ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Біскуп Юрый Касабуцкі пасвечаны ў Мінску

З жыцця Касцёла

Кс. бп Юрый Касабуцкі – дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

25 студзеня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску адбылося біскупскае пасвячэнне кс. Юрыя Касабуцкага, прызначанага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Галоўным пасвячаючым быў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, асістуючымі – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і Генеральны сакратар ККББ біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
На пачатку св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных маліцца аб тым, каб новы біскуп “быў сапраўдным апосталам Паўлам”, “прапаведнікам Евангелля, якога так патрабуе сучасны свет”, “каб Бог падарыў яму неабходныя сілы, мудрасць і святасць”.
    Абрад пасвячэння новага біскупа, якога прызначыў 29 лістапада папа Францішак, пачаўся гімнам да Духа Святога. Прадстаўнік прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч звярнуўся да галоўнага пасвячаючага з просьбай удзяліць кс. Юрыю Касабуцкаму біскупскае пасвячэнне.
Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці прачытаў наміна­цыйную булу Святога Айца Францішка. У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, між іншым, пра асноўныя абавязкі біскупа. У сучаснай гісторыі мінскага архікатэдральнага касцёла, як згадаў іерарх, гэтае біскупскае пасвячэнне стала другім пасля пасвячэння ў 1999 г. біскупа Кірыла Клімовіча – зараз ардынарыя дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку. Гаворачы пра прызначэнне папам Францішкам для Касцёла ў Беларусі трох новых біскупаў, Мітрапаліт заўважыў: “Іх прызначэнне наступнікамі Апосталаў – гэта знак жыццёвасці каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго надзеі і ўзбагачэння, а таксама павагі Апостальскага Пасаду да нашай краіны”.
    Арцыпастыр нагадаў, што ўсе тры новапрызначаныя біскупы Беларусі – Юрый Касабуцкі, Алег Буткевіч і Юзаф Станеўскі – з’яўляюцца выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. “Таму я вельмі ганаруся гэтай семінарыяй, якую Бог дазволіў мне заснаваць”, – прызнаўся Мітрапаліт. Шчырую падзяку арцыбіскуп выказаў маці выбранага, прысутнай на ўрачыстасці. “Па праву ганарыся сёння, сям’я Касабуцкіх! Ганарыся, горад Маладзечна і парафія Святога Юзафа! Ганарыся, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя! Ганарыцеся ўсе, хто стаяў на яго шляху да святарства і біскупства!” – сказаў іерарх.
    Нагадваючы, што дэвізам свайго служэння біскуп Юрый Касабуцкі абраў словы з Евангелля “Manere in Christo” – “Трываць у Хрысце” (параўн. Ян 15, 4), Мітрапаліт адзначыў: “Гэта азначае, што сваё біскупскае служэнне ты хочаш звязаць з Хрыстом, бо добра ведаеш, што без Яго мы нічога не можам зрабіць”. “Злучаны з Хрыстом, умацоўвай верных словам Божым і жыццядайнымі сакрамантамі. Прымай мудрыя рашэнні. Будзь айцом для святароў і клапаціся аб кансэкраваных асобах. Шукай згубленых авечак. Клапаціся пра моладзь, як надзею Касцёла і свету. Паказвай міласэрнае аблічча Бога хворым, слабым і патрабуючым”, – заклікаў арцыпастыр біскупа намінанта.
    Мітрапаліт назваў сімвалічным тое, што гэтае пасвячэнне адбываецца ў свята Навяртання святога апостала Паўла, “які заклікаў да трывання ў Хрысце, як умовы плённага служэння Богу і людзям”, а таксама тое, што пасвячэнне адбываецца ў дзень завяршэння Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. “Усе хрысціяне павінны разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці і абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, – дадаў арцыбіскуп. – Цябе чакае Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Касцёл у Беларусі. Чакае і верыць, што з тваім прыходам і прыходам яшчэ двух новых біскупаў – Алега Буткевіча і Юзафа Станеўскага – у Касцёл увальецца новы подых Святога Духа, каб прывесці яго да новай вясны”.
    Біскуп намінант адказаў на пытанні, зададзеныя яму галоўным пасвячаючым, такім чынам выказаўшы згоду выконваць біскупскія абавязкі. Прагучала Літанія да Усіх Святых, падчас якой выбраны на знак выключнага прысвячэння сябе Богу ляжаў крыжам. Затым настала галоўная частка абраду: ускладанне рук і малітва пасвячэння. Мітрапаліт і ўсе біскупы па чарзе ўсклалі рукі на галаву выбранага ў знак яго далучэння да Калегіі Біскупаў. Змест малітвы пасвячэння праслаўляе біскупа як пастыра. Пасля гэтых абрадаў, калі выбраны ўжо з’яўляецца біскупам, Мітрапаліт намасціў яго чало, што нагадвае аб містычным намашчэнні Святым Духам, якое адбылося перад ускладаннем рук, і дае плённасць біскупскаму служэнню. Новаму іерарху былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа – абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія адзнакі – персцень, мітра і пастарал.
    Абрад пасвячэння завяр­шыўся пацалункам супакою, які азначае далучэнне новага іерарха да Калегіі Біскупаў і які ўдзялілі пасвечанаму ўсе прысутныя біскупы. Паколькі адбылося пасвячэнне дапаможнага біскупа дыяцэзіі, ён у адпаведнасці з абрадам не заняў катэдру, а Імшу ад пачатку да канца ўзначальваў галоўны пасвячаючы.
    Напрыканцы св. Імшы, падчас спеву гімну “Цябе, Бога, праслаўляем”, новы біскуп у суправаджэнні двух асістуючых – біскупа Кашкевіча і біскупа Дзям’янкі – прайшоў праз касцёл і ўдзяліў прысутным сваё першае біскупскае бласлаўленне.
    Напрыканцы літургіі Апос­тальскі нунцый арцы­біскуп Клаўдыа Гуджэроці, звяртаючыся да новага біскупа і ўсіх прысутных, з жартам сказаў: “Сёння над беларускай зямлёй свеціць асабліва прыгожае сонца, каб аздобіць гэтую ўрачыстасць. Але, тым не менш, холадна – таму быў пасвечаны новы біскуп, каб ён прынёс цяпло Божага сэрца. Ён малады, таму мае моцнае сэрца”. Прадстаўнік Папы дадаў, што віншаванні праз яго кіруе ў гэты дзень Святы Айцец.
    Біскуп Юрый Касабуцкі распачаў сваё служэнне ў якасці дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.