ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Як Джоні трапіў у бяду

Дзіцячы куточак

Джоні – маленькае ільвяня – гуляў па афрыканскай саванне, атрымліваючы асалоду ад цёплых сонечных промняў. Джоні гарэзліва падскокваў і збіваў з галінак дрэў кропелькі, пакінутыя свежым ранішнім дожджыкам, любаваўся рознакаляровымі матылькамі і спрабаваў злавіць сонечных зайчыкаў, якія раз-пораз мільгалі паміж кустамі. Джоні нікога не баяўся ў саванне, бо ён быў у сябе дома і не меў ворагаў. Ды і хто захоча наклікаць на сябе непрыемнасці з боку каралеўскай сям’і львоў?
    Джоні бег, спяваючы вясёлую песеньку. Ён і не заўважыў, як наступіў усімі чатырма лапкамі на свежыя галінкі, што прыкрывалі глыбокую яму – пастку, зробленую паляўнічымі.
    – А-а-а! – закрычаў Джоні, валячыся ўніз. Ён разоў пяць перакуліўся ў паветры, пакуль не стукнуўся ілбом аб дно ямы, а зверху на яго пасыпалася лістота з галінак, якія прыкрывалі яе.
    – Дапамажыце! Выратуйце! – з усіх сіл крычаў Джоні.
    Першым яго пачуў даўганогі страус. Ён падышоў да ямы і зазірнуў у яе.
    – Джоні, гэта ты? – спалохаўся ён. – Малодшы каралеўскі сын! Вось бяда!
    – Паклічце, калі ласка, маіх маму і тату, – жаласна папрасіў Джоні. – Самому мне не выбрацца з ямы.
    Страус ведаў, што адразу пасля абеду львы спяць, і яны не любяць, калі іх турбуюць. Але нічога не зробіш, трэба дапамагчы Джоні. І страус вельмі хутка пабег, каб паклікаць бацькоў Джоні.
Праз некаторы час прыбеглі львы, усё іх шматлікае сямейства, і не толькі яны. Слых пра бяду, якая здарылася з Джоні, хутка распаўсюдзіўся па ўсёй саванне, і неўзабаве многія дзікія звяры апынуліся каля ямы. Кожны хацеў дапамагчы маленькаму Джоні, але не ведаў як.
    – Давайце, я паспрабую, – прапанаваў слон. Ён падышоў да самага краю ямы, устаў на калені і апусціў у яе свой хобат. Але, на жаль, яма была настолькі глыбокай, што слон не змог дацягнуцца да Джоні.
    Усе зноў засумавалі. Што ж рабіць?
    І тут з-пад зямлі выскачыў крот Яўхім. Ён быў такі маленькі, што на яго ніхто нават не звярнуў увагі. Яны з Джоні былі сябрамі, разам часта гулялі ў хованкі, а зараз Джоні трапіў у бяду.
    Але тут нечакана ў галаву Яўхіму прыйшла думка: “Ага, тут недалёка ёсць возера, калі я пракапаю тунэль ад возера да ямы, то вада напоўніць яму, падніме Джоні, і ён будзе выратаваны. Толькі трэба спяшацца”. І Яўхімка пабег да возера.
    Скончыўся дзень, прайшла ноч, наступіў світанак. У кожную хвіліну маглі з’явіцца паляўнічыя... Некаторыя звяры ўжо пачалі губляць надзею, што можна выратаваць Джоні, які на дне ямы ціха плакаў. Мама Джоні ў роспачы ляжала каля ямы, спрабуючы суцешыць свайго сына, а тата безупынна хадзіў і хадзіў, не ведаючы, як яму дапамагчы.
    Раптам з ямы пачуўся нейкі шум. Звяры, якія знаходзіліся каля ямы, падышлі бліжэй і ўбачылі, што з боку ў яме сыплецца зямля. У ёй з’явілася адтуліна, з якой паказалася галава Яўхіма, і ледзь ён паспеў саскочыць на дно ямы, як з адтуліны лінула вада.
    – Глядзіце, глядзіце, вада! Гэты нягоднік хоча ўтапіць Джоні! – закрычалі звяры.
    – Ну, пачакай! Ты ў нас яшчэ атрымаеш! – завылі гіены.
    – Ты ад нас не ўцячэш! Мы цябе з-пад зямлі дастанем! – загаласілі грыфоны.
    – Мы тут хочам дапамагчы ільвяняці, а ён утапіць яго ўздумаў! – абурыліся сланы.
    Крот Яўхім не звяртаў на гоман ніякай увагі.
    – Джоні, цяпер усё залежыць ад цябе. Паспрабуй заставацца на паверхні вады, яна падніме цябе, і ты зможаш выбрацца з ямы.
    – Не хвалюйся за мяне, я спраўлюся! – закрычаў Джоні і тут жа з трывогай паглядзеў на свайго сябра.
    – Яўхімка, ты ж не ўмееш плаваць! – з непакоем ускрыкнуў Джоні. – Лезь да мяне на спіну.
    Вада прыбывала і прыбывала, паднімаючы сяброў усё вышэй і вышэй. Нарэшце слон падхапіў Джоні сваім доўгім хобатам і выцягнуў з ямы.
    – Ура!!! – узрадаваліся звяры і птушкі.
    – Мама! Тата! – закрычаў Джоні і разам з Яўхімам на спіне пабег абдымаць бацькоў. Ён быў такі шчаслівы.
    – А нам здалося, што крот хоча цябе ўтапіць, – здзіўляліся звяры.
    – Судзіць трэба не толькі па ўчынку, – сказала мама Джоні, мудрая львіца. Яны не маглі б пакрыўдзіць адзін аднаго, бо калі яны сапраўдныя сябры, то заўсёды жадаюць адзін аднаму толькі дабра.
    Бацькі Джоні падзякавалі Яўхіму і запрасілі яго ў госці.
    – Заходзь да нас часцей. Мы будзем заўсёды рады бачыць цябе, нават пасля абеду, калі ўся наша сям’я адпачывае.
    І ўзрадаваныя звяры разы­шліся па ўсёй саванне, здзіўляючыся даверу, адвазе і мужнасці сяброў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.