ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Я ведаю, што каталіцкія сужэнцы часта адмаўляюцца ад сексуальных адносін? Які ў гэтым сэнс?

Задай пытанне

а. Аркадзь Куляха OCDПакліканы Богам для жыцця і любові, чалавек атрымаў ад Стварыцеля заданне пладзіцца і размнажацца. Перадаючы жыццё, жанчына і мужчына супрацоўнічаюць у творчай справе самога Бога. Ад сексуальных адносін адмаўляюцца перш за ўсё тыя, хто па прыкладзе Езуса Хрыста захоўвае чыстасць дзеля Нябеснага Валадарства – манахі і святары, але часам таксама і хрысціянскія сужэнцы свядома ўстрымліваюцца ад сужэнскага акту. Каб зразумець, чаму яны гэта робяць, варта ўзгадаць вучэнне Касцёла адносна годнасці чалавечай асобы, што цалкам грунтуецца на Божым законе, упісаным у натуру чалавека і асветленым у Святым Пісанні.
    Каталіцкі Касцёл навучае, што сексуальны сужэнскі акт – гэта выраз еднасці жанчыны і мужчыны, якія дзякуючы сакраментальным сувязям любові здзяйсняюць ўзаемнае дараванне самога сябе і прыняцце дару другой асобы. Адбываецца гэта на духоўна-цялесным узроўні ў вернасці і адкрытасці на нараджэнне патомства. Сужэнская любоў мае асабовы характар: гэта любоў чалавека – асобы, якая праяўляе сябе праз імпульсы цела, сілу пачуццяў і імкненне духу і волі. Глыбока асабовая еднасць у сужэнстве не абмяжоўваецца толькі цялесным з’яднаннем, але заключаецца ў адзінстве сэрца і душы, што ў сваю чаргу рэалізуецца ў вернасці, непарушнасці сужэнства і адкрытасці на стварэнне камуніі асоб: спачатку саміх сужэнцаў, а з цягам часу таксама і сям’і.
Касцёл лічыць сужэнства супольнасцю жыцця і любові, а саміх сужэнцаў – супрацоўнікамі Бога менавіта ў справе перадачы дару жыцця і распаўсюджвання любові. Уключаныя ў збаўчы план Бога, каталіцкія сужэнцы імкнуцца ва ўсім сваім жыцці кіравацца Божым законам.
    Касцёл пазітыўна ставіцца да сужэнскага акту як Божага дару, падкрэсліваючы яго важнасць для сужэнскіх адносін, аднак бачыць таксама вартасць ва ўстрыманні ад яго ў адпаведных акалічнасцях. Пра вартасць устрымання ад сексуальных адносін у сужэнстве піша Слуга Божы папа Павел VI у энцыкліцы “Humanae vitae”, якую варта прачытаць (можна знайсці ў інтэрнэце). У дакуменце падкрэсліваецца, што ўстрыманасць не толькі не шкодзіць сужэнскай любові, але развівае яе, уводзіць у жыццё гармонію і спакой, а таксама спрыяе ў змаганні з эгаізмам і павялічвае ўзаемную адказнасць адзін за аднаго.
    Матывы ўстрыманасці могуць быць розныя. Найчасцей яны вынікаюць з прынцыпаў адказнага бацькоўства, якія дапамагаюць сужэнцам згодна з натурай карыстацца дарам любові і ўстрымацца па нейкіх слушных прычынах ад зачацця дзіцяці праз адмаўленне ад сексуальнага акту ў плодны перыяд. Каталіцкая маральнасць адкідае штучныя спосабы рэгулявання зачаццяў, а знішчэнне новага жыцця лічыць цяжкім грахом. Каб глыбей зразумець вучэнне Касцёла адносна каштоўнасці чалавечага жыцця ад моманту зачацця ажно да натуральнай смерці, варта прачытаць энцыкліку бласлаўлёнага папы Яна Паўла II “Evangelium vitae” і інструкцыю “Donum vitae”. Іншымі матывамі ўстрымання ад сужэнскага акту могуць быць: хвароба сужэнцаў, часовыя дрэннае самаадчуванне або неспрыяльныя жыццёвыя сітуацыі.
    Варта таксама нагадаць, што Касцёл падкрэслівае персаналістычнае ўспрыняцце чалавечай асобы, якое пазбягае інструментальнага падыходу да любога чалавека і нагадвае, што ўласцівым элементам чалавечага жыцця з’яўляецца любоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.