ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Першыя словы біскупа намінанта Юзафа Станеўскага

З жыцця Касцёла

Хвала Хрысту!
На пачатку сённяшняй сустрэчы мы заспявалі “Пан калісьці стаяў на беразе...”. Сапраўды, Езус, калі крочыў уздоўж возера, клікаў апосталаў, сказаўшы ім: “Ідзіце за мной” (параўн. Мк 1, 17), і яны пайшлі за Ім. Тады не было дыялогу, было толькі канкрэтнае рашэнне. Аднак пазней, калі яны ўжо былі вучнямі ў школе Хрыста, сённяшняй мовай кажучы – у семінарыі, тады быў дыялог і яны больш пра Яго даведваліся. Яны задавалі пытанні: “Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою...” (Мк 10, 28), Ён жа даваў розныя адказы, радасныя і заклікаючыя да абавязку: “Вы дайце ім есці” (Мц 14, 16), былі вострыя словы ў цяжкія моманты, калі, напрыклад, Ён аднойчы загадаў Пятру, каб зыйшоў з Яго вачэй (параўн. Мц 16, 23), але быў і іншы зварот, калі Ён тройчы запытаў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” (параўн. Ян 21, 15).
Дарагія, для мяне ў гэты момант гучаць словы Хрыста, які звярнуўся да Апостала, сказаўшы: “Не бойся! Хопіць табе Маёй ласкі...” (параўн. 2 Кар 12, 9). Сёння я з вялікім хваляваннем прымаю прапанову Святога Айца Францішка, а ў маім сэрцы, поўным даверу, гучаць словы заахвочвання: “Не бойся! Хопіць табе Маёй ласкі”, ласкі Хрыста. Ад ксяндза арцыбіскупа, Апостальскага нунцыя ў Беларусі, я таксама адчуваю гэтую падтрымку. Дарагія! Так, як мы кажам, што Бог прыходзіць, каб навязаць дыялог, Бог запрашае і гаворыць, Бог дыктуе. Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Ксёндз Біскуп, як малады Самуэль казаў, так і я сёння, як дапаможны біскуп буду казаць і паўтараць словы: “Гавары Пане, бо слуга твой слухае”, што трэба рабіць і як рабіць пад Вашай пастарскай рукой.
    Паважаныя! Я адчуваю цяпло Вашых сэрцаў. Ваша прысутнасць, Ваша малітва, ціхая і спакойная, таксама падказвае мне ў гэты момант, калі складана і крыху боязна: “хопіць табе Яго ласкі”. Я вельмі прашу Вас аб малітве.
    Калі на працягу 18-ці гадоў святарства я сустракаўся з многімі людзьмі па-за Касцёлам, то задаючы ім патанні: “чаму Вы не ў касцёле?”, “чаму не прыходзіце?”, “чаму не моліцеся?”, я часцей за ўсё чуў адказы, што яны баяцца, бо вераць у Бога, але ўспрымаюць Яго толькі як суддзю, як Таго, хто толькі карае і забараняе. Таму сучаснаму свету неабходна гаварыць, так, як папа Францішак кажа пра міласэрнасць Езуса Хрыста, пра любоў Бога, пра тое, што Бог не стамляецца прабачаць, толькі трэба, каб людзі прыйшлі да Яго. Радасць Евангелля хай напаўняе сэрцы ўсіх жыхароў Беларусі і не толькі, каб усе пазналі, што Бог ёсць сапраўдная Любоў. Дзякую Пану Богу за давер, а ўсім тым, хто гэтую паўнату святарства для мяне сёння перад Богам выпрошвае, – за шчырую малітву. Прашу Вас аб далейшай малітве і абяцаю ў сваіх малітвах заўсёды памятаць пра Вас.

29.11.2013, семінарыйная капліца, Гродна

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.