ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Давайце не будзем саромеецца дапамагаць іншым

На шляху да святасці

Перыяд свят Божага Нараджэння – гэта незвычайны час. Гаворка ідзе не толькі пра рэлігійную сутнасць гэтых дзён, але і пра тое, што ў гэты час усё больш людзей хочуць дапамагаць патрабуючым. Прыгадваючы сабе постаць Езуса ў сімвалічнай убогай стайні, людзі стараюцца дапамагаць адзін аднаму бескарысліва, не разлічваючы на нейкую ўзнагароду, бо найлепшай узнагародай з’яўляецца звычайнае “дзякуй”.
Міласэрнасць, дабрачын­насць і ахвярнасць спа­дарож­нічалі Касцёлу з часу яго ўзнікнення, таму рабіць дабро – гэта абавязак кожнага хрысціяніна, бо любоў да бліжняга і спачуванне – задача кожнага чалавека, а таксама распазнавальны знак хрысціян.
    Адзін пісьменнік сказаў: “Я веру ў Хрыста і веру, што 800 мільёнаў хрысціян могуць змяніць аблічча гэтай зямлі. Тэарэтычна столькі ж павінна быць і хрысціянскіх валанцёраў”. Цешыць той факт, што сярод вернікаў знаходзіцца ўсё большая колькасць людзей, якія сваімі адносінамі да бліжняга набліжаюць здзяйсненне дадзенай вышэй думкі. Гэтыя дабрачынцы не паводле загаду, але з-за патрэбы сэрца падаюць далонь дапамогі тым, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.

    Сэрцы дзецям
    Як кожны год, у перыяд Божага Нараджэння каталіцкая моладзь Гродзенскай дыяцэзіі правяла рад дабрачынных акцый, накіраваных на людзей, абдзеленых лёсам, тых, каму цяжэй парадзіць у жыцці, асабліва дзецям-інвалідам і тым, якія выхоўваюцца без апекі бацькоў.
    Акадэмічнае душпастарства “Open” ужо ў чацвёрты раз арганізавала акцыю “Пячэнька за пячэнька”. Моладзь прадавала прыгатаванае сваімі рукамі пячэнне і іншыя святочныя прысмакі каля Фарнага касцёла ў Гродне, каб на сабраныя грошы купіць канцылярскія тавары, цацкі і салодкія падарункі для дзяцей, якія знаходзяцца ў псіхіятрычнай бальніцы ў Гродне. На думку ўдзельнікаў акцыі, каб дапамагаць, не трэба ані засноўваць фонды, ані аддаваць вялікія грошы. Перш за ўсё, трэба падзяліцца сваім сэрцам і дабрынёй з тымі, хто мае менш. Яшчэ адна група валан­цёраў правяла аплаткавую сустрэчу для дзяцей з малазабяспечаных сямей.
    “Святы павінны быць перыядам цёплым, сямейным, таму трэба паклапаціцца пра тое, каб людзі, якія знаходзяцца ў патрэбе, таксама маглі цешыцца. Мы арганізавалі нашу сустрэчу з думкай пра дзяцей, каб паказаць ім выключнасць Божага Нараджэння”, – гаворыць Ганна Віткоўская, загадчык аддзела сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Гродна». – З сумам можна адзначыць, што для многіх дзяцей Святы не да канца зразумелыя, у некаторых яны асацыіруюцца выключна з гучным застоллем з алкаголем, а не з сямейным святкаваннем, вігілійнай вячэрай, ёлкай і падарункамі. Асноўнай справай у выхаванні дзяцей з’яўляецца прыклад, таму мы вырашылі правесці не стэрэатыпную навагоднюю сустрэчу з Дзедам Марозам, а менавіта аплаткавую сустрэчу, каб дзеці разам з бацькамі адчулі атмасферу каталіцкай традыцыі святкавання, паламаліся аплаткай, разам заспявалі калядкі”.
    Дзякуючы актыўнаму ўдзелу каталіцкай моладзі пад кіраўніцтвам Марыны Жыбартовіч з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, была падрыхтавана цудоўная мастацкая праграма на тэму звычаяў Божага Нараджэння. А мастачка-пяскограф Вераніка Паплаўская наблізіла дзецям гісторыю нараджэння Езуса, якая адбылася некалькі тысяч гадоў таму.
    “Мяне вельмі цешыць, што ў Гродне ўсё больш маладых людзей, якія разумеюць, на чым грунтуецца дапамога, якія адчулі, што, робячы шчаслівымі іншых, робячы дабро, мы самі становімся шчаслівейшымі. Ад усяго сэрца дзякую ўсім людзям добрай волі за дапамогу. Асаблівую падзяку складаю фірмам-спонсарам «Danone» і «Biacom», а таксама валанцёрам, якія далучыліся да арганізацыі гэтай незвычайнай сустрэчы”, – падсумоўвае Ганна Віткоўская. Чарговая дабрачынная акцыя адбылася 7 студзеня. Бацькі і дзеці з парафіі Святога Духа ў Гродне (Фабрычны) разам з с. Кацярынай CSFN наведалі Гродзенскі дзіцячы дом у межах святочнай акцыі “Адкрытыя сэрцы”. Ахвяраванні на падарункі для выхаванцаў Дзіцячага дома, а іх каля 100 чалавек ва ўзросце ад 2 да 18 гадоў, былі сабраны падчас каледавання.
   
    Якая біблійная матывацыя дзейнасці на карысць бліжняга?
    Свет, якім жыў Ізраільскі народ і першыя хрысціяне, быў бязлітасны і негатыўна настроены на беднякоў, жабракоў і інвалідаў. Выбраны народ, у сваю чаргу, меў зусім іншыя адносіны да бліжняга, якія вынікалі з атрыманага ад Бога закона. У V Кнізе Майсея чытаем: “Калі б, аднак, у цябе быў які-небудзь убогі сярод тваіх братоў у адной з тваіх брам, на тваёй зямлі, якую Пан, Бог твой, дае табе, не закрывай свайго сэрца і не сціскай сваю руку перад тваім убогім братам (15, 7).
    Новы Запавет апісвае нам Бога як міласэрнага Айца, які з’яўляецца крыніцай любові. Ён для нашага збаўлення паслаў свайго Сына Езуса Хрыста, які сваёй ахвярай на крыжы збавіў нас ад граху. Жыццё Езуса і Яго паслуга паказалі нам, якімі павінны быць нашы адносіны да бліжняга. Вялікі той – гаворыць наш Збаўца – хто зможа ўнізіцца і ўслужыць бліжняму.
    У Евангеллі паводле Мацвея (25, 31–46) мы знаходзім словы Езуса, якія апісваюць сем учынкаў міласэрнасці, якімі з’яўляюцца: накарміць галодных, напаіць сасмяглых, прыняць падарожных, апрануць голых, адведаць хворых, памятаць пра вязняў і клапаціцца пра пакрыўджаных.
    Пан Езус гаворыць таксама: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
    Хто прагне пераймаць Езуса, той заўважае патрабуючых і церпячых, а тым самым робіць так, як Ён.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.