ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

360-годдзе парафіяльнай святыні ў Міхалішках

З жыцця Касцёла

29 верасня парафія св. Міхала Арханёла ў Міхалішках адзначала ўрачыстасць.
    У касцёле сабраліся сотні вернікаў, якія дзякавалі Богу за 360-годдзе парафіяльнай святыні і за перададзеную веру, а таксама прасілі аб тым, каб сённяшняя моладзь не страціла гэтай веры, а па прыкладзе сваіх продкаў захавала яе для нашчадкаў.
Па запрашэнні пробаш­ча парафіі кс. Анатоля Захарэўскага, урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У Міхалішкі прыбылі таксама святары і вернікі з наваколля.
    Таксама ў гэты дзень адзначалася свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, а група парафіян прыняла сакрамант канфірмацыі.
Да гэтага дня парафіяне рыхтаваліся, прымаючы ўдзел у святых місіях, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты. Акрамя гэтага, па ініцыятыве пробашча вернікі на працягу 9 тыдняў удзельнічалі ў Навэнне, якая ўключала малітву ў супольнасці падчас кожнай нядзельнай і святочнай Імшы, пост і індывідуальную малітву дома.
    Біскуп Казімір Велікаселец у сваёй гаміліі заахвоціў вернікаў да большай любові і прывязанасці да Касцёла, заклікаў да актыўнага ўдзелу ў яго сакраментальным жыцці. Словы з чытання Евангелля гэтага дня, як адзначыў іерарх, павінны стаць цэнтрам жыцця кожнага хрысціяніна. “Жыццё без Бога падвержана розным спакусам, бо шатан не спіць”, – адзначыў біскуп, дадаўшы, што “малітва і святая Камунія з’яўляюцца самым простым і кароткім шляхам да святасці”.
    На памяць аб урачыстасці быў асвечаны місійны крыж каля касцёла. Айцы місіянеры заахвоцілі вернікаў часцей схіляць калені ля гэтага крыжа і аддаваць яму пашану, бо “ў крыжы наша збаўленне”, і ён павінен “заўсёды нагадваць пра Хрыста, які з любові да чалавека нёс крыж да канца, а потым на ім аддаў жыццё”.
    Узрушлівым момантам падчас літургіі было вызнанне веры: адказваючы на пытанні біскупа, вернікі трымалі ў руках крыжыкі, жадаючы такім чынам выказаць прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла і паабяцаць, што заўсёды будуць старацца бараніць крыж.
    Моладзь, якая прыняла сакрамант канфірмацыі, паабяцала штодзень супрацоўнічаць з Божай ласкай і развіваць у сабе Божае жыццё з дапамогай Святога Духа, якога ў гэты дзень атрымала.
    Касцёл у Міхалішках – адна з нямногіх на гэтай тэрыторыі барокавых святынь ХVII стагоддзя, якая захавалася ў амаль нязменным стане. У ліпені 1944 г. падчас начнога налёту нямецкіх самалётаў і бамбардзіроўкі ў касцёле згарэў дах і драўляныя элементы ўнутры. У 1991 г. злодзеі выкралі са святыні літургічны посуд, а таксама пазалочаную і пасярэбраную сукенку, накладзеную на абраз св. Ганны. У студзені 2003 г. адбыўся другі крадзеж – з двух бакавых алтароў злодзеі знялі і вынеслі два абразы ХVIII стагоддзя: Маці Божай Ружанцовай з Дзіцяткам Езус і абраз св. Ганны з Марыяй і Езусам.
    Касцёл у Міхалішках дзейнічаў безупынна ў перыяд савецкай улады, хаця ў 1968–1990 гадах быў без святара, а апеку над ім трымаў Касцёльны камітэт. Выразам ацэнкі прыгажосці і каштоўнасці святыні стала ўключэнне яе ў спіс помнікаў архітэктуры сталага барока ў Беларусі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.