ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Як крынічка сваю ваду сапсавала

Дзіцячы куточак

“Хто любіць чысціню сэрца, хто мае прыемнасць на вуснах, таму цар – сябар” (Прып 22, 11)
    “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8)
У лесе з-пад зямлі прабілася маленькая крынічка з чыстай вадою. Яна была вясёлая і бестурботная, любіла напяваць свае гучныя песенькі. Аднойчы крынічцы стала вельмі сумна, і яна вырашыла цячы туды, куды толькі ўздумаецца, толькі б не стаяць на месцы.
    Бегучы па раўніне, крынічка сустрэлася з людзьмі. Узрадаваліся людзі яе сцюдзёнай празрыстай вадзе і сталі з вёдрамі да яе прыходзіць, каб чыстай вадзіцы набраць і дадому занесці, а стомленыя жнейкі адразу з крынічкі ваду пілі.
    Убачыў дождж, што крынічка такая жвавая і вольная, што яе вада ўсім падабаецца, ды і прапанаваў суправаджаць яе. Згадзілася крынічка, бо ўдваіх плёхацца значна весялей, чым аднаму, і яны шумна пацяклі разам. Ніхто не ведаў, чаму каля крынічкі часта накрапваў дожджык.
Так з часам чыстая крынічная вада перамяшалася з дажджавой, і людзі ўжо не пілі з крынічкі, а толькі бялізну паласкалі ды мылі рукі.
    Так сябравалі крынічка з дажджом, пакуль не сустрэлася ім на шляху велізарная лужына.
    – Вы такія вясёлыя, плёхаецеся, песенькі жартаўлівыя напяваеце, а я тут нуджуся на адным месцы і ў брудзе мне даводзіцца ўвесь час ляжаць, – пажалілася ім лужына на сваё жыццё, – прыміце мяне ў вашу гульню, я таксама плёхацца і гуляць хачу.
    Нягледзячы на тое, што вада ў лужыне была брудная, прыняла крынічка лужыну ў сваю гульню з дажджом, бо ўтрох весялей, чым удваіх. Улілася лужына са сваёй бруднай вадой у струмень крынічнай і дажджавой вады і, шумна плёхаючыся, пацяклі яны далей утрох. Людзі, якія ім сустракаліся на шляху, ужо не паласкалі бялізну і не мылі рукі, а толькі чысцілі ў вадзе свой брудны абутак.
    Па дарозе крынічка, дождж і лужына сустрэлі бруднае балота з камарамі і жабамі. Хацелі яны ўжо мінуць балота, але яно ўбачыла, як ім весела разам, і стала ўпрошваць:
    – Прыміце мяне ў сваю гульню, у мяне шмат вады, ды толькі не магу я само плёхацца, сумна мне аднаму.
    Крынічка, дождж і лужына легкадумна прынялі балота ў сваю гульню і пацяклі далей учатырох. З той пары вада стала такой бруднай і сапсаванай, што людзі сталі бокам крынічку абыходзіць і нос затыкаць. Дзівіліся людзі, як магла чыстая крынічка так хутка сапсаваць сваю ваду і ператварыцца ў брудную рэчку. Зараз вада ў рэчцы была патрэбна не людзям, а камарам і жабам. Так здарылася таму, што крынічка зусім не думала, з кім ёй сябраваць, а згаджалася сябраваць з тымі, хто не вельмі адрозніваўся чысцінёй. Нездарма ў людзей прыказка існуе: “З кім павядзешся, ад таго і набярэшся”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.