ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Чаму ён стаў ксяндзом? Пра пакліканне Францішка

З жыцця Касцёла

Папа ФранцішакЯк так здарылася, што хімік, які працаваў у лабараторыі, футбольны балельшчык і аматар танга стаў ксяндзом і распачаў шлях, які прывёў яго ў Апостальскую Сталіцу? Яго жыццё назаўсёды вызначыў адзін дзень...
Хорхе Марыі было тады 17 гадоў і разам з сябрамі ён збіраўся... уцячы з заняткаў. Гэта здарылася 21 верасня 1953 года. На паўднёвым паўшар’і гэта пачатак вясны і традыцыйны “дзень прагульшчыка”. Спачатку, аднак, як пабожны хлопец, добра выхаваны бабуляй, ён на хвіліну зайшоў у свой парафіяльны касцёл Сан-Хасэ ў раёне Флорэс па ал. Рывадаві, 6900. Убачыў, што ў канфесіянале сядзіць ксёндз, якога раней не ведаў. Адчуў нейкі імпульс і сам не ведае, чаму пачаў спавядацца.
“Падчас споведзі здарылася нешта дзіўнае, што я не мог апанаваць, так, нібы хтосьці знянацку ўдарыў мяне, калі я апусціў рукі. Раптам я ўсвядоміў, што Бог чакае мяне, што Ён чакаў мяне ўвесь час са сваёй любоўю і памяркоўнасцю. Калі я выйшаў з касцёла, я ўжо ведаў, што хачу стаць ксяндзом. Я не прагуляў заняткаў у гэты дзень. І хаця потым я скончыў школу, далей працаваў у лабараторыі, а ў семінарыю паступіў толькі праз 4 гады, я ўжо з таго моманту ведаў, што павінен стаць ксяндзом, – расказвае. – Тады я таксама зразумеў, што Бог заўсёды першы. Хтосьці можа Яго шукаць, але гэта Бог першы шукае гэтага чалавека. Хтосьці можа выйсці Яму насустрач, але гэта Бог выходзіць насустрач першым. Прароку Ераміі Бог сказаў, што з’яўляецца галінкай міндалю. А міндаль – гэта першая расліна, якая расцвітае вясной. Бог заўсёды любіць першым. Тады мяне ўразіла вялікая любоў, з якой Бог выйшаў мне насустрач”.
    Голас Бога 17-гадовы Хорхе Марыа пачуў так моцна, што ён вызначыў усю яго пазнейшую душпастарскую працу. Праз шмат гадоў, калі стаў біскупам, сваім дэвізам ён выбраў цытату з працы св. Беды Вялебнага, які жыў на мяжы VII i VIII стст., англасакскага бенедыкцінца. Цытата апісвала пакліканне апостала Мацвея Езусам такім чынам, што яна прыгадала біскупу Берголіа хвіліну яго ўласнага паклікання: “Miserando atque eligendo” (Паглядзеў на яго з міласэрнай любоўю, ужо прадбачыўшы яго абранне).
    “Менавіта так было са мной тады, у маім парафіяльным касцёле ў раёне Флорэс. Бог паглядзеў на мяне з міласэрнасцю і выбраў мяне. Гэта цяпер таксама мой душпастарскі дэвіз. Менавіта так я хачу паводзіць сябе з людзьмі, пераймаючы Пана. Я хачу глядзець на іх з міласэрнай любоўю, нібы выбіраючы іх для Яго. «Бог толькі просіць цябе, каб ты дазволіў сябе любіць, каб не адштурхнуў гэтую любоў», – так я адчуў гэта падчас той споведзі і хачу перадаваць гэта людзям”, – расказвае кардынал Берголіа ў кнізе “Езуіт”.
    Той святар, ксёндз Дуартэ, да сённяшняга дня застаўся ва ўдзячных малітвах Папы. А падчас інаўгурацыі Пантыфікату мела месца незвычайнае супадзенне, якое моцна звязала духоўнае жыццё Францішка. Яго парафіяльны касцёл насіў тытул Сан-Хосэ, г.зн. св. Юзафа. Там 17-гадовы Хорхе Марыа Берголіа пачуў голас Бога, які яго клікаў. Св. Імша інаўгурацыі Пантыфікату адбылася амаль на 60 гадоў пазней, таксама перад самым пачаткам вясны, але ў паўночным паўшар’і, а таму ў сакавіку. Дакладна – 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, заступніка яго першага парафіяльнага касцёла. Новы Папа асобе апекуна Марыі і Езуса прысвяціў вялікую частку сваёй гаміліі. Напэўна, ён тады вяртаўся ў думках да таго першага дня вясны 60 гадоў таму.
   
    Найважнейшая асоба ў жыцці
    Сёння Францішак з перс­пектывы многіх гадоў ацэньвае, што самым важным чалавекам не толькі ў яго маладосці, але і ва ўсім яго жыцці была бабуля Роза. Гэта яна, традыцыйная і пабожная гаспадыня з паўночнай Італіі, у самай значнай ступені сфарміравала яго індывідуальнасць і пабожнасць. Яна таксама была яго сардэчнай сяброўкай.
    Папа да сённяшняга дня з расчуленасцю ўспамінае парады, якія яна яму давала, і тое, што яна заўсёды яго падтрымлівала. “Я ніколі не забудуся таго, як яна адрэагавала на маё рашэнне аб паступленні ў духоўную семінарыю. Яна сказала: «Калі Бог цябе кліча, то Ён гэта паблаславіць. Але не забудзь, калі ласка, што дзверы дома заўсёды для цябе адчынены і што ніхто не зробіць табе ніякай заўвагі, калі ты вырашыш вярнуцца». Гэтыя словы не толькі дадалі мне бадзёрасці. Яны заўсёды прыгадваюцца мне, калі да мяне прыходзіць хтосьці, каго чакае прыняцце важнага жыццёвага рашэння і хто чакае ад мяне парады. Я стараюся да гэтага падысці так, як гэта тады зрабіла мая бабуля. Гэта была для мяне вялікая навука”, – прызнаецца Папа.
    Да сённяшняга дня ў Брэвіярыі, які ён носіць з сабой, ляжаць пісьмы, якія яна яму пісала ў розныя перыяды жыцця. “Я асабліва цаню гэтае, з 1967 года, якое яна напісала напалову па-італьянску, а напалову па-іспанску. Яна падрыхтавала яго на ўрачыстасць маіх святарскіх пасвячэнняў на два гады раней, бо баялася, што можа не дажыць да гэтай хвіліны. Яна папрасіла, каб мне ўручылі пісьмо разам з падарункам, які таксама падрыхтавала загадзя. Яна шчасліва дажыла і змагла асабіста ўручыць мне як пісьмо, так і падарунак”, – расказвае Папа, выцягваючы з Брэвіярыя пажоўклы лісточак і з узрушанасцю чытаючы: “У гэты цудоўны дзень, калі ты можаш трымаць у сваіх асвечаных руках Хрыста Збаўцу і калі перад табой адкрываецца шырокая дарога да самага глыбокага апостальства, я дару табе гэты сціплы падарунак, які мае не вельмі вялікую матэрыяльную каштоўнасць, але такую значную духоўную”.
    У іншым месцы Брэвіярыя Францішак хавае складзены лісток з запаветам бабулі. Франчэсцы Амбрагеці і Сергіа Рубіну, аўтарам кнігі “Езуіт”, выдадзенай у 2010 г., Папа прачытаў яго фрагмент: “Каб мае ўнукі, якім я аддала самае лепшае, што мела ў сваім сэрцы, мелі доўгае і шчаслівае жыццё. Але калі аднойчы боль, хвароба ці страта любімага чалавека ахінуць іх у роспач, няхай памятаюць, што адзін уздых у бок табернакулюма, дзе знаходзіцца найбольшы і самы годны Мучанік, і адзін позірк на Марыю каля падножжа крыжа могуць учыніць так, што сыдзе на іх кропля бальзаму, які загойвае самыя глыбокія і самыя балючыя раны”.

Фрагменты з кнігі “Францішак.
Папа з краю свету”,
выдадзенай езуіцкім Выдавецтвам ВАМ
і “Gościem Niedzielnym”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.