ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Адвэнт – гэта час радасці Евангелля

Слова рэдактара

  На заканчэнне св. Імшы 24 лістапада папа Францішак перадаў сваю першую апос­тальскую адгартацыю “Evangelii Gaudium” – “Радасць Евангелля”. “Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам”. Так пачынаецца апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”. Святы Айцец развівае ў ёй тэму абвяшчэння Евангелля ў сённяшнім свеце.
    Абвяшчаць Евангелле сёння нялёгка і ў нашай краіне. Рэчаіснасць так моцна ўваходзіць у жыццё чалавека, што ён часта губляе галаву, сэрца і... жыццё. Наш чалавек адкрыты на ўсё, і гэтая адкры­тасць, як мы бачым, вельмі часта яму шкодзіць. Такое жыц­цё затым прыводзіць толькі да асабістых зацікаўленняў, а сэрца становіцца сумным. Мы цяпер не будзем выясняць, хто ў гэтым вінаваты, але паглядзім на іншую прапанову, якую нельга адкінуць. Папа Францішак за­ахвочвае нас да радасці – радасці ў Касцёле, радасці з Богам і Евангеллем. Варта часцей задумвацца над тым, колькі радасці можа атрымаць чалавек, спатыкаючыся з Хрыстом, з Евангеллем. Мы ж так прагнем быць шчаслівымі, хочам, каб нашае жыццё было ўладкаваным і добрым. Менавіта Пан Бог усё гэта нам дае.
Мы распачалі чарговы Адвэнт у сваім жыцці – падрыхтоўку да сустрэчы з Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам. Сустракаючыся з людзьмі, я заўважаю, якой жа рознай бывае гэтая падрыхтоўка: для некаторых яна праходзіць дастаткова складана, некаторыя ж добра ведаюць, што гэта за перыяд і якія змены трэба паспрабаваць здзейсніць. Аднак, усіх веруючых людзей яднае адно і тое ж Евангелле. Варта сёння і нам пашукаць свайго месца на старонках Евангелля побач з Езусам Хрыстом, які сустракаў і далей сустракае розных людзей, а таксама многіх з нас. Пасля сустрэчы з Хрыстом, кожны мог адысці шчаслівым, а таму радасць быць побач з Езусам, радасць Евангелля робіць чалавека шчаслівым. Я лічу, што менавіта сёння над гэтым трэба часцей задумвацца. Лякарства ад няшчасця і смутку, якое мы так шукаем, знаходзіцца побач – гэта Евангелле.
    Трэба было б грунтоўна змяніць свой спосаб мыслення на тэму веры і Касцёла. Я лічу, што сярод нас яшчэ шмат тых, хто ўпэўнены, што Касцёл усё забараняе, што вера толькі для старэйшых людзей, што ксёндз заўсёды толькі крычыць ці загадвае. Размаўляючы з людзьмі, я стараюся данесці да іх тое, што вера і Касцёл робяць нас шчаслівымі, што гэта наша радасць, радасць нашай веры, якую мы не заўсёды ўсведамляем або не хочам усведамляць, хаця б проста па прывычцы. Калі мы збіраемся, напрыклад, у цырк ці на які-небудзь фільм, выходзячы з дому мы, часцей за ўсё, знаходзімся ў добрым настроі, усміхаемся, хоць яшчэ і не ведаем, ці добрым будзе фільм, ці вясёлым будзе прадстаўленне. А ідучы ў касцёл, часта здараецца, што мы сумныя і прыгнечаныя альбо задуменныя. Уваходзячы і выходзячы са святыні, трэба быць шчаслівымі і хацець гэтае шчасце паказваць, напрыклад, праз усмешку. На жаль, часта нам гэтага не хапае, як таксама радасці ад нашай веры, ад сустрэчы з Богам.
    Папа Францішак праз сваю паслугу паказвае, якім з’яўляецца Касцёл. Паказвае, колькі радасці можа сустрэць чалавека на яго дарозе, калі яна вядзе да Бога, да Касцёла. Святы Айцец у сваёй адгартацыі запрашае “кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, аднавіць сёння сваю асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом або, як мінімум, прыняць рашэнне быць гатовым сустрэцца з Ім, няспынна шукаць Яго кожны дзень”. Калі чалавек пачне часцей думаць па-божаму, ён будзе шчаслівы. Калі мы паспрабуем адкінуць “свецкі” стыль мыслення, мы сустрэнемся з радасцю Евангелля.
    На заканчэнне я хацеў бы прыгадаць аб радаснай навіне з Ватыкана, якая прый­шла да нас 29 лістапада, на пачатак перыяду Адвэнту, калі Беларусь даведалася аб тым, што атрымала трох новых біскупаў, якія паходзяць з нашай зямлі, якія скончылі семінарыю ў Гродне. Цудоўна склалася, што на пачатак сваёй біскупскай паслугі дапаможны біскуп нашай дыяцэзіі – кс. Юзаф Станеўскі – бярэ за свой біскупскі дэвіз словы “Evangelii gaudium”. Ксёндз біскуп, у сваю чаргу, добра ведае і разумее, чаго не хапае нашым людзям, а натхнёны папам Францішкам, ён напэўна будзе старацца рабіць гэта ў сваёй біскупскай паслузе ў нашай дыяцэзіі. Я заахвочваю Вас, дарагія Чытачы, да ўважлівага чытання чарговага нумара нашай газеты, каб сустрэць Хрыста, які нясе радасць у нашыя сэрцы, сем’і і дамы. Дазвольце, што я ад свайго імя, як таксама і ад кожнага з Вас, дарагія нашы Чытачы, складу сардэчныя пажаданні ўсім тром біскупам намінантам, а асабліва біскупу Юзафу. Жадаем, каб радасць, якая выплывае з Евангелля, заўсёды была аўтэнтычнай у біскупскай паслузе, каб чуючы Божае і людское слова, кожны чалавек пры сустрэчы з біскупам мог адчуць радасць жыцця. Жадаем шмат сіл і здароўя, апекі Маці Божай Міласэрнасці і святых Заступнікаў. Няхай біскупская паслуга служыць на карысць ўласнаму асвячэнню і асвячэнню многіх вернікаў, якія сустракаюцца на дарозе жыцця. Радасць Евангелля знаходзіцца ў сэрцах новых біскупаў, біскупа Юзафа і кожнага з нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.