Абп Тадэвуш Кандрусевіч: Усё паказвае на тое, што папа Францішак добра ведае пра Беларусь

 |  ксс. Павел Салабуда і Юрый Жэгарын  |  З жыцця Касцёла
- На заканчэнне Года веры Ваша Эксцэленцыя, папа Бенедыкт XVI на распачацце Года веры напісаў: “Каб гэты Год веры паспрыяў таму, што наша сувязь з Хрыстом будзе ўсё больш узмацняцца”. Ці жыў беларускі Касцёл гэтым заклікам? Якія найважнейшыя падзеі з жыцця нашага Касцёла ўжо ўвайшлі ў гісторыю?
   - Мэтай Года веры з’яўляецца аднаўленне веры ў секулярызаваным свеце. Трэба нанова распаліць яе агонь, каб ён палымнеў, а не тлеў. Сучаснаму свету патрэбны сапраўдныя, а не штучныя хрысціяне, тыя, хто не толькі моцна звязаны з Хрыстом, але і складае з Ім адно цэлае. Касцёл у Беларусі праз розныя душпастарскія праграмы імкнуўся да паглыблення гэтай сувязі, у першую чаргу, просячы аб заступніцтве Марыю.

  - Сёння вельмі шмат гаворыцца пра крызіс веры чалавека, сям’і. А якая вера жыхароў Беларусі? На працягу доўгага часу можна было пачуць сцвярджэнне, што Касцёл у Беларусі “перажывае вясну”, што ён “адраджаецца”. На якім этапе мы знаходзімся цяпер?
   - Крызіс веры перажывае ўвесь свет. Беларусь не з’яўляецца выключэннем. З аднаго боку, вера ў нашай краіне была вельмі моцна закранута праследаваннямі, якія трывалі на працягу трох пакаленняў. Але і гэта можна лічыць пэўным парадоксам – нягледзячы на праследаванне, вера была захавана ў першую чаргу ў сем’ях і ў традыцыйных рэлігійных практыках, а таксама была перададзена маладым пакаленням. На сённяшні дзень мы, безумоўна, перажываем перыяд яе далейшага развіцця, уносячы ў яе перш-наперш тэалагічныя элементы, выкарыстоўваючы новыя літургічныя практыкі. Трэба памятаць, што адраджэнне веры і яе развіццё патрабуе часу і вялікіх намаганняў, тым больш, што новыя выклікі штодзённа ўваходзяць у наша жыццё. Веру на нашай Айчыне можна ахарактарызаваць як сімбіёз традыцыі і новых трэндаў. Як падаецца, гэта добры напрамак, бо заўсёды трэба будаваць на тым, што было, і не адракацца ад метадаў, якія прайшлі праверку гісторыяй і перыядам праследаванняў. Але таксама нельга стаяць на месцы, бо хто стаіць на месцы, той адыходзіць назад.
   
    Аб сустрэчы з Папам
   
   - Ваша Эксцэленцыя, Вы часта бываеце ў Рыме. Падчас аднаго з апошніх візітаў да гробу Апосталаў Вы сустрэліся з папам Францішкам. Пра што Вы размаўлялі з Пантыфікам? Ці ведае ён штосьці пра Беларусь? Які ён – Святы Айцец – пры бліжэйшым кантакце?
   - Падчас апошняй сустрэчы з папам Францішкам я перадаў яму беларускі пераклад яго першай энцыклікі “Lumen fidei” – “Святло веры”. Нечакана ён сам закрануў справу арыштаванага ксяндза Уладзіслава Лазара, выказаўшы пры гэтым вялікую заклапочанасць звязанай з ім сітуацыяй. Папа запэўніў у малітве ў інтэнцыі ксяндза і папрасіў паведамляць пра развіццё справы. Калі я першы раз размаўляў з ім у маі гэтага года і сказаў яму, што я з Мінска, ён адразу сказаў: “Дык мы ж знаёмыя”. І гэта праўда. Калі я працаваў у Расіі, адзін з маіх ксяндзоў паходзіў менавіта з архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс, таму па справах я павінен быў наладзіць кантакт з тады яшчэ кардыналам Хорхе Берголіа. Я таксама некалькі разоў сустракаўся з ім у Рыме. Ён вельмі просты, непасрэдны і адкрыты чалавек, любіць гаварыць і слухаць. Ён проста з’яўляецца бацькам для ўсіх. Такім чынам, усё паказвае на тое, што папа Францішак добра ведае пра Беларусь.
   
    Аб каталіцкай адукацыі
   
   - Ваша Эксцэленцыя, некалькі месяцаў таму мы пачулі радасную навіну, што каталіцкі Касцёл мае новы, афіцыйна зарэгістраваны Тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля. У інтэрв’ю для Ватыканскага радыё Вы сказалі, што гэта першы крок да стварэння каталіцкай ВНУ. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, ці ёсць нейкія канкрэтныя намеры, дзе гэтая ВНУ размесціцца і як будуць вырашацца кадравыя пытанні?
   - Так, сапраўды, у Мінску зарэгістраваны Тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля. Мы плаўна перайшлі ад Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў да Каледжа. На нашу думку, у будучым ён павінен ператварыцца ў вышэйшую тэалагічную навучальную ўстанову. Так было ў Маскве, калі Каледж каталіцкай тэалогіі стаў афіцыйна зарэгістраваным Інстытутам тэалогіі. Пакуль што гэта толькі нашыя планы. Канкрэтна яшчэ рана штосьці казаць. Пажывём – убачым. Але, як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ, таму мы стараемся яго зрушваць.
   
   - Некалькі месяцаў таму, падчас святкавання ўрачыстасцей 400-годдзя знаходжання абраза Маці Божай у Будславе, для карэспандэнта БЕЛТА Вы выказалі меркаванне, што семінарыя стане асновай навукова-духоўнага цэнтра каталіцкага Касцёла. Ці дапускаеце Вы магчымасць злучэння семінарый, якія існуюць у Гродне і Пінску, у адну – у горадзе Мінску? Калі такая магчымасць існуе, то калі і пры якіх умовах гэта можа адбыцца?
   - Ёсць таксама планы па стварэнні духоўнай семінарыі ў Мінску. Семінарыя магла б стаць базай для арганізацыі вышэйшай тэалагічнай навучальнай установы, дзе вучыліся б таксама і свецкія. Наша грамадства патрабуе спецыялістаў, якія добра ведаюць сацыяльнае вучэнне Касцёла і тэалогію, каб яны маглі вырашаць яго праблемы, улічваючы таксама маральныя нормы.
   
   - Досвед многіх краін паказвае, што каталіцкая адукацыя прыносіць не толькі багаты плён у сферы евангелізацыі, але таксама вялікую карысць грамадству, дзяржаве, даючы якасную адукацыю і выхоўваючы сумленных грамадзян і сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Таму дзяржаўная ўлада перш за ўсё павінна быць у гэтым зацікаўлена. Ці адчуваеце Вы такую зацікаўленасць і свядомасць з боку дзяржаўнай улады? У чым яна праяўляецца?
   - Дзяржаўныя ўлады з павагай адносяцца да гэтых нашых планаў і падтрымліваюць іх. Тут мова ідзе найперш аб вырашэнні матэрыяльных праблем, звязаных з ажыццяўленнем нашых планаў.
   
    Аб каталіцкіх медыях
   
   - Хрысціянская адукацыя – гэта адна са сфер дзейнасці каталіцкага Касцёла ў евангелізацыі. Вельмі важнымі з’яўляюцца ў наш час таксама і сродкі сацыяльнай камунікацыі. Не так даўно на афіцыйным сайце ККББ з’явілася інфармацыя з 54-га пленарнага пасяджэння, дзе, між іншым, было прынята рашэнне аб заснаванні медыя-цэнтра пры ККББ, а таксама быў разгледжаны яго статут. Як вядома, Вы з’яўляецеся адказным за СМІ пры ККББ. Раскажыце, калі ласка, якую ролю і мэты будзе мець гэты цэнтр?
   - Дзякуй Богу, каталіцкія медыі ў апошнія часы моцна развіліся, іх прысутнасць у нашым грамадстве значная, і яна мае свой уплыў на яго. Касцёл таксама мае магчымасць выкарыстоўваць і дзяржаўныя медыі, што пашырае сферу медыйнай дзейнасці Касцёла.
    Практыка штодзённага жыцця паказвае, што патрэбна большая каардынацыя дзейнасці розных каталіцкіх СМІ ў нашай краіне, каб больш эфектыўна іх выкарыстоўваць. Трэба таксама звяртаць большую ўвагу на распрацоўку іх стратэгіі. Менавіта з мэтай каардынацыі і выпрацавання агульнай стратэгіі развіцця каталіцкіх медый пры ККББ створаны медыя-цэнтр. Гэта толькі першае рашэнне, якое павінна быць напоўнена адпаведным зместам.
   
    Аб цяжкасцях і жыцці Касцёла
   
   - Падчас інтэрв’ю для catholic.by 15 кастрычніка Вы сказалі моцныя словы: “Пры сустрэчы я запытаюся ў крытыка Касцёла: дзе ты быў, калі ў архікатэдры была Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей?”. Ці шмат ёсць крытыкаў і крытыкантаў у Касцёле ў Беларусі? Каму перашкаджае Касцёл?
   - У пэўным сэнсе мы павінны цешыцца вернасцю нашых вернікаў Касцёлу, яго навучанню і традыцыям. Аднак часам праяўляюцца выразы незадавальнення і крытыкі. З аднаго боку, гэта натуральна. Дасканалы толькі Бог, а нам, іерархіі, святарам і вернікам, трэба ўдасканальвацца. Таму адсутнасць здаровай крытыкі сведчыць пра тое, што справы не ідуць добра і арганізм Касцёла хворы.
    Іншай справай з’яўляецца крытыканства. Усё няправільна, нядобра і ўсё трэба змяніць. А калі спытаешся, як? – адказу няма. Напэўна, касцёл у Беларусі патрабуе ўнутранага і структурнага аднаўлення, новых біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, якія атрымалі адпаведную фармацыю. Але таксама трэба з належнай увагай прыняць тое, што ёсць і што адбываецца, і карыстацца ім. Наведваючы адну парафію, падчас сустрэчы з вернікамі я пачуў дождж крытыкі, які абрынуўся на пробашча.
    Яго абвінавачвалі ў тым, што ён не займаецца душпастарствам моладзі. У той жа час вікарый сказаў, што праца з моладдзю адбываецца ўжо на працягу доўгага часу. Акурат у той самы дзень адбывалася сустрэча маладых людзей, якія самі прыйшлі і запрасілі, каб бацькі пасылалі дзяцей на гэтыя сустрэчы. Такім чынам, гэта была не крытыка, а крытыканства. Некалькі тыдняў таму ў мінскай катэдры адбылася св. Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, але тых, хто часта мае прэтэнзіі да Касцёла, што ён мала робіць для абароны жыцця, проста на ёй не было. Бясспрэчна, трэба ўдасканальвацца, але трэба рабіць гэта супольна, дапамагаючы адзін аднаму, а не займаючыся крытыканствам, бо гэта не дапамагае, не яднае, а наадварот – разбівае. Наша моц у еднасці.
   
   - У Рыме ўсё часцей гаворыцца аб узнікненні Кангрэгацыі па справах свецкіх. Ці сёння ў Беларусі свецкія прымаюць удзел у душпастарстве? Ці выкарыстоўвае Касцёл гэты патэнцыял для евангелізацыі?
   - Аб Кангрэгацыі па справах свецкіх я нічога не магу сказаць, але Папская Рада па справах свецкіх існуе даўно. Яна адыгрывае вельмі вялікую ролю ў падрыхтоўцы агульнакасцёльных праграм фармацыі свецкіх асоб. II Ватыканскі Сабор падкрэсліў вялікае значэнне і ролю свецкіх у жыцці Касцёла і ў працэсе евангелізацыі. Жыццё паказвае, што гэты патэнцыял свецкіх, які яшчэ дрэмле, не да канца выкарыстоўваецца. Калі гэта актуальна для ўсяго Касцёла, то тым больш для Касцёла ў Беларусі, дзе часы праследавання на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў рабілі немагчымым увядзенне саборнага навучання аб паслузе свецкіх у Касцёле. Усё яшчэ існуе вялікая неабходнасць адпаведнай фармацыі свецкіх. Акрамя гэтага, існуе немалая праблема з боку ксяндзоў, якая датычыцца адпаведнага выкарыстання патэнцыялу свецкіх асоб. Я б назваў гэта двухузроўневай праблемай, дарогай з двума напрамкамі.
   
   - Ксёндз Арцыбіскуп, год таму падчас размовы Вы гаварылі, што ў Беларусі не хапае касцёлаў. Як змянілася гэтая сітуацыя за апошні год? Дзе яшчэ ёсць найбольшая неабходнасць у пабудове святыні?
   - Недахоп касцёлаў адчуваецца і сёння. Гэтую праблему нельга вырашыць у адзін момант, бо неабходны адпаведныя дазволы і праекты, што займае шмат часу, а таксама матэрыяльныя сродкі, з якімі дрэнна. Безумоўна, у некалькіх месцах касцёлы ці капліцы былі пабудаваны, але ўсё яшчэ вялікая патрэба ў іх адчуваецца ў першую чаргу ў Мінску, Гродне, Магілёве і Гомелі.
   
   - Ваша Эксцэленцыя, прашу Вас на старонках “Слова Жыцця” звярнуцца з заклікам веры, надзеі і любові да людзей добрай волі.
   - Дарагая рэдакцыя і чытачы газеты “Слова Жыцця”!
    Заканчваецца Год веры, але няхай ніколі не скончацца змаганні за яе адраджэнне і ўзмацненне, бо д’ябал не спіць і хоча як мага больш людзей зацягнуць у сваю сетку, бо надалей працягваецца барацьба дабра са злом.
    Вера звязана з надзеяй, бо яна гарантуе вечнае жыццё. Вера выражаецца ў любові да Бога і бліжніх. Таму будзьце моцнымі верай, якая здзяйсняе цуды. Жывіце надзеяй у Богу, які не падманвае. Практыкуйце любоў, якая з’яўляецца дасканалым выкананнем закону.
    Няхай тры гэтыя дабрадзей­насці – вера, надзея і любоў – характарызуюць вашае жыццё ў пілігрымцы да нябеснай Айчыны!
   - Дзякуй за размову!
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top