ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Вярэйкі

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Звестак аб існаванні тут каталіцкіх святынь да ХIХ ст., калі Вярэйкі сталі ўласнасцю роду Біспінгаў, у архіўных крыніцах пакуль не знойдзена. У чэрвені 1826 г. мясцовыя вернікі рымска-каталіцкага веравызнання атрымалі дазвол на заснаванне ўласнай святыні. Закладзенаму касцёлу надалі статус філіяльнага ад рэплеўскай парафіі. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны – аднавежавая безапсідная з трансептам цагляная і атынкаваная святыня ў класіцыстычным стылі – быў збудаваны ў 1848 г. на ўзвышшы ў цэнтры вёскі на сродкі Аляксандры з Біспінгаў Светчынавай (хутчэй за ўсё, яна, як фундатарка, пасля смерці была пахавана каля касцёла, а калі касцёл быў адабраны пад царкву, надмагілле панны Аляксандры было знішчана, а астанкі перапахаваны ў родавым склепе Біспінгаў пры касцёле ў Вялікіх Эйсмантах Бераставіцкага дэканата. Па іншых звестках, пасля смерці яе адразу маглі пахаваць у Вялікіх Эйсмантах. Так ці інакш, цяпер пліта з яе надмагілля знаходзіцца перад касцёлам у Вялікіх Эйсмантах на надмагіллі Біспінгаў).
Цяпер касцёл бязвежавы і безапсідны, прамавугольны ў плане. Галоўны фасад пазначаны шасці­калонным порцікам, у конхавых нішах усталяваны каменныя фігуры святых Пятра (злева) і прарока Маісея. Над уваходным праёмам спачат­ку знаходзілася закладная пліта, дзе, верагодна, былі адзначаны даты пабудовы і імёны фундатараў святыні, але яна, на жаль, знішчана, а яе месца затынкавана. Пасярэдзіне бакавых фасадаў змешчаны трохвугольныя фран­тоны. Касцёл накрыты двух­схільным бляшаным дахам.
    Інтэр’ер залавы, перакрыты плоскай падшыўной атынкаванай столлю. Унутры тры мураваныя алтары. Галоўны алтар старажытны, у стылі класіцызм, дзве пары пілястраў нясуць трохвугольны франтон з Усёвідушчым Вокам, у цэнтры змешчаны абраз Уваскрасення Пана Езуса. Бакавыя алтары створаны ўжо ў наш час, пасля адраджэння касцёла: у левым змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, у правым – тытульны абраз св. Станіслава (парафіяне лічаць, што тытул касцёла падвойны – яшчэ св. Станіслава, біскупа і мучаніка). Пад касцёлам знаходзіцца крыпта-пахавальня (замураваная ў 1990-я гг.). На пілястрах прэсбітэрыя змешчаны гіпсавыя выявы святых апосталаў Якуба і Паўла (незвычайнае суседства звязана, магчыма, з тым, што выявы астатніх Апосталаў знаходзіліся на пілястрах малітоўнай залы). Над уваходам зроблены балкон арганных хораў, які абапіраецца на ўнутраны тамбур.
    Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з брамай у выглядзе атынкаваных цагляных слупкоў. Справа ад касцёла быў узведзены працяглы драўляны аднапавярховы будынак плябаніі. У 1865 г., 19 чэрвеня, разам з іншымі шматлікімі каталіцкімі святынямі на хвалі рэпрэсій пасля паражэння паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл у Вярэйках быў зачынены (паведамленне вернікі атрымалі яшчэ 15 студзеня) і 3 лістапада 1866 г. перададзены ў праваслаўнае ведамства. У хуткім часе былая каталіцкая святыня была цалкам перабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Быў зменены дэкор над праёмамі, а таксама завяршэнне вежы-званіцы, над сяродкрыжжам з’явілася цыбулепадобная глаўка.
    У 1921 г. святыню нарэшце вяр­нулі каталіцкай супольнасці. У выні­ку рэканструкцыі былі разабраны вежа-званіца і крухта, на іх месцы ўзвялі шасцікалонны порцік. Новую вежу-званіцу (трох’ярусную чацверыковую шатровую) пабудавалі ў стылі неакласіцызм справа перад касцёлам. Касцёл быў ізноў асвечаны пад гістарычным тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны. Колькасць вернікаў вярэй­каў­скай парафіі перад Другой сусветнай вайной была больш за 2000 чалавек, да парафіі належала драўляная капліца на парафіяльных могілках, якая была пабудавана на мяжы 1920-30-х гг. Могілкавая капліца прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Уваход пазначаны невялікай крухтай, галоўны фасад завершаны чацверыковай вежачкай.
    У жніўні 1952 г., па загадзе старшыні райвыканкама, касцёл быў зноў зачынены, будынак святыні перададзены мясцоваму саўгасу пад зернесховішча. Вернікам нічога не заставалася, як толькі абсталяваць капліцу на парафіяльных могілках. У 1959 г. савецкія ўлады знялі парафію з рэгістрацыі. Але ў 1990 г. будынак былой святыні вярнулі католікам і адразу ж пачалася рэстаўрацыя касцёла.
    Сёння святыня зноў дзейнічае, ёй нададзены статус помніка архітэктуры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.