвяцейшы Сакрамант. І поўная, усёпаглынальная цішыня. Людзей, якія маліліся побач, быццам не было. Толькі ты сам-насам з Езусам.
    Тады я не магла спыніць слёзы. Гэта было вельмі моцнае ачышчэнне, момант, калі адчыняюцца дзверы тваёй душы і, можа, упершыню бачыш тое, чаго сам пра сябе не ведаў. Самае патаемнае. Тое, што адкрылася мне, выклікала жах: я зразумела, што не веру ў Божую міласэрнасць...
    Усё сваё жыццё я верыла. У Тройцу, ва ўваскрасенне, у прабачэнне грахоў, у вечнае жыццё душы... Але не верыла ў міласэрнасць Пана. Як страшна было гэта адкрыць! Як страшна было сабе ў гэтым прызнацца, калі кожны дзень а 15-й гадзіне Касцёл моліцца Вяночкам да Божай міласэрнасці, калі ведаеш пра тысячы цудоўных аздараўленняў, калі бачыш сапраўдных хрысціян, напоўненых святлом, любоўю і радасцю... Тады я была ўпэўнена – лічу так і цяпер! – што чалавек павінен радавацца таму, што мае, што трэба дзякаваць Богу нават за самае нязначнае. Але пасля гэтай думкі мяне ахопліваў страх. У мяне ёсць усё для шчасця: сям’я, здароўе, надзейныя сябры, касцёл, любімая справа, а я не заўсёды адчуваю сябе шчаслівай! Значыць, Бог абавязкова адрэжа мне руку ці нагу, каб я ўбачыла, што для шчасця ў мяне было ўсё, і пачала годна праслаўляць Пана.
    Уявіце сабе, якім жорсткім я бачыла Бога. Мне адразу прыгадалася мноства выпадкаў, калі тыя, хто больш за ўсё шанаваў Бога, скончылі жыццё пакутніцкай смерцю... Але ў той жа вечар у мяне здарылася размова, якая дала мне адказы на мае пытанні.
    Не кожная наша думка паходзіць ад нас саміх. Ёсць такія, якія пасылае нам злы дух. Ён можа так доўга ўліваць якуюсьці ідэю ў свядомасць чалавека, что хутка яна пачынае здавацца сваёй. Не дарма ж мы ў малітве “Ойча наш” просім: “...і захавай нас ад злога”. Не ад якогасьці абстрактнага “злога”. А ад канкрэтнай асобы.
    Чалавек, які сур’ёзна ставіцца да сваёй веры, заўсёды сустракаецца з сумненнямі. Бо гэта нармальна. Бо ён аналізуе, імкнецца зразумець, шукае глыбіню. Нават у святой Тэрэзы ў якісьці момант жыцця былі сумненні. Яна пісала: “Калі Бог існуе, – калі ласка, прабач мне”. Сумнявалася, але як выконвала Яго волю! Можна верыць, што Бог міласэрны, а можна сумнявацца. І нават калі на долю секунды ўявіць, што гэта не так, то ці не лепш усё роўна верыць?
    Уявіце сабе добрага, мудрага бацьку, які любіць сваіх дзяцей усім сэрцам. У аднаго з дзетак нешта не атрымліваецца з дамашнім заданнем. Таму бацька, каб малы назаўсёды зразумеў і запомніў, адрэжа яму руку??? Але ж гэта абсурдна! Так жа, як і мая боязь жорсткага Бога... Як можна было забыцца пра тое, што Ён – Тата? Ды не проста Айцец, а Той, хто аддаў свайго адзінароднага Сына на страшную смерць несправядліваму, сляпому, чэрстваму чалавецтву! І гэта дзеля таго, каб кожны мог сказаць Яму “Тата”...
    Ён кожнага адарыў талентамі і сваёй любоўю. Ён даў нам магчымасць прыходзіць да Сябе і пазнаваць. Ён прабачыў нам нават мучэнне Хрыстовае... Бо калі б не прабачыў, то ці пакінуў бы Ён нам шанс вызнаваць Яго Імя? Ці пакінуў бы Ён камень на камені?
    Ён не толькі выканаў абяцанне, якое даў Ною, не толькі пакінуў нам жыццё, але і даў шанс на шчаслівую вечнасць. Вечнасць побач з Сабою. Там, дзе ўжо ніхто не пакрыўдзіць. У абдымках міласэрнага Таты.
    P.S. З “Дзённіка” святой сястры Фаўстыны. Словы Езуса Хрыста: “І бесы выхваляюць Маю справядлівасць, але не вераць у Маю дабрыню. Маё Сэрца радуецца званню міласэрнасці. Скажы, што міласэрнасць – найвялікшая якасць Бога. Усе справы Маіх рук увенчаныя міласэрнасцю”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.