ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Чаму хрысціянін не можа займацца ёгай

На шляху да святасці

У сучасным XXI стагоддзі, стагоддзі паўсюднай камп’ютарызацыі і тэхнічнага прагрэсу, чалавек пачынае шукаць сродкі і хобі, якія б дапамаглі яму духоўна адпачыць і, пры гэтым, набрацца фізічных сіл. Хрысціянства па сваёй сутнасці накіравана, перш за ўсё, на духоўную дапамогу чалавеку, але, на жаль, ва ўсім свеце, і нават сярод хрысціян, расце зацікаўленасць ёгай. А гэтая зацікаўленасць з часам пашыраецца на іншыя сферы, звязаныя з ізатэрыкай і Нью Эйдж, такія, як рэінкарнацыя (паўторнае нараджэнне душы ў іншым целе), акупрэсуса (індуісцкі метад, які заключаецца ў праколванні спецыяльнымі іголкамі пэўных месцаў на целе), акупунктура (кітайскі метад, які палягае на ўвядзенні ў спецыяльныя пункты на целе вельмі тонкіх і далікатных іголак), рэфлексалогія (метад, які заключаецца ў масажы пунктаў на ступнях, далонях ці твары пацыента), а таксама іншыя наўпрост антыхрысціянскія метады, супраць якіх Ватыкан перасцерагаў у дакуменце “Езус Хрыстус – даўца жывой вады”.
Сёння для некаторых людзей ёга з’яўляецца метадам адпачынку і зняцця напружання, для іншых яна становіцца формай практыкавання, якое паляпшае фізічны стан. Яшчэ для кагосьці гэта ўяўны спосаб лячэння ці ацалення ад хваробы. А ў сувязі з гэтым існуе дастаткова шмат няяснасцей ў свядомасці людзей, у тым ліку і веруючых, паколькі ёга ў такой форме, у якой яна прадстаўлена сёння, не з’яўляецца толькі справай здароўя ці толькі духоўнай сферай, яна змяшчае ў сабе іх абедзве. Па сутнасці кажучы, ёга, як правіла, звязана менавіта з духоўнай сферай.
    Такім чынам, што ж такое ёга?
    Слова “ёга” азначае “паяднанне”. Яе мэтай з’яўляецца паяднанне твайго пераходнага “я” – Джыва з бясконцым Брахман – індуісцкай ідэяй бога. Бог тут не з’яўляецца асабовым богам, гэта нешта безасабовае. Брахман безасабовы, які ўсё пранікае і ляжыць у аснове ўсяго. Ёга сягае каранямі да індуісцкіх упанішадаў, якія паходзяць з 1000 г. да нараджэння Хрыста і ў якіх гаворыцца, што “Абсалют знаходзіцца ў табе”, – яны проста спрабуюць пераканаць, што чалавек сам для сябе бог. Боства жыве ў кожным з нас праз свайго “прадстаўніка”, індывідуальнае “я”, якое называецца Джыва. Варта таксама ведаць, што ёга – гэта не толькі развітая сістэма фізічных практыкаванняў. Гэта, у першую чаргу, духоўная дысцыпліна, якая мае на мэце прывесці душу да самадхі, ці абсалютнага паяднання з богам. Самадхі – гэта стан, у якім тое, што натуральнае, і тое, што боскае, становіцца адзіным, няма розніцы паміж чалавекам і богам.
    Вядома, што гэтая кропка гледжання цалкам несумяшчальная з хрысціянствам, дзе ёсць яснае размежаванне паміж Стварыцелем – Богам і чалавекам. У хрысціянстве Бог ніколі не можа стаць маім “я”. Часам здараецца, што некаторыя папулярызатары ёгі і іншых практык гэтага тыпу памылкова спасылаюцца на вырваныя з кантэксту цытаты з Бібліі, каб падмацаваць свае аргументы. Яны цытуюць: “Вы з’яўляецеся святыняй Бога”, “Жывая вада выплыне з цябе”, “Вы будзеце ўва Мне, а Я ў вас”, “Жыву не я, але жыве ўва мне Хрыстос”, не разумеючы кантэксту і значэння, якое гэтыя словы маюць у Бібліі. Ёсць нават людзі, якія паказваюць Езуса як ёга – сёння можна ўбачыць такія абразы Езуса, які медытуе ў позе ёга.
    Ёга супярэчыць хрысціянскай духоўнасці, паколькі яна пантэістычная (бог ёсць усё, і ўсё ёсць бог) і сцвярджае, што з’яўляецца адзінай рэчаіснасцю, а ўсё іншае – гэта ілюзія (майя). Калі існуе толькі адна абсалютная рэчаіснасць, а ўсё астатняе – ілюзія, то на свеце няма ніякіх адносін паміж людзьмі, у тым ліку і любові як сутнасці чалавека. У цэнтры хрысціянства стаіць вера ў Найсвяцейшую Тройцу: Айца, Сына і Святога Духа – дасканалая мадэль хрысціянскай любові. “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім” – гучыць першая і самая важная запаведзь хрысціянства. Другая падобная на яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”.
    На жаль, ёга ўсё інтэнсіўней распаўсюджваецца па ўсім свеце. Яе называюць навукай, хоць яна не з’яўляецца ніякай навукай. Яе называюць “рэлаксацыйнай тэрапіяй”, “аўтагіпнозам”, “крэатыўнай візуалізацыяй” і г.д.
    Жаданне стаць як Бог, з’яўляецца першым грахом першых людзей, паводле напісанага ў Бібліі. Адной з канцэпцый філасофіі і практыкі ёгі з’яўляецца вера ў тое, што чалавек і бог – адно цэлае. Ёга вучыць засяроджвацца на сабе, а не на Адзіным Сапраўдным Богу. Ёга заахвочвае шукаць адказы на жыццёвыя пытанні і праблемы ўнутры сябе, у сваім розуме, свядомасці, замест таго, каб шукаць вырашэння ў Богу, у Яго слове праз Святога Духа, як гэта адбываецца ў хрысціянстве. Бясспрэчна, што ёга адкрывае нас на падман з боку таго, хто з’яўляецца ворагам Бога, г.зн. на дзейнасць злога духа.
    Некаторыя кажуць: “Няма нічога дрэннага ў практыцы ёгі, дастаткова проста не верыць у філасофію, якая за гэтым стаіць”. Прапагандысты ёгі самі вельмі ясна сцвярджаюць, што філасофія і практыка неаддзельныя адна ад адной. Таму хрысціянін ні ў якім разе не можа прымаць ні філасофію, ні практыку ёгі, бо хрысціянства і ёга ўзаемавыключальныя. У адрозненне ад ёгі, хрысціянства ўспрымае збаўленне як дар, які можна прыняць, але нельга заслужыць ці атрымаць дзякуючы ўласным намаганням. Тое, чаго сёння патрабуе чалавек, гэта абвяшчэнне Хрыста з сілай, абвяшчэнне паслання Хрыста, якое заключана ў Святым Пісанні і інтэрпрэтуецца Касцёлам, каб развеяць усе сумненні і збянтэжанасць, засеяныя сярод людзей, каб прывесці іх да Таго, хто з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём – да Езуса Хрыста, адзінай Праўды, якая мае моц, каб дапамагчы нам і вызваліць нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.