ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Божае Нараджэнне пасля Божага Нараджэння

На шляху да святасці

кс. Ян РаманоўскіЗ пачаткам Адвэнту людзі пачынаюць планаваць, як будзе выглядаць святкаванне Божага Нараджэння ў іх сям’і. Некаторыя запісваюць на картках, што трэба купіць, іншыя пачынаюць марыць пра тое, што могуць атрымаць у падарунак, яшчэ хтосьці стараецца паклапаціцца пра знешні выгляд свайго дома ці кватэры – усё павінна быць адпаведна падрыхтавана на Святы. З кожным днём усё больш адчуваецца атмасфера надыходзячых Свят, а адначасова і перажыванні наконт таго, што яшчэ трэба зрабіць. Нарэшце здаецца, што ўсё ўжо зроблена і можна пачынаць. Надыходзіць вігілійны вечар, ламанне аплаткай, узаемныя пажаданні, усмешкі на тварах, падарункі, аб якіх ужо даўно марылася, супольныя размовы, св. Імша – Пастэрка, вяртанне дамоў і святкаванне Божага Нараджэння. Дні 25 і 26 снежня, цудоўная атмасфера, сустрэча са знаёмымі, паходы ў госці, смс з віншаваннямі. Бясспрэчна, Божае Нараджэнне – гэта сапраўдная казка. Некалькі дзён застаецца да Новага года, а потым пачнецца звычайнае жыццё, усё як заўсёды, нібы паводле заранёў напісанага плана. Аб радасці, якая перажывалася падчас Божага Нараджэння, ужо амаль ніхто не памятае: кожная казка калі-небудзь заканчваецца. Але як жа павінна быць на самой справе?
Бог, пасылаючы на свет свайго Сына, Езуса Хрыста, не рабіў гэта толькі для адной хвіліны, для аднаго ці двух дзён, толькі для таго, каб мы мелі магчымасць святкавання. Божае Нараджэнне – гэта не хвілінная падзея, яно не датычыць толькі некалькіх дзён нашага жыцця. Гэты выключны момант датычыць кожнай хвіліны, кожнай гадзіны, дня, месяца і, нарэшце, цэлага жыцця. Як хрысціяне мы павінны памятаць пра тое, што кожны дзень Хрыстос павінен нараджацца ў нашым жыцці. І не можа быць інакш, бо тады, праўду кажучы, гэты чарговы ўспамін Божага Нараджэння не будзе мець ніякага значэння.
    Мы, напэўна, неаднаразова падчас Адвэнту чулі ў святынях аб навяртанні, аб выпрамленні сцежак свайго жыцця для Збаўцы, аб падрыхтоўцы свайго сэрца для Збаўцы, які надыходзіць, аб пастанаўленнях і да т.п. Гэтыя заклікі датычацца не толькі свят Божага Нараджэння, яны датычацца ўсяго нашага жыцця. Калі ў гэты час мы сапраўды пастараемся выконваць добрыя ўчынкі, дарыць любоў іншым людзям, Хрыстос будзе кожны раз нараджацца ў нашым сэрцы, у нашай штодзённасці, у сям’і, у адносінах з іншымі людзьмі. Вядома, што пасля Божага Нараджэння жыццё не заканчваецца, яно працягваецца далей. Падобным чынам не заканчваецца і нашае хрысціянства, і мы павінны памятаць пра паставу хрысціяніна заўсёды, а не толькі пры вігілійным стале, трымаючы ў руках аплатку.
    Езус Хрыстус, прыходзячы на гэты свет, хоча быць у нашым жыцці заўсёды, а не толькі на працягу некалькіх дзён, Ён прагне мець у ім месца штодзённа. Стане так ці не – залежыць ад кожнага з нас, наколькі гэта будзе магчыма. Дазволіць гэта – значыць кожны дзень памятаць пра тое, кім мы з’яўляемся, нягледзячы на свае слабасці і сваю грэшнасць. Рабіць дабро, умець прасіць прабачэння і прабачаць трэба не толькі на святы, але заўсёды, кожны дзень. Тады ў нашым жыцці заўсёды будзе працягвацца Божае Нараджэнне пасля Божага Нараджэння, а Хрыстос будзе ўвесь час нараджацца ў нашым сэрцы. Калі ж усё інакш, мы падобныя на гаспадароў гасціны, у якой не знайшлося месца для Юзафа і Марыі, каб там нарадзіўся Збаўца.
    Літургічны ўспамін Божага Нараджэння ўжо мінуў, а атмасфера гэтых дзён усё яшчэ жыве ў нашай памяці, але ў нашых сілах дазволіць Хрысту нараджацца ў нашым жыцці ў новым годзе кожны дзень.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.