ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Супольная малітва аб прымірэнні і еднасці

З жыцця Касцёла

Падчас абраду перадачы святла ад запаленага ПасхалаЭкуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян адбылося ў гродзенскай катэдры 23 студзеня. Падчас малітоўнай сустрэчы вернікі і духоўныя асобы розных хрысціянскіх веравызнанняў прасілі Езуса Хрыста, адзінага і непадзеленага Збаўцу свету, аб’яднаць і прабудзіць усіх хрысціян да сумеснага клопату аб еднасці.
Экуменічнае набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Да супольнай малітвы далучыліся таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій: праваслаўны святар айцец Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі пры абласным шпіталі, і пастар лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў.
Сустрэча пачалася ўра­чыстай працэсіяй з крыжам – сімвалам еднасці ўсіх хрысціян, пасхалам, кадзілам і Евангеллем. Вітаючы прысутных, кс. бп Аляксандр заахвоціў паразважаць над словамі апостала Паўла з Першага Паслання да Карынцянаў: “Ці Хрыстос падзелены?” (параўн. 1 Кар 1, 1–17). Менавіта гэтыя словы былі абраны за галоўную тэму сёлетняга Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян.
    “На самой справе, гэта правакацыйнае пытанне, якое задае апостал Павел, заахвочваючы нас усіх да малітвы і намаганняў, каб, паважаючы адзін аднаго, разам будаваць еднасць Містычнага Цела Хрыста, якім мы ўсе з’яўляемся. Езус Хрыстус, непадзелены, адзіны Збаўца свету, няхай аб’яднае нас падчас гэтай малітвы”, – падкрэсліў іерарх.
    Затым наступіла літургія Божага слова, пасля якой прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій звярнуліся да вернікаў з прамовамі.
    Айцец Аляксандр Хомбак у сваёй прамове адзначыў, што як у ракі ёсць два берагі, так у хрысціянства ёсць дзве грані – гэта адзінства, дзякуючы якому мы гаворым аб хрысціянстве, а не хрысціянствах, і разнастайнасць. Адзінства хрысціян палягае на галоўным, г.зн. Хрысце, а разнастайнасць палягае на ўсім іншым: звычаях, абрадах, меркаваннях унутры розных хрысціянскіх канфесій. Айцец Аляксандр падкрэсліў, што той, хто выступае супраць хрысціянскага адзінства, з’яўляецца ворагам Хрыста.
    У сваю чаргу пастар евангелічна-лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў падкрэсліў, што хрысціян падзяляе чалавечы фактар, а не Божы, паколькі Гасподзь не можа дзяліць, бо Ён аб’ядноўвае і стварае, бласлаўляе, дае згоду і выратаванне.
    “Мы, хрысціяне, пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім людзям, незалежна ад іх веравызнання, пры гэтым мы павінны рабіць гэта не толькі словам, але і справай, сведчыць усім сваім жыццём. Менавіта дзякуючы супольнай малітве адзін з адным і адзін за аднаго мы шукаем шляхі да дыялогу”, – сказаў пастар Уладзімір.
    Падсумоўваючы разва­жанні на тэму еднасці хрысціян, кс. бп. Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ўсе мы абвяшчаем Хрыста, усіх Бог кліча да святасці і збаўлення. Мы маем сумесныя хрысціянскія мэты, імкнёмся быць вернымі словам Хрыста, жадаем клапаціцца аб развіцці сваіх хрысціянскіх і духоўных супольнасцей і ўсяго нашага грамадства. Ёсць больш спраў і рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць, і значна менш таго, што нас раздзяляе. Нас могуць адрозніваць знешнія формы, рэлігійныя цырымоніі, вопратка духоўных асоб і структура супольнасцей, разуменне некаторых праўд веры і дагматаў. Але калі мы будзем толькі шукаць адрозненні, то можам згубіць асноўную мэту нашага жыцця ў святле Божага слова. Мы ведаем, наколькі балючыя падзелы паміж блізкімі людзьмі, у сем’ях і грамадстве, ведаем аб тым, што падзелы вядуць да новых канфліктаў і непаразуменняў.
    “Апостал Павел у Першым Пасланні да Карынцян глыбока перажываў падзел паміж хрысціянамі. У першых словах свайго Паслання ён заклікае, каб усе хрысціяне заўважылі ў сабе аднолькавую Божую ласку і дары, дадзеныя Хрыстом, у якім усе маюць духоўнае багацце. Апостал Павел просіць, каб праз імя Хрыста ўсе былі згодныя паміж сабой, каб не было разломаў. Словы Апостала падказваюць і нам, якім чынам мы можам дацаніць адзін аднаго. На шчасце, мы маем шмат прыкладаў супрацоўніцтва хрысціян і еднасці паміж імі. Трэба дзякаваць тым, хто можа ўшанаваць хрысціяніна іншага веравызнання, не глядзець на яго як на ворага, але прызнаць яго за брата ці сястру ў Хрысце Пану. Асабліва ў нашым шматкультурным асяроддзі, дзе развіваюцца дзве асноўныя традыцыі хрысціянства (усходняя і заходняя), нам патрэбны ўзаемны клопат аб адзінстве. Служэнне адзін аднаму ў дабрыні і праўдзе яшчэ больш прыблізіць нас да Хрыста. І няхай гэта будуць маленькія, сціплыя крокі хрысціянскага служэння ў любові, але трэба ісці наперад, каб дайсці да Хрыста, нашага Збаўцы”, – падкрэсліў іерарх.
    Пасля адбыўся абрад святла: ксёндз біскуп запаліў ад Пасхала свечкі і перадаў іх святло прадстаўніку кожнай Царквы. Затым усе прысутныя супольна памаліліся і перадалі адзін аднаму знак супакою. На заканчэнне набажэнства Яго Эксцэленцыя падзякаваў за супольную малітву і ўдзяліў усім пастарскае бласлаўленне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.